Entries from July 2019 ↓

Навіны самай дэмакратычнай краіны свету

У ЗША абмяркоўваецца магчымасць забараніць шыфраваныя месенджеры, якія спецслужбы не могуць узламаць. Абгрунтоўваецца гэта… барацьбой з тэрарызмам, наркатрафікам і дзіцячай парнаграфіяй. Знайдзі тры адрозненні ад рыторыкі скрэпнай рашкі і стабільнай БССР.

Любая дзяржава хоча парушыць вашую прыватнасць, залезці ў вашую перапіску і даведацца вашыя тайны. Таму не трэба даваць дзяржаве ўладу. Ніколі.

Расказаў немцам аб Еўрапейскіх гульнях

As I promised, check out my comment to Radio Deutschland. Shortly told, why European games will not bring Belarus closer to Europe and how does the state persecutes the Anarchist movement
_______________
А вось і абяцаны каментар Радыё Дойчланд (гэта як нашае БТ, толькі ў Германіі :). Коратка растлумачыў, чаму Еўрапейскія гульні не зробяць Беларусь бліжэй да Еўропы і якім чынам дзяржава пераследуе анархісцкі рух.

 

Сніфінг

Беларускіх падлеткаў ахапіла новая, раней невядомая навала – сніфінг, піша НН. То бок нішто іншае як нюханне газу з запальнічкі ў надзеі злавіць кораткачасовы кайф.
 
Гэтая таксікаманская практыка настолькі ўнікальная і наватарская што ажыццяўлялася ў маёй школе ў Гомелі яшчэ гадоў 20 таму. Сапраўды, чаму б у пагоні за клікамі не назваць нешта даўно вядомае модным ангельскім словам і зрабіць выгляд што ты знайшоў сенсацыю.
 
Чакаю ад НН цыкл артыкулаў пра іншыя шкодныя з’явы сярод падлеткаў, якія з’явіліся толькі ў 2019 годзе: канфлікцінг (сваркі з бацькамі), канстракшн-эксплорынг (шастанне па будоўлі), ёрлі-факінг (раннія палавыя сувязі) і г.д.

Насуперак усяму

Урэшце рэшт гэта адбылося.

Першая спроба атрымаць вышэйшую адукацыю была ў 2008 – я паступіў на трэці курс юрфака БДУ і кінуў яго, бо не вытрымаў саўковую муштру і калгаснае хамства. Другая – у 2009-м годзе – паступіў у ЕГУ на праграму “Паліталогія і еўрапейскія даследванні”. Але гэтае навучанне на 5 год перарвала турма.

І вось, урэшце, з трэцей спробы, насуперак усім перашкодам: турме, затрыманням, даглядам на мяжы, побытавым і фінансавым фэйлам, я зрабіў гэта. Хай і ў 30 год, але доўгачаканы дыплом аб вышэйшай адукацыі атрыманы.

Навучанне ў ЕГУ стварае свой непаўторны кантэкст і досвед. Па выніках часу, праведзенага між Вільняй і Мінскам, ловіш сябе на тым, што можаш на смак адрозніць піцу з Charlie ад Chilie; выязджаючы ў любую еўрапейскую краіну па звычцы кажаш мінакам “ачу” і “аціпрашау”; і ўжо ў твар ведаеш усіх памежнікаў на пункце пропуску “Каменны Лог”. Чатыры гады старанага (сапраўды старанага, без жартаў) навучання, сотні старонак напісаных і прачытаных тэкстаў, дзясяткі зробленых прэзентацый і пісьмовых працаў, за якія мне не сорамна, бястурботныя гулянні да ранку з маімі любімымі аднагрупнікамі і аднагрупніцамі, не меней за сотню паездак на аўтобусе Мінск-Вільня і Вільня-Мінск – і вось я ўладальнік двух дыпломаў і куды больш цэласнай карціны свету чым чатыры гады таму.

З 17 чалавек, якія паступілі на праграму, да фінішу з нас дайшло толькі 7. Таму мы па праву можам ганарыцца сваімі высілкамі.

Вучыцца – добра. А вучыцца з добрымі людзьмі – яшчэ лепш. Дзякуй усім, з кім я прайшоў гэты шлях.