Послушаешь вот такой подкаст и понимаешь, что в России бескровная смена власти невозможна в принципе.
https://soundcloud.com/team_29/gorelovo
Мір, каханне, кактэль молатава.
September 7th, 2019 — Аб усім, Бягучыя навіны
Послушаешь вот такой подкаст и понимаешь, что в России бескровная смена власти невозможна в принципе.
https://soundcloud.com/team_29/gorelovo
September 6th, 2019 — Бягучыя навіны, Палітыка
Пасля нарады ў Лукашэнка міністр МУС Караеў заявіў, што ад сённяшняга дню міліцыя будзе больш уважлівая да зваротаў грамадзян адносна парушэнняў правоў чалавека, а таксама будзе больш адказна рэагаваць на публікацыі аб мянтоўскім бязмежжы ў СМІ. «У тым ліку і ў незалежных і апазіцыйных СМІ, бо аднекуль жа яны гэтыя матэрыялы бяруць і не ўсе яны прыдуманыя альбо паклёп».
Тое што міністр МУС, па-першае, прызнаў наяўнасць у Беларусі незалежных СМІ а па-другое, прызнаў пазітыўную ролю «апазіцыйных СМІ» у грамадстве гэта, канешне прэцэдэнт і дзіва. Я, праўда, не схільны шукаць у гэтым нейкую канспіралогію альбо «знакі». Хутчэй за ўсё сённяшні міністр проста не такі адбіты на ўсю галаву, як папярэдні, ды і, стоадсоткава, сам чытае Нехту, Белсат ці Свабоду. Аднак, канешне, вельмі забаўны момант: дэ-факта ён прызнаў, што дзяржаўныя СМІ, якія жывуць за грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў, не займаюцца асвятленнем праблемы міліцэйскіх злоўжыванняў. Затое імі займаюцца СМІ, якія жывуць за грошы падаткаплацельшчыкаў Еўразвязу. Цікава, ці рэфлексуе ён на гэтую тэму? Ці робіць з гэтага нейкія лагічныя высновы аб сутнасці рэжыму, якому ён служыць?
Ну ды ладна. Куды больш цікава, што тэма «паставім абарзеўшых ментоў на месца» усё актыўней педаліруецца прэзідэнтам. Правыя тыя, хто кажа, што гэта перадвыбарны піяр. Аднак важна і тое, чаму ў якасці перадвыбарнага перніку грамадству быў абраны менавіта гэты. Адказ просты, і яго яшчэ да мяне агучыў Шрайбман: на іншыя пернікі проста няма грошай. Папіццот ёсць на паперы, але не для большасці грамадзян Беларусі. ВУП не расце, новыя прадпрыемствы калі і адкрываюцца то толькі для таго каб выклікаць шал і пратэсты мясцовых жыхароў. У знешняй палітыцы пахвастацца няма чым: захоўваецца пагроза незалежнасці. Таму адзінае, што зараз можа выставіць Лукашэнка на свой электаральны прылавак гэта справядлівасць у дачыненні да «злых баяраў».
Ключавы момант тут у тым, што ўсе гэтыя захады былі і застануцца імітацыяй справядлівасці і прававой дзяржавы. Будзе шмат заяваў, дэкларацый, вылупленных вочаў і раздзьмутых вусоў на службовых нарадах. Будзе нават некалькі паказальных ахвяраў (як, напрыклад, капітан, якому далі 10 год за правакацыі па 328), але сутнасць сістэмы не зменіцца. Прычына простая: сістэма МУС, якая будзе дзейнічаць з улікам правоў чалавека і ў абмежаваных прававых рамках, не зможа выконваць карна-палітычныя функцыі, якія неабходныя для захавання рэжыму. Інакш кажучы, «добрая міліцыя» не зможа забяспечыць панаванне Лукашэнка і ягонай эліты, не зможа гарантаваць захавання ягонай маёмасці і прывілеяў. Яна будзе неэфектыўная ў тым, пад што затачвалася Лукашэнкам цягам многіх гадоў.
