У любога нармальнага чалавека хлусня выклікае агіду. І чым больш шматузроўневая, падступная і нахабная гэтая хлусня – тым больш пратэстуе сумленне любога адэкватнага чалавека: ЯК такое можна рабіць?
Адным з самых распаўсюджаных відаў хлусні на дзяржаўным узроўні з’яўляецца стварэнне “пацёмкінскіх вёсак” – элементаў выдуманага свету, адрэтушаванай і прыгожай мярзотнасці, перавёрнутай з ног да галаву рэчаіснасці. Дарэчы, заўважылі, колькі ў гэтай справы сінонімаў у расейскай мове? “Показуха”, “очковтирательство”, “туфта”…
Прачытаў, вось, нашыя вельможные бояре вырашылі спусціцца з высокадзяржаўных нябёсаў, і праведаць як там жыве чэрнь.
“Члены грамадскай рады пры МУС” (бачыце, аказваецца і такая ёсць!), сярод якіх — старшыня БТ, вядомы прыдворны халуй Генадзь Давыдзька, і спявачка ротам Ірына Дарафеева праведалі турму №4 горада Магілёва. Мужчыны ў дарагіх пінжаках і жанчыны ў шубах, з усмешачкамі на тварах і скурай, што ласніцца ад касметыкі, паблажліва прайшліся па калідорах Турмы №4, магілёўскай крытай, дзе акрамя падследчых і падазроных пахаваныя зажыва каля 200 чалавек, прысуджаных да г.зв. “турэмнага рэжыму”.
Бояре засталіся вельмі задаволенымі гуманнымі, нават занадта гуманнымі ўмовамі ўтрымання “тых, хто, магчыма, і не заслугоўвае такога догляду” (цытата аднаго з наведвальнікаў). “Ніякіх абмежаванняў правоў або чагосьці падобнага мы тут не ўбачылі” – дадаў ён. Харчаванне, сказала спявачка ротам, “на найвышэйшым узроўні, як у рэстаранах”. Ну і яшчэ шмат такога.
Гэтую навіну на Нашай Ніве можна было б прагартаць і забыцца, калі б муры магілёўскай крытай не адабралі ў мяне 2,5 гады жыцця.
Усяго некалькі цікавых фактаў аб “рэстараннай ежы”, “гуманным абыхожданні”:
1. Штрафны ізалятар знаходзіцца ў падвале. У вуглавой камеры сырасць такая, што шчалін драўлянай падлогі паўзуць чэрві. Прыходзіцца іх назад заганяць, шчаліны затыкаць нечым.
2. Позняй вясной і летам, калі ў турмы няма гародніны, 5 дзён з 7-мі зэкаў штодзень кормяць ПЕРЛОВАЙ КАШАЙ. Катлеты і кампот, пра які пішуць халуі з БТ – гэта прыкладна як DVD у Асвенцыме.
3. Зіма. Вуглавая камера №150 ў адным з карпусоў. Дваццаць чатыры гадзіны ў дзень знаходзішся ў целагрэйцы. На вуглу камеры, там дзе сцяна сходзіцца з падлогай – лядзяш паўметра высатой. Ён ніколе не растае.
4. Памятаю як мінімум 3 выпадкі, калі ахоўнкі ў масках (“масачнікі” мы іх называлі) білі зэкаў за адмову выконваць зневажальныя загады. Каб не было чуваць крыкаў, утасківаюць на “зборку” – прыёмна-размеркавальныя памяшканні.
Мужчыну ў форме на першай фотцы я выдатна ведаю. Гэта начальнік турмы Аляксандр Уладзіміравіч Дзмітроў – той самы, які за неправільную форму адзення выпісаў мне за 2,5 года прыкладна тры месяцы штрафнога ізалятару. Талковы службовец, стараны, на працы ўдзень і ўначы. І калі прыйдзе час Давыдзькам пераехаць надоўга у гэтыя утульныя камеры, можаце не сумнявацца, ён і ім забяспечыць усе даброты і гуманізм “в соответствии с действующим законодательством”. А што, няхай пасядзяць, тым больш катлеткамі ж кормяць. Як у рэстаране.