Аперацыя “ваенкамат”

Пачытайце, як для таго каб уручыць павестку, за мной пусцілі цэлую пагоню па горадзе.

Учора, у свой Дзень народзінаў, вырашыў зайсці да маці. Яна жыве ля ст.м. Маладзёжная.

Тут трэба сказаць, што некалькі месяцаў таму ГУБАЗаўцы вынайшлі новы спосаб капаць мне на мазгі і ствараць, як ім падаецца, псіхалагічную напругу. А менавіта, пнулі мой раённы ваенкамат, каб той выдаў мне ваенны білет. І пачалося: на адрас, дзе жыве мая маці, пасыпаліся павесткі, прыходзіць нейкія незразумелыя людзі, прапановы прыйсці туды, сюды, званкі з пагрозамі аб’явіць у вышук, і гэтак далей. Я нічога не атрымоўваў, ні за што не распісываўся, у выніку чаго мяне аднойчы з суда (я тады судзіўся з СК) даставілі прымусовым прывадам у ваенкамат. А там склалі пратакол за неяўку.

Пасля я яшчэ раз прыйшоў туды сам, прайшоў медкамісію. Годзен да службы ў рэзерве, дарэчы 🙂

Дык вось за некалькі гадзінаў да таго, як я ўчора прыйшоў да маці, на гэтую кватэру прыйшоў добра знаёмы мне мент Куранкоў. Гэта інспектар Фрунзенскага РУУС, які загружаны за мной і яшчэ парачкай экстрэмістаў на раёне. Ён даў маці павестку ў ваенкамат (праўда незразумела навошта) і сышоў.

Потым прышоў я, даведаўся ад мамы аб прыходзе мента і падумаў: хм, падазрона, што ён прыйшоў да яе менавіта ў той жа дзень, калі мусіў прыйсці я! Напэўна, на тое і разлічваў, каб са мной сустрэцца. Бо ў дзень народзінаў лагічна прыйсці да маці. І вось, выйшаўшы ад яе, я пайшоў пехатою да прыпынку транспарту, а пасля паехаў на Гарадскі вал на тралейбусе.

Перайшоў на іншы прыпынак, стаю сабе, нікога не чапаю. І тут як з-пад зямлі вырастае… Куранкоў у штацкім, з прапановай паразмаўляць, а заадно распісацца за павестку. Я, канешне, быў здзіўлены: як ён тут апынуўся? Але ў лічаныя секунды зразумеў прыкол: Аляксандр Куранкоў, старэйшы інспектар УУС Фрунзенскага раёна, альбо нехта з ягоных падначаленых, некалькі гадзін караўліў мяне ля месца прапіскі, а потым ехаў за мной на аўто, каб у цэнтры гораду уручыць павестку ў ваенкамат. Трэба прызнацца, гэтыя правярнулі ўсё так, што я і не заўважыў хваста (хаця прыкмеціў у 100 метрах ад хаты ментоўскую машыну, аднак не прыдаў значэння).

За павестку ў гэты раз я ўжо распісаўся. А Куранкоў сеў у сваю службовую Geely і з’ехаў па сваіх ментоўскіх справах.

У ваенкамат мяне выклікалі 8.00 3 верасня. Нібыта, каб атрымаць ваенны білет. Цікава, што яны мне падрыхтавалі на гэты раз?

п.с. я таксама задаваў сабе пытанне, чаму, калі за мной сачылі, то не усунулі павестку прама ля дому. Хутчэй за ўсё, альбо Куранкоў не паспяваў да мяне дабегчы з РУУСа, і “пасвіў” мяне нейкі рандомны мент, ці то проста хацелі прасачыць за мной, паглядзець, куды я хаджу. А можа разлічвалі на эфект нечаканасці, што я спужаюся Куранкова, які выскачыў нібыта чорт з табакеркі, і зараз буду параноіць астатак жыцця. Але гэта дробязі жыцця, і не праз такое праходзілі. Цікава толькі, што будзе заўтра: опер з відэакамерай, які заглядае ў вакно? Квадракоптер з павесткай, што заляціць у фортку?