Адзіная добрая міліцыя – гэта неадасобленая ад народу дэцэнтралізаваная структура дабраахвотна узброеных людзей: празрыстая, падкантрольная, і таму адказная. Аднак гэта ўжо асобная тэма.
September 5th, 2019 — Бягучыя навіны, Палітыка
Самазваны лідар кампаніі ProtestBY Дзяніс Ціханенка ў разборках з пратэстным актывам запосціў тэкст, у якім прыгадваюцца анархісты. Я перачытаў некалькі разоў і не паверыў сваім вачам, настолькі напісанае было смешным і абсурдным. Гэты таварыш кажа, што анархістам ЗАПРЕЩАЕТСЯ ўдзельнічаць у мерапрыемстве ў масках. Гэта ён так вырашыў, ага.
Адразу акрэслю: я не ўдзельнічаю ў кампаніі PratestBY, і хутчэй за ўсё мяне не будзе на названым мітынгу (не таму што не падтрымліваю, а таму што заняты іншымі праектамі). Не ведаю нават ці будзе на гэтым мітынгу анарха-блок. Аднак тут той рэдкі выпадак калі я, бадай, магу сказаць за ўсіх анархістаў (чаго звычайна не раблю):
1. Дзяніс Ціханенка, анархісты не прасілі і не будуць прасіць у цябе дазволу апрануць маскі. І на тваё меркаванне ім пляваць. Таму тваё ЗАПРЕЩАЕТСЯ проста пазбаўлена сэнсу. Можаш акрамя капслока вылучыць яго тлустым курсівам – ад гэтага нічога не зменіцца.
2. Дзяніс Ціханенка, што ты будзеш рабіць, калі анархісты (у выпадку калі яны вырашаць наведаць мерапрыемства) усё ж апрануць маскі? Выганіш іх? Здасі міліцыі? Хацеў бы я на гэта паглядзець.
3. Дзяніс Ціханенка, анархісты не тыя людзі, якім ты будзеш нешта ўказваць. Калі ўжо яны не слухаюцца дзяржаву з усімі яе законамі, то цябе не паслухаюцца і падаўна. Не смяшы народ, Дзяніс Ціханенка.
Анархісты гэта людзі, якія не абмяжоўваюць свае дзеянні межамі закона, хаця б таму што гэтыя законы прыняты без усялякага іхняга ўдзелу а таксама служаць мэтам вузкай групы людзей. І плацяць за гэта высокую цану. Нашэнне масак для анархістаў – гэта сродак пазбегнуць дэананімізацыі, і як след, фактар асабістай бяспекі.
Асобна хачу адзначыць: пратэстны рух, які спрабуе дагадзіць дзяржаве, бяжыць наперадзе цягніку, пазбаўляючы сваіх удзельнікаў права на ананімнасць, права на непадпарадкаванне – вырачаны на здраду і дэградацыю. Тым больш у аўтарытарнай дзяржаве, дзе любы пратэст апрыёры пастаўлены па-за законам.
І варта памятаць: у Беларусі ж усе паспяховыя пратэсты былі заўсёды так ці інакш звязаныя з працяглым і прамым парушэннем закона (пратэсты супраць АКБ, дармаедскія пратэсты).
Любая дзяржава, маючы справу з нізавым пратэстным рухам першае што робіць гэта спрабуе падзялць яго па лініі “памяркоўныя-радыкалы”. І вось такія жэсты лаяльнасці з боку “лідараў” толькі спрыяюць падзелу. Далейшы сцэнар заўсёды адзіны: лідары ідуць на калабарацыю з уладай, асноўная маса атрымоўвае жалкую падачку, а самыя актыўныя адпраўляюцца ў топку рэпрэсій.
Таму раю Дзянісу не зарывацца і абраць, чаго ён усё ж-такі хоча ад жыцці: дапамагчы абудзіць народную актыўнасць ці заняць крэсла побач з Ганнай Канапацкай?
