Некалькі дзён таму на ютубе з’явілася відэа “Беларусь в составе России? Соцопрос. Что белорусы думают об этом?”. І яно б, пэўна, прайшло міма маёй увагі, каб незалежніцкія рэсурсы не сталі яго актыўна піярыць, у тым ліку ў алармісцкім ключы: “СМОТРИТЕ ЧТО ДУМАЮТ ЛЮДИ, УЖАС, КУДА МЫ КАТИМСЯ!”. У выніку яно за 3 дні сабрало 1 млн 11 тыс праглядаў.
Відэа яўляе сабой апытанку на вуліцах Мінска, у якой людзі, асабліва моладзь, масава выказваецца ў падтрымку далучэння Беларусі да Расіі. Само відэа я тут намерана не стаўлю, каб не піярыць. Пакінем за дужкамі, што яно не мае нічога агульнага з сацыялогіяй. Галоўнае, яно з’яўляецца чарговым эпізодам інфармацыйнай вайны, якраз у тым стылі, пра які я пісаў раней. Гэтае відэа – не шчырая спроба разабрацца і нават не спроба другараднага ютубера хайпануць на гучнай тэме. Гэта мэтанакіраваная інфармацыйная аперацыя РФ. Абгрунтоўваю чаму:
1. Тэндэнцыйная падборка рэспандэнтаў. Стваральнікі імкнуліся паказаць, што людзі РОЗНЫХ узростаў – за аб’яднанне з РФ. Намерана пададзена некалькі галасоў супраць, каб не выглядала як яўны фэйк. Не, вядома, у Беларусі хапае ватнікаў. Але ніколі не паверу, што на вуліцах Мінска іх будзе так шмат. Агульнавядомы факт, што людзей саўковага складу болей у правінцыі. Дык вось, глядзіце на апытанку, якую зрабіў Андрэй Павук на вуліцах г.п. Акцябрскі . Нават там пераважная большасць – за незалежнасць. З чаго раптам у Мінску галасоў на карысць аб’яднання з РФ будзе болей, чым у Акцябрскім?
2. Сама пастаноўка пытання: “Далучыцца да Расіі лепей у палітычным ці эканамічным плане?” – апрыёры мае на ўвазе, што аб’яднанне нясе адразу НЕКАЛЬКІ станоўчых наступстваў, прытым у розных сферах.
3. Дробязь, але тым не меней. Звярнуў тэгі, якія прастаўленыя ў відэа: “#беларусь #россия #путин”. Пуцін. А чаму ж не Лукашэнка, калі відэа пра Беларусь і Расію?
4. У каментарыях – поўчышчы крэмлеботаў. Нават улічваючы правакацыйнасць відэа – ЗАНАДТА шмат праглядаў (для беларускага кантэнту 1,011 млн за 3 дні гэта нерэальная лічба). Відавочная накрутка альбо мэтанакіраваны піяр. І сапраўды, відэа хутка было раскідана па ватных форумах і пабліках. Лахтінскія тролі яўна былі адпраўленыя туды з метадычкай і заданнем.
5. І, зрэшты, звярнем увагу на сам канал, што за гэта запосціў. Каналу каля чатырох год. Абсалютна ўсе відэа да гэтага – забаўляльны кантэнт. Агляды на матацыклы, падарожжы, “Как КРУТО снимать видео на мобильный телефон”, “БЕШЕНЫЙ ДЕД МОРОЗ ДЕЛАЕТ ДВИЖ В ГОРОДЕ” і таму падобнае. І тут раптоўна аўтару канала, 22-гадоваму Степану Пракопчыку з Ліды, навучэнцу палітэхнічнага інстытуту ў Гданьску, робіцца вельмі цікавая вострапалітычная тэматыка.
Вы скажаце – ну, магчыма, хлопец вырашыў хайпануць, падняць сабе праглядаў на папулярнай тэме. Выдатна, але ж дзе ён быў, калі ішлі дармаедскія пратэсты, калі людзей хапалі за флэшмобы за гарадавога, калі ў Брэсце людзі выходзілі супраць акумулятарнага заводу? Сумяшчальныя – для беларускай аўдыторыі – падзеі. Аднак іх ён праігнараваў. Тэма ж уз’яднання з Расіяй яго “зацікавіла” менавіта зараз.
