Глупыя і смешныя
January 2nd, 2019 | Палітыка
У абскарджванні сваей першай адміністратыўкі за “нацысцкую сімволіку” паспеў дашкандыбаць да старшыні Мінскага гарадскога суда. На днях атрымаў адказ. У будучым музеі дыктатуры гэтая, і ей падобная, паперкі будуць стаяць у рамачцы, як музейны экспанат, помнік чынавенскай тупасці, бюракратычнаму нахабству і бесчалавечнасці дзяржмашыны.
Ты яму некалькі старонак скурпулёзных доказаў таго, што пратакол складзены з парушэннямі, не выкананая літара закона, мае правы не ажыццяўленыя. А ён у адказ: “Ваши доводы признаны необоснованными”. І ўсё на гэтым.
Ты яму дэталёвае абгрунтаванне таго, што рашэнне суда парушае заканадаўства Беларусі і міжнародныя нормы (следваць якім Беларусь абавязалася), а таксама пунктаў ПіКААП, згодна з якімі пратакол увогуле можа не разглядацца. А ён табе ў адказ: “Ваша виновность подтверждена имеющимися по делу доказательствами”. І ўсё на гэтым.
Ты яму пішаш, што дзве з трох выяваў увогуле не з’яўляюцца свастыкамі – іх значэнне трэба яшчэ ўстанавіць. А ён табе ў адказ: “Факт размещения свастики вами не оспаривается”. І ўсе на гэтым.
Гэтыя клоўны ўжо нават не могуць больш-менш абгрунтаваныя адпіскі пісаць. А не могуць таму, што няма чым крыць. Застаецца, як папугаям, талдычыць адное і тое ж: “не подверждается, необосновано, нарушений не обнаружено”. Вось сядзіць гэты П.І. Каршуновіч – цэлы старшыня Мінскага гарадскога суда. Атрымоўваў жа нейкія навуковыя ступені. Вучыўся, прабіваўся па кар’ернай лесвіцы, праходзіў курсы падвышэння кваліфікацыі. Дзе яго прафесійны гонар? Дзе элементарная чалавечая годнасць? Рытарычныя пытанні, бо няма іх канешне, і сляда. Але акрамя гэтага няма яшчэ і розуму. Бо калі б ён быў, Каршуновіч бы зразумеў: Лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, а Стасбурскі суд і КПЧ ААН – застаюцца. Прыйдзе час, апеляцыі пісаць будуць ужо яны.