Зрэшты, не сумняюся, што актывісты самі разбяруцца, хто ёсць хто, і зробяць правільны выбар. Не дурні. Тым больш яны ж ужо неаднаразова лавілі Ціханенка на хлусні. Таму усім удзельнікам кампаніі – мае пажаданні стойкасці і мужнасці, а таксама заклік меней слухаць начальнікаў, болей раіцца між сабой. #вучобаважнейшая !
September 3rd, 2019 — Палітыка
Анархісцкі рух на сёння – адна з галоўных мішэняў спецслужбаў. Супраць яго стала дзейнічае цэлы аддзел ГУБАЗіКу, анархісцкія мерапрыемствы падаўляюцца з дапамогай СОБРу. Аднак так было не заўжды. Пачатак такой пільнай увагі быў пакладзены ў 2010 годзе, калі група “Сябры свабоды” спаліла аўтамабіль, які належаў расійскай амбасадзе – ды яшчэ на яе тэрыторыі.
Хутка пасля гэтага паследваў дыпламатычны скандал, указанне Лукашэнкі “разабрацца” і масштабная паліцэйская спецаперацыя супраць анархісцкага руху: вобшукі і арышты адбываліся па ўсей краіне. Крымінальная справа па выніку следства склала 10 тамоў.
Чытайце самы добры лонгрыд, які я калісь сустракаў на гэтую тэматыку. Падрабязны разбор, храналогія падзеяў, а таксама высновы, якія мы для сябе зрабілі. Усім палітычным актывістам гэтыя веды вельмі згадзяцца: гэта ўнікальны антырэпрэсіўны і арганізатарскі досвед нізавога рэвалюцыйнага руху.
September 3rd, 2019 — Аб усім, Бягучыя навіны
Вось ужо не чакаў, што адваяваная студэнтамі саступка ў “Законе аб адтэрмінкоўках” згадзіцца і мне ў 31 год. Ваенком адстаў, атрымаўшы інфармацыю аб тым што я магістрант. Так што “обслуживать боевую технику” яны будуць як-небудзь самі. У гэты раз дробная (а магчыма і буйная) пакасць у ГУБАЗіКа не атрымалася.
August 29th, 2019 — Бягучыя навіны, Палітыка
Рэспубліканскі спіс мусарскіх матэрыялаў набраў ужо больш за 1 тыс. Пралядаў. Такім чынам можна ўпэўнена казаць: план ГУБАЗіКа па дыскрэдытацыі анархісцкага руху ў інтэрнэце цалкам праваліўся.
Нагадаю, Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў – табліца з акаўнтамі, старонкамі і каналамі ў сацсетках і месенджерах, якія выкарыстоўваюцца супрацоўнікамі міліцыі для шпіёнскай і правакатарскай працы супраць актывістаў.
Сёння дададзеныя два акаўнты і адзін канал у тэлеграме.
Я стварыў гэты спіс у сакавіку 2019, і на сёння ў ім больш за 50 пазіцый. Праглядзіце, і калі нехта з іх калісь уступаў з вамі ў кантакт, абавязкова напішыце мне.
August 28th, 2019 — Бягучыя навіны, Палітыка
August 28th, 2019 — Палітыка
Першым чынам, падпалкоўнік Будзіловіч Аляксандр Леанідавіч, які некалькі месяцаў слаў мне павестку, патрабаваў “прыйсці паразмаўляць”, пагражаў аб’явіць мяне ў вышук, сёння бачыцца са мной адмовіўся. На працоўным месцы у 14.20 яго не было, а калі яму патэлефанавалі сказаў што я яму “не патрэбны”, бачыць ён мяне не хоча і “хай прыходзіць 3 верасня”. Так што сёння супрацоўніцы камісарыяту назіралі нетыповуае відовішча: не прызыўнік хаваецца ад ваенкома, а ваенком ад прызыўніка 🙂
Сапраўды, 3 верасня адбываецца скліканне на ваенныя зборы, адкуль прызыўнікоў адразу павязуць у ваенную частку. Сапраўды, на вайсковыя зборы клікаюць раней не служыўшых і судзімых (але не студэнтаў-магістрантаў). Баявую падрыхтоўку там не праходзяць. На пытанне, чым буду займацца, адказалі: “обслуживать военную технику”. Нувыпонелі…
Буду трымаць вас у курсе.