Што яшчэ больш цікава, пагугліўшы, знайшоў яго сумеснае відэа гэтага Пракопчыка (зробленае за 3 тыдні да апытанкі ў Беларусі) з іншым трэвэл-влогерам. Удвох яны ходзяць па вуліцах Гданьску і пытаюцца палякаў, што тыя думаюць аб украінцах. Пры гэтым задаючы правакатыўныя пытанні і падбіраючы максімальна вострыя адказы. Дзіўна, яшчэ адзін трэвэл-блогер, які РАПТОЎНА зацікавіўся палітыкай! Адзначу, гэтая правакацыя таксама была названая словам “соцопрос”.
Для тых хто не ў тэме, паясню: ўяўная “варажнеча” палякаў і украінцаў – адна з любімых тэмаў ватнай прапаганды. Воінаў гібрыднага фронту ўжо не раз лавілі на правакацыях з мэтай распаліць межнацыянальную нянавісць у гэтым напрамку.
Сумуючы ўсе вышэй сказанае, што бачу я: крэмлёўскія паліттэхнолагі, у рамках інфармацыйнай вайны падкацілі да другараднага відэаблогера з прапановай, ад якой ён не змог адмовіцца. Зрабі тое і тое. У нас свой інтарэс, а табе – хайп, падпісчыкі і грошы. Мэта – трымаць ідэю “уз’яднання” у фокусе грамадскай думкі, працягваць прапіхіваць міф аб тым што бОльшая частка беларусаў гэтага жадае.
Самае кепскае што кручок праглынулі незалежныя СМІ. Таму будзьце ўважлівыя, захоўвайце спакой і памятайце, што лёс Беларусі ў рэшце рэшт вырашае не пуцін і лука, а мы самі.
У абскарджванні сваей першай адміністратыўкі за “нацысцкую сімволіку” паспеў дашкандыбаць да старшыні Мінскага гарадскога суда. На днях атрымаў адказ. У будучым музеі дыктатуры гэтая, і ей падобная, паперкі будуць стаяць у рамачцы, як музейны экспанат, помнік чынавенскай тупасці, бюракратычнаму нахабству і бесчалавечнасці дзяржмашыны.
Ну, сапраўды, ацаніце:
Ты яму некалькі старонак скурпулёзных доказаў таго, што пратакол складзены з парушэннямі, не выкананая літара закона, мае правы не ажыццяўленыя. А ён у адказ: “Ваши доводы признаны необоснованными”. І ўсё на гэтым.
Ты яму дэталёвае абгрунтаванне таго, што рашэнне суда парушае заканадаўства Беларусі і міжнародныя нормы (следваць якім Беларусь абавязалася), а таксама пунктаў ПіКААП, згодна з якімі пратакол увогуле можа не разглядацца. А ён табе ў адказ: “Ваша виновность подтверждена имеющимися по делу доказательствами”. І ўсё на гэтым.
Ты яму пішаш, што дзве з трох выяваў увогуле не з’яўляюцца свастыкамі – іх значэнне трэба яшчэ ўстанавіць. А ён табе ў адказ: “Факт размещения свастики вами не оспаривается”. І ўсе на гэтым.
Гэтыя клоўны ўжо нават не могуць больш-менш абгрунтаваныя адпіскі пісаць. А не могуць таму, што няма чым крыць. Застаецца, як папугаям, талдычыць адное і тое ж: “не подверждается, необосновано, нарушений не обнаружено”. Вось сядзіць гэты П.І. Каршуновіч – цэлы старшыня Мінскага гарадскога суда. Атрымоўваў жа нейкія навуковыя ступені. Вучыўся, прабіваўся па кар’ернай лесвіцы, праходзіў курсы падвышэння кваліфікацыі. Дзе яго прафесійны гонар? Дзе элементарная чалавечая годнасць? Рытарычныя пытанні, бо няма іх канешне, і сляда. Але акрамя гэтага няма яшчэ і розуму. Бо калі б ён быў, Каршуновіч бы зразумеў: Лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, а Стасбурскі суд і КПЧ ААН – застаюцца. Прыйдзе час, апеляцыі пісаць будуць ужо яны.
