Насуперак усяму

Урэшце рэшт гэта адбылося.

Першая спроба атрымаць вышэйшую адукацыю была ў 2008 – я паступіў на трэці курс юрфака БДУ і кінуў яго, бо не вытрымаў саўковую муштру і калгаснае хамства. Другая – у 2009-м годзе – паступіў у ЕГУ на праграму “Паліталогія і еўрапейскія даследванні”. Але гэтае навучанне на 5 год перарвала турма.

І вось, урэшце, з трэцей спробы, насуперак усім перашкодам: турме, затрыманням, даглядам на мяжы, побытавым і фінансавым фэйлам, я зрабіў гэта. Хай і ў 30 год, але доўгачаканы дыплом аб вышэйшай адукацыі атрыманы.

Навучанне ў ЕГУ стварае свой непаўторны кантэкст і досвед. Па выніках часу, праведзенага між Вільняй і Мінскам, ловіш сябе на тым, што можаш на смак адрозніць піцу з Charlie ад Chilie; выязджаючы ў любую еўрапейскую краіну па звычцы кажаш мінакам “ачу” і “аціпрашау”; і ўжо ў твар ведаеш усіх памежнікаў на пункце пропуску “Каменны Лог”. Чатыры гады старанага (сапраўды старанага, без жартаў) навучання, сотні старонак напісаных і прачытаных тэкстаў, дзясяткі зробленых прэзентацый і пісьмовых працаў, за якія мне не сорамна, бястурботныя гулянні да ранку з маімі любімымі аднагрупнікамі і аднагрупніцамі, не меней за сотню паездак на аўтобусе Мінск-Вільня і Вільня-Мінск – і вось я ўладальнік двух дыпломаў і куды больш цэласнай карціны свету чым чатыры гады таму.

З 17 чалавек, якія паступілі на праграму, да фінішу з нас дайшло толькі 7. Таму мы па праву можам ганарыцца сваімі высілкамі.

Вучыцца – добра. А вучыцца з добрымі людзьмі – яшчэ лепш. Дзякуй усім, з кім я прайшоў гэты шлях.