August 26th, 2019 — Бягучыя навіны, Палітыка
Тым часам перадвыбарныя спробы адмыць імідж беларускай міліцыі не абмяжоўваюцца аднымі толькі «гістарычнымі» нарадамі Лукашэнка. АНТ выпусціла сюжэт у жанры «Адзін дзень з…» дзе расказвае пра нялёгкую працу Івана Кубракова – начальніка ГУУС Мінгарвыканкама. Я не паляніўся, паглядзеў.
Як звычайна, АНТ не абышлося без смешненькіх маніпуляцый. «Праведзены дзень» у іх уціснуўся ў 8-хвілінны сюжэт, што, мякка кажучы, ніяк не можа адлюстраваць рытм жыцця і заняткі асобы. У нармальных тэлеканалаў такі сюжэт займае 30-40 хвілін, а тое і некалькі выпускаў. Таксама не апраўдаліся прэтэнзіі на «спантаннасць» – куды б не паехаў Кубракоў з «раптоўнай інспекцыяй», яго ўжо на пад’ездах сустракалі падначаленыя навыцяжку. Ва ўсіх кабінетах – ідэальны парадак. Ну нічога дзіўнага, пацёмкінскія вёскі будаваць гэта для дзяржТБ справа звычная.
Звярнула ўвагу на сябе форма АМАПаўцаў, якія пад прыцэлам камер дэманстратыўна «адпрацоўвалі тактыку». На абмундзіраванні кожнага трохі нязвычны для нашага вока элемент – трохкутнік з нанесеным нумарам. Відавочна, маркіроўка для аблягчэння ідэнтыфікацыі у баі. Адкуль гэта ўзялося на форме нашых АМАПаўцаў? Хутчэй за ўсё – адаптацыя заходняга вопыту. Такую маркіроўку на сваіх супрацоўніках спецназа, якія займаюцца разгонам масавых акцый, выкарыстоўваюць германскія паліцыянты. І зусім не супадзеннем падаецца, што якраз германскія паліцэйскія у 2008-2011 гадах трэніравалі беларускі АМАП, які потым займаўся разгонам акцый пратэсту ў Мінску. Хацелі, каб Еўрасаюз дапамагаў Беларусі? Вось яна, дапамога, калі ласка.
У кадры быў паказаны супер-новы бронеаўтамабіль «Зубр», такі сакрэтны, што яго нават нельга паказваць знутры. Па словах Кубракова, непасрэдна ўдзельнічаў (!) у распрацоўцы аўтамабіля намеснік Балабы, Аляксей Аляксандравіч Тарасаў (цікава, гэта АМАПавец-аўтамеханік, ці АМАПавец-дызайнер?). Праўда, у рэчаіснасці аказалася што гэта ўсяго толькі адмыты і крыху апгрэйднуты пазадарожнік Ford.
Дзеля справядлівасці варта сказаць што не ўсё паказанае ў гэтым прапагандысцкім роліку – хлусня. Сапраўды, як кажа Кубракоў, нагрузка на шараговага міліцыянта «на нізе» – шалёная. Ну а як яны хацелі, свае 700 рублёў ад дзяржсістэмы трэба адпрацоўваць: цябе выціснуць як лімон. Не дарма там такая шалёная цякучка і такія частыя самазабойствы.
Не схлусіў начальнік мінскай міліцыі, думаю, і наконт таго што сыходзіць дамоў не раней за 21 гадзіну. Праца ў карных ворганах гэта амаль заўсёды развітанне з нармальным асабістым жыццём.
Падсумавалі свой сюжэт АНТшнікі надзвычай удала. «Самое большое достижение нашей милиции – отношение наших граждан» – шчыра прызнаўся Іван Кубракоў.
Сапраўды, лепей і не скажаш.
