Entries Tagged 'Палітыка' ↓

Прычыны міліцэйскага садызму

#radixbel #RadioRadix

Карная акцыя 9-11 жніўня стала для беларусаў шокам. Галоўнае пытанне, якое павісла ў паветры з таго часу: як такое магчыма? Што не так з міліцыянерамі, як яны маглі рабіць такое? Раней жа нічога падобнага не было!
У шаснаццатым выпуску падкаста RadioRadix я пакрокава разбіраю псіхалагічныя, сацыяльныя і сістэмныя прычыны, якія зрабілі з супрацоўнікаў карных воргаанаў садыстаў і нелюдзяў. Запрашаю вас паслухаць, падзяліцца з сябрамі і, вядома, падпісацца на канал, калі вы дагэтуль гэтага не зрабілі.

Працягласць: 26 хвілін

YOUTUBE
SOUNDCLOUD

Марына Дубіна атрымала 13 дзён арышту.

Пазаўчора нават адыёзная Шабуня не змагла вынесці прысуд – адправіла пратакол на дапрацоўку. Надта шмат было сведкаў, што Марына не ўдзельнічала ў акцыі 23.09, у якой яе вінавацілі.
Мусара з Цэнтральнага РАУС атрымалі ўтык ад ГУБАЗіКа за бесталковасць і проста там, на Акрэсціна, не выпускаючы Марыну, перапісалі пратакол. Замест 23.09 напісалі 23.08. І вуаля! 13 дзён.
 
Гэта яшчэ раз пацвярджае, што нават у хоць трохі прававой дзяржаве, ва ўмовах незалежных судоў ГУБАЗіКі і іншыя петушкі ніколі не змогуць выконваць свае службовыя абавязкі. Гэтыя тупыя пачвары настолькі расслабіліся, настолькі звыкліся працаваць з парушэннем закона, што любое патрабаванне яго выканання ставіць іх у поўны параліч. Уся іх праца будуецца на поўным парушэнні прававых нормаў, заўсёдных фальсіфікацыях і парушэннях, бо нікога апрача дурнога некампетэнтнага зброда, не здольнага нават правільна напісаць пратакол, у МУС не засталося. Дэбілы, проста дэбілы.

Хочаце як у Кіргізіі?

Шчырае захапленне падзеямі ў Кыргызстане ўва многіх палітычна актыўных грамадзянаў змянілася ўздыхамі расчаравання: “Яны за дзень скінулі ўладу, а мы ўжо два месяцы ходзім, і нічога!” Ажывіліся і радыкалы з тэлеграма з традыцыйнымі тэзісамі аб “бессэнсоўнасці” мірнага пратэсту. Наноў пайшлі гарачыя заклікі: хопіць ужо хадзіць з балонікамі, час паліць і рэзаць! З’явіліся кплівыя відарысы [1], дзе выяўляюць кыргызскага пратэстоўца крутым Доге, а беларускага – плачлівым Чымсам.

Для тых, хто не сачыў за навінамі, коратка: у Кыргызстане прайшлі парламенцкія выбары, перамаглі на якіх партыі брата дзейнага прэзідэнта, а таксама вядомага карупцыянера, намесніка старшыні мытні. Пратэстоўцы выйшлі на вуліцу, пасля дня боек з сілавікамі занялі некалькі адміністратыўных будынкаў і прымусілі ЦВК адмяніць вынікі выбараў.

Я разумею, што ўсім хочацца вынікаў пахутчэй. І пажадана з эфектнымі пошугамі кактэйляў молатава і заняццём прэзідэнцкага кабінета з жывой трансляцыяй у Інстаграм. Але такі погляд на рэчы абсалютна антыапалітычны. Я не стамлюся паўтараць: нельга ляпіць адзін і той жа шаблон на абсалютна розныя феномены. Гарлачык не вырасце ў пустыні, а баабаб не прыжывецца ў дрыгве. Хоць адрозненні паміж Беларуссю і Кыргызстанам, што не дазваляюць патрабаваць ад беларусаў паводзіць сябе як кыргызы, падаюцца цалкам відавочнымі, вымушаны іх паўтарыць.

