Пакуль вы тут фігнёй нейкай займаецеся: палітвязні там, блакіроўкі сайтаў, паліцэйская дзяржава нейкая, лідары нацыянал-хрысціянскай апазіцыі падымаюць сапраўды важныя для краіны пытанні.
Павал Севярынец праз аргкамітэт БХД, выказаўся: “Летась напрыканцы кастрычніка выходжу з метро на «Пушкінскай» — То тут, то там гурбы падлеткаў, размаляваных чарцямі. Бегаюць, равуць, ашчэрваюцца на мінакоў. Не зразумееш, жартам ці не, бо некаторыя відавочна п’яныя ці абкураныя…. Маскі, гарбузы, хэлоўінскія вечарыны, пік злачынстваў, учыненых пад спайсамі… Хто-небудзь можа патлумачыць, чаму пад маркай колішняга Дня ўсіх святых адбываецца масавае адурэнне тынэйджараў і адзначаецца Дзень усіх чарцей?
У Беларусі гэта заўсёды быў час Дзядоў. Ціхі, сумны і светлы. Саветы затоптвалі яго «Седьмым ноября», днём крывавай рэвалюцыі і велічэзных дэманстрацыяў. Зусім побач — расстрэльны дзень 1937-га, калі гэбісты адным махам вынішчылі сто прадстаўнікоў нашай нацыянальнай інтэлігенцыі.”
Ізноў, ужо з апазіцыйнага боку, нам прапануюць духоўныя скрэпы, толькі ў іншай абёртцы. Мне дагэтуль цяжка зразумець, чаму многім так пячэ пячэ ад таго, што нехта прытрымліваецца іншых культурных традыцый? Так, мне таксама не асабліва даспадобы гэты Хэлоўін: модная фішка, што не мае ў Беларусі культурных каранёў, але скажыце мне, што страшнага здарыцца ў Беларусі, калі моладзь будзе яе святкаваць? Што за праблему вы самі сабе выдумляеце? Якая вам справа да таго, што нехта з гарбузамі бегае? Ці ў краіне ўжо няма больш сур’ёзных бед чым тое, што падлеткі раз на год сябе размалёўваюць?