Міліцэйскае шоў на АНТ

Тым часам перадвыбарныя спробы адмыць імідж беларускай міліцыі не абмяжоўваюцца аднымі толькі «гістарычнымі» нарадамі Лукашэнка. АНТ выпусціла сюжэт у жанры «Адзін дзень з…» дзе расказвае пра нялёгкую працу Івана Кубракова – начальніка ГУУС Мінгарвыканкама. Я не паляніўся, паглядзеў.

Як звычайна, АНТ не абышлося без смешненькіх маніпуляцый. «Праведзены дзень» у іх уціснуўся ў 8-хвілінны сюжэт, што, мякка кажучы, ніяк не можа адлюстраваць рытм жыцця і заняткі асобы. У нармальных тэлеканалаў такі сюжэт займае 30-40 хвілін, а тое і некалькі выпускаў. Таксама не апраўдаліся прэтэнзіі на «спантаннасць» – куды б не паехаў Кубракоў з «раптоўнай інспекцыяй», яго ўжо на пад’ездах сустракалі падначаленыя навыцяжку. Ва ўсіх кабінетах – ідэальны парадак. Ну нічога дзіўнага, пацёмкінскія вёскі будаваць гэта для дзяржТБ справа звычная.

Звярнула ўвагу на сябе форма АМАПаўцаў, якія пад прыцэлам камер дэманстратыўна «адпрацоўвалі тактыку». На абмундзіраванні кожнага трохі нязвычны для нашага вока элемент – трохкутнік з нанесеным нумарам. Відавочна, маркіроўка для аблягчэння ідэнтыфікацыі у баі. Адкуль гэта ўзялося на форме нашых АМАПаўцаў? Хутчэй за ўсё – адаптацыя заходняга вопыту. Такую маркіроўку на сваіх супрацоўніках спецназа, якія займаюцца разгонам масавых акцый, выкарыстоўваюць германскія паліцыянты. І зусім не супадзеннем падаецца, што якраз германскія паліцэйскія у 2008-2011 гадах трэніравалі беларускі АМАП, які потым займаўся разгонам акцый пратэсту ў Мінску. Хацелі, каб Еўрасаюз дапамагаў Беларусі? Вось яна, дапамога, калі ласка.

У кадры быў паказаны супер-новы бронеаўтамабіль «Зубр», такі сакрэтны, што яго нават нельга паказваць знутры. Па словах Кубракова, непасрэдна ўдзельнічаў (!) у распрацоўцы аўтамабіля намеснік Балабы, Аляксей Аляксандравіч Тарасаў (цікава, гэта АМАПавец-аўтамеханік, ці АМАПавец-дызайнер?). Праўда, у рэчаіснасці аказалася што гэта ўсяго толькі адмыты і крыху апгрэйднуты пазадарожнік Ford.

Дзеля справядлівасці варта сказаць што не ўсё паказанае ў гэтым прапагандысцкім роліку – хлусня. Сапраўды, як кажа Кубракоў, нагрузка на шараговага міліцыянта «на нізе» – шалёная. Ну а як яны хацелі, свае 700 рублёў ад дзяржсістэмы трэба адпрацоўваць: цябе выціснуць як лімон. Не дарма там такая шалёная цякучка і такія частыя самазабойствы.

Не схлусіў начальнік мінскай міліцыі, думаю, і наконт таго што сыходзіць дамоў не раней за 21 гадзіну. Праца ў карных ворганах гэта амаль заўсёды развітанне з нармальным асабістым жыццём.

Падсумавалі свой сюжэт АНТшнікі надзвычай удала. «Самое большое достижение нашей милиции – отношение наших граждан» – шчыра прызнаўся Іван Кубракоў.

Сапраўды, лепей і не скажаш.