August 24th, 2019 — Бягучыя навіны, Палітыка
Пачытайце, як для таго каб уручыць павестку, за мной пусцілі цэлую пагоню па горадзе.
Учора, у свой Дзень народзінаў, вырашыў зайсці да маці. Яна жыве ля ст.м. Маладзёжная.
Тут трэба сказаць, што некалькі месяцаў таму ГУБАЗаўцы вынайшлі новы спосаб капаць мне на мазгі і ствараць, як ім падаецца, псіхалагічную напругу. А менавіта, пнулі мой раённы ваенкамат, каб той выдаў мне ваенны білет. І пачалося: на адрас, дзе жыве мая маці, пасыпаліся павесткі, прыходзіць нейкія незразумелыя людзі, прапановы прыйсці туды, сюды, званкі з пагрозамі аб’явіць у вышук, і гэтак далей. Я нічога не атрымоўваў, ні за што не распісываўся, у выніку чаго мяне аднойчы з суда (я тады судзіўся з СК) даставілі прымусовым прывадам у ваенкамат. А там склалі пратакол за неяўку.
Пасля я яшчэ раз прыйшоў туды сам, прайшоў медкамісію. Годзен да службы ў рэзерве, дарэчы 🙂
Дык вось за некалькі гадзінаў да таго, як я ўчора прыйшоў да маці, на гэтую кватэру прыйшоў добра знаёмы мне мент Куранкоў. Гэта інспектар Фрунзенскага РУУС, які загружаны за мной і яшчэ парачкай экстрэмістаў на раёне. Ён даў маці павестку ў ваенкамат (праўда незразумела навошта) і сышоў.
Потым прышоў я, даведаўся ад мамы аб прыходзе мента і падумаў: хм, падазрона, што ён прыйшоў да яе менавіта ў той жа дзень, калі мусіў прыйсці я! Напэўна, на тое і разлічваў, каб са мной сустрэцца. Бо ў дзень народзінаў лагічна прыйсці да маці. І вось, выйшаўшы ад яе, я пайшоў пехатою да прыпынку транспарту, а пасля паехаў на Гарадскі вал на тралейбусе.
Перайшоў на іншы прыпынак, стаю сабе, нікога не чапаю. І тут як з-пад зямлі вырастае… Куранкоў у штацкім, з прапановай паразмаўляць, а заадно распісацца за павестку. Я, канешне, быў здзіўлены: як ён тут апынуўся? Але ў лічаныя секунды зразумеў прыкол: Аляксандр Куранкоў, старэйшы інспектар УУС Фрунзенскага раёна, альбо нехта з ягоных падначаленых, некалькі гадзін караўліў мяне ля месца прапіскі, а потым ехаў за мной на аўто, каб у цэнтры гораду уручыць павестку ў ваенкамат. Трэба прызнацца, гэтыя правярнулі ўсё так, што я і не заўважыў хваста (хаця прыкмеціў у 100 метрах ад хаты ментоўскую машыну, аднак не прыдаў значэння).
За павестку ў гэты раз я ўжо распісаўся. А Куранкоў сеў у сваю службовую Geely і з’ехаў па сваіх ментоўскіх справах.
У ваенкамат мяне выклікалі 8.00 3 верасня. Нібыта, каб атрымаць ваенны білет. Цікава, што яны мне падрыхтавалі на гэты раз?
п.с. я таксама задаваў сабе пытанне, чаму, калі за мной сачылі, то не усунулі павестку прама ля дому. Хутчэй за ўсё, альбо Куранкоў не паспяваў да мяне дабегчы з РУУСа, і “пасвіў” мяне нейкі рандомны мент, ці то проста хацелі прасачыць за мной, паглядзець, куды я хаджу. А можа разлічвалі на эфект нечаканасці, што я спужаюся Куранкова, які выскачыў нібыта чорт з табакеркі, і зараз буду параноіць астатак жыцця. Але гэта дробязі жыцця, і не праз такое праходзілі. Цікава толькі, што будзе заўтра: опер з відэакамерай, які заглядае ў вакно? Квадракоптер з павесткай, што заляціць у фортку?