а) Сацыяльна-дэмаграфічныя фактары. Кыргызстан – крайне бедная краіна. ВУП у тры разы меншы за беларускі. Вялізная ценевая эканоміка (нагадаю, Чуйская даліна – гэта менавіта там), афіцыйнае беспрацоўе 3,3% (сапраўдная куды болей). Па краіне моцна ўдарыў COVID. Сярэдні ўзрост кыргыза: 27,6 гадоў, беларуса: 39,6 гадоў. Адчуваеце розніцу? У выніку маем вялізную колькасць маладых мужчынаў, якія не скаваныя сацыяльнымі абавязкамі, але вельмі злых і не вельмі занятых. У Беларусі нават блізка не так.

б) Структурна-палітычныя фактары. За 15 гадоў гэта ўжо трэцяя (!) рэвалюцыя ў Кыргызстане. Папярэднія былі ў 2005 і 2010. То бок амаль кожны прэзідэнт сыходзіць праз кроў. Гэта сведчыць, што падобны спосаб змены ўлады ўжо замацаваўся ў палітычнай культуры краіны. Пры гэтым, у краіне ёсць парламенцкая апазіцыя, будзь-якія фармальныя інстытуты дэмакратыі, дзейная грамадзянская супольнасць. Бюракратычны апарат аслаблены барацьбой кланаў.

А што ў Беларусі? Кансалідаваны аўтарытарызм 26-гадовай вытрымкі. Адзіны лідар, маналітны дзяржаўны апарат, самая жорсткая дыктатура рэгіёна.

в) Колькасць міліцыі на 100 тысячаў насельніцтва ў Кыргызстане: 282 супрацоўніка. Гэта па дадзеных на 2013 год, а ў 2019 там ужо запланавалі скарачэнне апарата МУС. У Беларусі: 1442! Пры такім раскладзе ганяць АМАП куды прасцей, праўда?

У 2015 годзе старшыня фінансава-гаспадарчага кіравання МУС Кыргызстана на адкрытым паседжанні Грамадзянскай рады скардзіўся [2], што ў МУС не хапае грошаў на выплату заробкаў супрацоўнікам. Вы ўвогуле можаце ўявіць сабе такую сітуацыю ў Беларусі?

Крыху аб ходзе пратэстаў. На другі іх дзень ЦВК прызнаў вынікі парламенцкіх выбараў нядзейнымі, а міліцыя перайшла на бок пратэстоўцаў (што ёй яшчэ заставалася пры такой дыспрапорцыі сілаў?) У Беларусі, як вы ведаеце, нічога падобнага не было.

Такім чынам, падабенства ў беларускай і кыргызскай сітуацыі па сутнасці толькі адно: імкненне людзей скінуць нелігітымную ўладу праз вуліцу. Усё. Астатняе, па сутнасці, адрозненні. Кантэкст розны, улады розныя, пратэстоўцы розныя. Як жа тады можна рабіць параўнанні і патрабаваць ад беларусаў дзейнічаць “па кыргызскім сцэнары”? Каб зрабіць “як у Кыргызстане”, трэба быць у Кыргызстане. Сляпое перакладанне чужых паттэрнаў на нашыя ўмовы не прывядзе да анічога, апрача расчараванняў.

Ну, і ў выніку, калі ў кагосьці ў Беларусі чэшуцца рукі заняцца простым дзеяннем – ніхто ж не забараняе. Многія займаюцца ім ужо зараз [3], і масавага асуджэння ад грамадзянскай супольнасці (ужо) не назіраецца. А спрабаваць штурхаць статысячныя натоўпы на захопы будынкаў: кплівымі карцінкамі, наездамі ці пламеннымі заклікамі ў сваіх каналах – бескарысна і нават шкодна. Сёння мы бачым, што большасць беларусаў абралі для сябе шлях негвалтоўнага пратэсту, апрыёры больш доўгі і нудны. Добра гэта ці дрэнна – гэта здзейснены факт. Ці можа гэты вектар змяніцца на гвалтоўны? Так, можа. Але для гэтага патрэбныя аб’ектыўныя чыннікі. Людзі застаюцца глухімі да заклікаў, калі тыя не будуць трапляць у іх настрой. А настрой фармуецца далёка не пастамі ў тэлеграме, а наборам канкрэтных сацыяльна-эканамічных умоваў, частку з якіх я пералічыў вышэй.