Пакуль многія чакаюць вайны рэальнай, стала відавочным, што вайна інфармацыйная ўжо пачалася. Ейныя жаўнеры з таго боку – пуцінскія кремлеботы, якія ўжо працуюць ва ўсю, у тым ліку і на пляцоўках незалежных медыя. Як думаеце, якую метадычку ім далі? Хваліць Пуціна? Апеляваць да “памяти дедов”? Не, ўсе больш тонка. Наратыў такі: “незалежнасць ужо здадзеная, ніхто за яе змагацца не будзе! Беларусы не украінцы! Няма барацьбітаў! Лука ўсё прасраў, Расія пры дзвярах! Зваліваем у Польшчу, змагары!”. І яны пішуць гэта ад імя саміх жа беларусаў.
Аналагічны пасыл зараз транслюецца па расійскіх СМІ.
Мэта: выклікаць у нас пачуццё безвыходнасці, прымусіць паверыць, што за незалежнасць Беларусі змагацца няма каму. І, паколькі беларускі народ дэлегаваў права абараняць незалежнасць Луке, Лука яе паспяхова здаў. І ўжо нічога не зробіш, рыхтуйцеся жыць у новай краіне!
То бок нас проста ставяць перад фактам.
Аднак не будзем забывацца: акрамя прарасійскіх МУС і КДБ, акрамя Вакульчыка і Ігара “Дзіравага” Шуневіча існуем яшчэ мы. І мы не збіраемся аддаваць свой лёс у рукі Лукі ці ягоных прыхвастняў. І сваё права вырашаць мы ім не дэлегавалі.
Калі ж я ўсе ж такі памыляюся, і частка тых, хто такое піша – не боты, а сапраўдныя людзі, то я вас прашу, пазакрывайце свае раты. Баіцеся? Бойцеся моўчкі а не сейце паніку ў інтарэсах Пуціна. Усіх астатніх жа заклікаю кремлеботаў баніць бязлітасна, а разам з імі і тых, хто пхае нам ідэю “без Лукашэнкі не будзе суверенітэту”.
Людзі дыктатарскага складу ўвогуле схільныя да гамасексуальна-гвалтоўных алегорый. Але дзеячаў постсавецкай прасторы ў апошні час проста прарвала. То Лукашэнка са сваім вечным “нахіліць”, то Кадыраў абяцаў “увесь свет ракам паставіць”. Зараз і Шуневіч з ягонымі дзіравымі. Што гэта – плод доўгага знаходжання ў мужчынскім калектыве? Ці латэнтная гомасексуальнасць? Зрабіце ўжо камінг-аўт, дваццаць першае стагоддзя на двары ўсё ж.
Шуневіч тыпу выкруціўся са сваёй заявай, каб зусім грубіянам не выглядаць. Тыпу не пра геяў. Але намёк усе зразумелі.
З іншага боку тэрміналогія, якую юзае Шуневіч як нельга лепей кажа аб тым, у якой светапогляднай парадыгме ён жыве. “Пахан-апушчаны”, “блатной-петух” – гэта ягоная карціна свету. Я заўсёды казаў – менты і бандыты жывуць па адных і тых жа катэгорыях. Вось вазьмі замест Шуневіча якога-небудзь Батона з 12-га атраду, апрані ў форму з пагонамі, прывучы казаць “закон” замест “понятія” (а гэты кантынгент хутка вучыцца, паверце) – розніцы амаль ніхто не заўважыць. А гэта значыць што ні аб якой легітымнасці ментоў і ўсёй іхняй сістэмы казаць не прыходзіцца. Гэта проста пераапранутыя бандыты.
п.с. і яшчэ падумалася, што ніхто лепей не падыходзіць на пасаду прарасійсай замены Лукашэнкі, чым Шуневіч. Магчыма, з ім ужо пачалі працаваць у гэтым напрамку. А пастаянныя публічныя заявы – сродак прыцягнуць да сябе ўвагу і стаць медыйнай персонай. І пакуль гэта ў яго атрымоўваецца.
Урэшце, адсудзіўся. Працэс ішоў 2,5 гадзіны. Суддзя Ярохіна, як сказаў Максім Вінярскі – сапраўды аказалася “правераным кадрам”.
