Пасля нарады ў Лукашэнка міністр МУС Караеў заявіў, што ад сённяшняга дню міліцыя будзе больш уважлівая да зваротаў грамадзян адносна парушэнняў правоў чалавека, а таксама будзе больш адказна рэагаваць на публікацыі аб мянтоўскім бязмежжы ў СМІ. «У тым ліку і ў незалежных і апазіцыйных СМІ, бо аднекуль жа яны гэтыя матэрыялы бяруць і не ўсе яны прыдуманыя альбо паклёп».
Тое што міністр МУС, па-першае, прызнаў наяўнасць у Беларусі незалежных СМІ а па-другое, прызнаў пазітыўную ролю «апазіцыйных СМІ» у грамадстве гэта, канешне прэцэдэнт і дзіва. Я, праўда, не схільны шукаць у гэтым нейкую канспіралогію альбо «знакі». Хутчэй за ўсё сённяшні міністр проста не такі адбіты на ўсю галаву, як папярэдні, ды і, стоадсоткава, сам чытае Нехту, Белсат ці Свабоду. Аднак, канешне, вельмі забаўны момант: дэ-факта ён прызнаў, што дзяржаўныя СМІ, якія жывуць за грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў, не займаюцца асвятленнем праблемы міліцэйскіх злоўжыванняў. Затое імі займаюцца СМІ, якія жывуць за грошы падаткаплацельшчыкаў Еўразвязу. Цікава, ці рэфлексуе ён на гэтую тэму? Ці робіць з гэтага нейкія лагічныя высновы аб сутнасці рэжыму, якому ён служыць?
Ну ды ладна. Куды больш цікава, што тэма «паставім абарзеўшых ментоў на месца» усё актыўней педаліруецца прэзідэнтам. Правыя тыя, хто кажа, што гэта перадвыбарны піяр. Аднак важна і тое, чаму ў якасці перадвыбарнага перніку грамадству быў абраны менавіта гэты. Адказ просты, і яго яшчэ да мяне агучыў Шрайбман: на іншыя пернікі проста няма грошай. Папіццот ёсць на паперы, але не для большасці грамадзян Беларусі. ВУП не расце, новыя прадпрыемствы калі і адкрываюцца то толькі для таго каб выклікаць шал і пратэсты мясцовых жыхароў. У знешняй палітыцы пахвастацца няма чым: захоўваецца пагроза незалежнасці. Таму адзінае, што зараз можа выставіць Лукашэнка на свой электаральны прылавак гэта справядлівасць у дачыненні да «злых баяраў».
Ключавы момант тут у тым, што ўсе гэтыя захады былі і застануцца імітацыяй справядлівасці і прававой дзяржавы. Будзе шмат заяваў, дэкларацый, вылупленных вочаў і раздзьмутых вусоў на службовых нарадах. Будзе нават некалькі паказальных ахвяраў (як, напрыклад, капітан, якому далі 10 год за правакацыі па 328), але сутнасць сістэмы не зменіцца. Прычына простая: сістэма МУС, якая будзе дзейнічаць з улікам правоў чалавека і ў абмежаваных прававых рамках, не зможа выконваць карна-палітычныя функцыі, якія неабходныя для захавання рэжыму. Інакш кажучы, «добрая міліцыя» не зможа забяспечыць панаванне Лукашэнка і ягонай эліты, не зможа гарантаваць захавання ягонай маёмасці і прывілеяў. Яна будзе неэфектыўная ў тым, пад што затачвалася Лукашэнкам цягам многіх гадоў.
Адзіная добрая міліцыя – гэта неадасобленая ад народу дэцэнтралізаваная структура дабраахвотна узброеных людзей: празрыстая, падкантрольная, і таму адказная. Аднак гэта ўжо асобная тэма.