Пакуль вы тут фігнёй нейкай займаецеся: палітвязні там, блакіроўкі сайтаў, паліцэйская дзяржава нейкая, лідары нацыянал-хрысціянскай апазіцыі падымаюць сапраўды важныя для краіны пытанні.
Павал Севярынец праз аргкамітэт БХД, выказаўся: “Летась напрыканцы кастрычніка выходжу з метро на «Пушкінскай» — То тут, то там гурбы падлеткаў, размаляваных чарцямі. Бегаюць, равуць, ашчэрваюцца на мінакоў. Не зразумееш, жартам ці не, бо некаторыя відавочна п’яныя ці абкураныя…. Маскі, гарбузы, хэлоўінскія вечарыны, пік злачынстваў, учыненых пад спайсамі… Хто-небудзь можа патлумачыць, чаму пад маркай колішняга Дня ўсіх святых адбываецца масавае адурэнне тынэйджараў і адзначаецца Дзень усіх чарцей?
У Беларусі гэта заўсёды быў час Дзядоў. Ціхі, сумны і светлы. Саветы затоптвалі яго «Седьмым ноября», днём крывавай рэвалюцыі і велічэзных дэманстрацыяў. Зусім побач — расстрэльны дзень 1937-га, калі гэбісты адным махам вынішчылі сто прадстаўнікоў нашай нацыянальнай інтэлігенцыі.”
Ізноў, ужо з апазіцыйнага боку, нам прапануюць духоўныя скрэпы, толькі ў іншай абёртцы. Мне дагэтуль цяжка зразумець, чаму многім так пячэ пячэ ад таго, што нехта прытрымліваецца іншых культурных традыцый? Так, мне таксама не асабліва даспадобы гэты Хэлоўін: модная фішка, што не мае ў Беларусі культурных каранёў, але скажыце мне, што страшнага здарыцца ў Беларусі, калі моладзь будзе яе святкаваць? Што за праблему вы самі сабе выдумляеце? Якая вам справа да таго, што нехта з гарбузамі бегае? Ці ў краіне ўжо няма больш сур’ёзных бед чым тое, што падлеткі раз на год сябе размалёўваюць?
Спадар Севярынец, як, і многія іншыя хрысціянскія фундаменталісты, лічыць сябе змагаром з саўком. Давайце зараз параўнаем ягонае выказванне з прапагандысцкім фельетонам 1949 года, апублікаваным у савецкім журнале:
“Стилягами называют сами себя подобные типы, на своём птичьем языке. Они, видите ли, выработали свой особый стиль в одежде, в разговорах, в манерах. Главное в их «стиле» – не походить на обыкновенных людей. И, как видите, в подобном стремлении они доходят до нелепостей, до абсурда. Стиляга знаком с модами всех стран и времён, но не знает, как мы могли убедиться, Грибоедова. Он детально изучил все фоксы, танго, румбы, линды, но Мичурина путает с Менделеевым и астрономию с гастрономией. Он знает наизусть все арии из «Сильвы» и «Марицы», но не знает, кто создал оперы «Иван Сусанин» и «Князь Игорь». Стиляги не живут в полном и в нашем понятии этого слова, а, как бы сказать, порхают по поверхности жизни… Но посмотрите.
Я и сам давно заметил, что стиляга с Мумочкой под музыку обычных танцев – вальса, краковяка – делают какие-то ужасно сложные и нелепые движения, одинаково похожие и на канкан, и на пляску дикарей с Огненной Земли. Кривляются они с упоительным старанием прямо в центре круга.”
О, гэты непаўторны стыль! Адчуваеце падабенства? І там і там: азлобленая нецярпімасць да непадобнага, незразумелага. І там і там – абразлівыя ярлыкі (“пад спайсамі”, “абкураныя”, “дікарі”). І там і там – унылае маралізатарства: “Свайго не ведаюць,нягоднікі, а да іншаземнага цягнуцца!” ЯК ПАСМЕЛІ весяліцца пасля ўсяго двух дзён з гадавіны расстрэлу 80-гадовай даўніны? Блюзнеры!
Я ўвогуле зараз не разумею, чым Севярынцу не падабаецца савок? Там усё было па-ягонаму: цнатлівасць, скрепы і ніякіх хістанняў да чуждай культуры.
Адное што застаецца – парадавацца за моладзь. Як 25 гадоў таму нефармалы ігнаравалі і высмейвалі спробы навязаць імі партыйна-камуністычны афіцыёз з нуднымі нормамі і рамкамі, гэтаксама і сёння для заклікі біцца ілбом аб падлогу дзеля захавання ханжаскіх клерыкальных скреп – не больш чым пусты гук.
p.s. Прашу Паўла Севярынца, які наверняка прачытае гэты пост, разумець яго не як асабісты выпад, а як крытыку поглядаў.