З цікавага:
1. Змаглі дапытацца непарэднага допыту непасрэднага складальніка пратакола (участковага Аляксандра Юр’евіча Куранкова). Бітых паўгадзіны ён мяўся і чырванеў за трыбунай, адказваючы на пытанні – мае і адваката. Што зрабіць, праца такая, выстаўляць сябе дурнем у кампаніі прыстойных людзей.
2. Аўтар даведкі аб “выявленом правонарушеніі” хто? Канешне, наш стары сябар Міхаіл Бедункевіч. Цэлы падпалкоўнік патраціў 50 хвілін свайго працоўнага часу каб правесці “исследование в глобальной сети Интернет” і дагартаць мае захаваныя карцінкі да 2016 года. Хай будзе мне ўдзячны – з-за мяне і такіх як я ён увогуле мае працу.
Суддзя асабліва напірала на тое, што я не выдаліў карцінкі няглядзячы на іхнюю “незаконнасць”. Некалькі разоў з розных бакоў тлумачыў, чаму я не буду гэта рабіць: гэта мая прынцыповая пазіцыя ў абарону свабоды слова. Я не прызнаю за ГУБАЗіКам права вырашаць, чаму быць а чаму не быць на маей старонцы ў Фэйсбуку. Калі так будуць рабіць усе актывісты – усе іхнія “законы аб экстрэмізме” пойдуць прахам (ага, эта заклік).
Дзякуй усім, хто прыйшоў падтрымаць! Народу было зусім няшмат, але вы для мяне вельмі каштоўныя!
Зразумела, што суд не прыняў да ўвагі ані бесталкова складзены пратакол, ані кантэкст маіх пастоў, сутнасць якіх была ў асуджэнні нацызму. І выпісаў штраф – удвая большы чым ранейшы (амаль 500 баксаў).
Аднак гэта ні на што не паўплывае. Толькі наперад, спадары экстрэмісты.
#яэкстрэміст
#яэкстремист
Comments Off on Заплаці дзяржаве тысячу рублёў за тое што асудзіў нацызм
Завядзеннем другой адміністрацыйнай справы за “дэманстрацыю нацысцкай сімволікі” яны перапоўнілі мой кубак цярпення. Прыйшлося расказаць усю праўду: МУС РБ проста па факту сваёй дзейнасці і поглядаў яе супрацоўнікаў адпавядае амаль усім фармальным рысам нацысцкай арганізацыі. Гэта не мастацкая метафара і не журналісцкая гіпербала: усё раскладзена па паліцах. Глядзіце самі. Працягласць – 11 хвілін.
Нагадаю, судзіць мяне за “нацысцкую” карцінку ў фэйсбуку будуць у 27 снежня, у 10.00 у судзе Фрунзенскага раёну.
Вывад амерыканскіх войскаў з Сірыі – не проста чарговып папулісцкі ход Трампа. Гэта драматычны крок, які цалкам зменіць сітуацыю на Бліжнім усходзе. А яшчэ гэта ўрок для нас, беларусаў. Напісаў аб гэтым артыкул.
Учора ў другім чытанні быў адменены знаменіты і самы дэманстратыўны палітычны артыкул КК – 193.1, які мае на ўвазе крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя любой незарэгістраванай арганізацыі. Памятаю, калі яго прымалі, быў вялікі хайп – фактычна на 2 гады можна было пасадзіць за сяброўства, напрыклад, ў суполцы аматараў кактусаў.
Па факце ж, прымяняўся ён вельмі выбарачна. Больш за тое, вазьму на сябе смеласць заявіць, што ён і пісаўся пад пэўных людзей. Такіх як Зміцер Дашкевіч і шэраг іншых. Іх пасадзілі – артыкул амаль перастаў выкарыстоўвацца.
Прыбіранне гэтага артыкулу з КК магло б стаць нагодай для радасці, калі б не штогадовае ўзмацненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства і шэраг іншых навінак. У 2016-м годзе быў прыняты такі “выдатны” артыкул, як 361-1 “Стварэнне экстрэмісцкай супольнасці” (да дзесяці год), і ён, без усялякага сумневу, таксама пісаўся пад пэўныя палітычныя групоўкі, у прыватнасці пад анархістаў. А яшчэ есць арт.361 “Заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” – з ВЕЛЬМІ расплывістымі фармулёўкамі (любы заклік да пратэстаў пад яго падвесці – две секунды). Яшчэ есць арт.361-2 “Фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання”, 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”, 369-3 “Нарушение порядка организации или проведения массовых мероприятий” і многія іншыя. Іх таксама прытрымліваюць да лепшых часоў – пакуль не падымецца чарговая хваля народнага гневу.
А яшчэ ж прыдумалі артыкул пра “Рэабілітацыю нацызма” – то бок варта разумець, будуць саджаць, калі адзначыш гераізм УПА ці напішаш аб зверствах чырвоных?
Выдаленне ж 193-1 з КК будзе, безумоўна, прадстаўлена “заходнім партнерам” як вялізарны шлях па дарозе да дэмакратыі, фантастычная саступка “эцім вашім правам человека”, каласальная лібералізацыя грамадскага жыцця і ўвоугле дайце грошай пажалуста.
193-1 быў самым адметна і бясспрэчна палітычным артыкулам у КК, прыдрацца да якога было вельмі проста праваабаронцам і замежнікам, якіх турбуюць правы чалавека ў Беларусі. Што яны і рабілі. Прыбіраючы такія артыкулы дзяржава пакідае сабе магчымасць казаць: а вось, глядзіце, ў іншых краінах усё тое ж самае ёсць! А ў еўрапейскіх краінах сапраўды есць артыкулы за сяброўства ў арганізацыях, чые метады не выключаюць гвалт.
Карацей, чым больш доўжыцца дыктатура тым больш дасканалыя яе метады пускання пылу ў вочы замежнікам.
Дарэчы, сам артыкул не зусім каб адмяняецца, а пераводзіцца з крымінальнага кодексу ў адміністрацыйны. І трэнд апошніх гадоў такі, што ў рамках адміністрацыйнага працэсу прэсуюць людзей не горш чым па крыміналцы. Вобшук? Калі ласка (назавем “агляд” і ўсяго дзялоў!). Затрыманне АМАПаўцамі пад домам? Калі ласка. Выламыванне дзвярэй у кватэру? Калі ласка. І ніякіх крыміналак заводзіць ня трэба. То бок фактычнага зніжэння рэпрэсій дзякуючы адмене гэтага артыкула не адбудзецца. Проста ўсё тое ж самае будзе і далей рабіцца але ўжо пад троху іншым прававым дахам.
Таму, спадары экстрэмісты, радавацца няма чаму. Трэба разлічваць толькі на ўласныя сілы і быць гатовымі пакутваць за свае перакананні.
Нацыянал-сацыялізм гітлераўскага разліву (свастыкі, неграў на віселіцы, жыдоў у печы і ўсё такое) на сённяшні дзень неактуальны і не прадстаўляе пагрозы. На сёння па ўсім свеце гэта не больш чым пратэстная маргінальная субкультура. Такой і застанецца. Сучасны палітычны фашызм – гэта шырокая плыня рухаў кшталту альт-райтаў і правых папулісцкіх партый Еўропы (Йоббік, Нацыянальны Фронт, АФГ і ім падобныя). І падтрымліваюцца яны – як іміджава так і фінансава, Расіяй.
І менавіта ў Расіі на сёння сэрца сусветнага фашызма. Менавіта яна вядзе экспансіянісцкія каланіяльныя войны. Менавіта яна распрацавала паўнавартасную фашысцкую ідэалогію – ідэалогію Рускага Міра. Менавіта ў ей нецярпімасць, ксенафобія атакі на меншасці ўведзеныя ў сістэмную практыку дзяржавы. Менавіта яна выбудоўвае самыя дасканалыя сродкі прамыўкі мазгоў насельніцтву. Менавіта яна нахабней за ўсіх плюе на міжнароднае права і, не чырванеючы, брэша з высокіх трыбун. Нават умовы фашызацыі краіны ў Германіі 1930х і Расіі 00-х аднолькавыя – туга па былой велічы і прыніжэнне ад геапалітычнай паразы. Думаю, і канцоўка будзе прыблізна аднолькавая.