Не будзем пры гэтым забывацца, што апрача ўсіх іншых адрозненняў, нават нашая канчатковая мэта розніцца з мэтай кыргызскіх пратэстоўцаў. Нам не патрэбная проста змена прэзідэнта ці пакаранне карнікаў пры ўладзе. Нашая мэта – будова ўстойлівых дэмакратычных інстытутаў і сацыяльная справядлівасць. І гэта тая самая праца, якая мусіць весціся месяцамі і гадамі, яна ніяк не можа быць паскорана кактэйлямі молатава. І да гэтай мэты мы ўжо актыўна ідзем – праз свае штодзённыя высілкі.

p.s. хто яшчэ не слухаў мой падкаст з аналізам негвалтоўных метадаў у пратэстах — вельмі запрашаю: https://youtu.be/EYIc75K1wQI

[1] – https://ibb.co/0ZVhFnT
[2] – https://vesti.kg/obshchestvo/item/37959-v-kyirgyizstane-samaya-malenkaya-chislennost-pravoohranitelnyih-organov-v-sng.html
[3] – https://t.me/MikolaDziadok/4503

У Мінску каля месца працы ў цэнтры “Корпус” была затрымана Марына Дубіна. Падчас затрымання мусара распылілі газ.

На другім фота – машына, у якую зацягнулі Марыну. На гэтай жа машыне карнікі 2 кастрычніка затрымалі ўдзельнікаў кааператыва “Улётка”.

Марына Дубіна – дырэктарка арганізацыі “Экадом”, выбітная выпускніца ЕГУ 2017 года [1] і наша таварышка. За сваю палітычную пазіцыю ўжо не раз падвяргалася рэпрэсіям: у 2017 годзе яе асудзілі [2] на 14 дней за ўдзел у “Маршы нетунеядцаў”, у чэрвені 2018-га трапіла [3] пад напад САХРа і ГУБАЗіКа ў лесе пад Крупкамі, у яе дома неаднаразова праходзілі ператрусы [4].

Хутчэй за ўсё, Марына цяпер знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС Мінска (вул.Арлоўская, 58\1). Вы можаце прыйсці туды, каб яе падтрымаць, або патэлефанаваць, каб даведацца ейны лёс.

Дзяжурная частка: +375172880202
Шахлай Артур Уладзіміравіч, старшыня Цэнтральнага РУУС +375291112255
Левашко Андрэй Раманавіч, старшыня Аператыўна-дзяжурнай службы Цэнтральнага РУУС +375256019539

[1] – https://ru.ehu.lt/faq/vyidayushhayasya-vyipusknitsa-2017-goda-marina-dubina/
[2] – https://www.svaboda.org/a/maryna-dubina/28400278.html
[3] – https://naviny.belsat.eu/news/sobr-razagnau-sustrechu-anarhistau-pad-krupkami-aktyvistau-prymusili-lyazhats-tvaram-u-zyamlyu-6-gadzinau-pad-dazhdzhom/
[4] – https://www.svaboda.org/a/28760943.html

Што і патрабавалася даказаць. Толькі надоечы я пісаў [1], што карная сістэма блізкая да калапсу праз дэфіцыт рэсурсаў, і ўлады самі гэта пацвярджаюць. Як відаць, мы маем спробу стварыць лаялісцкія сілавыя структуры з цывільнага насельніцтва.

Ці варта гаварыць, да чаго гэта прывядзе ва ўмовах, калі рэйтынг Лукашэнкі капашыцца ў межах 15%.

Пакуль парады даваць рана, прашу гомельцаў, якія працуюць на дадзеным прадпрыемстве, а таксама ўсіх, хто што-небудзь ведае аб падобных ініцыятывах, адпісаць у прыват.

[1] – https://www.facebook.com/happymikola/posts/1308750186142670

Яшчэ адна няўдачная акцыя скончылася для партызанаў затрыманнем

Што зразумела з сюжэта: калі хлопцаў затрымліваў ГУБАЗіК і САХР, значыць, іх ужо чакалі там. Цярпліва чакалі, пакуль кожны з іх пашкодзіць машыну, каб прыцягнуць да адказнасці можна было ўсіх да адзінага. Гэта значыць, што або сярод хлопцаў быў пацук (правакатар, які сам жа і падбіў на гэтыя дзеянні), або іхняя перапіска была перахвачана (вялі са скампраметаваных прыладаў ці ў небяспечных мэсэнджэрах).

Яшчэ дзве памылкі партызанаў:

1. Пяць чалавек для такой акцыі – гэта супершмат. Рэальна для такога дзеяння дастаткова 1-2 удзельнікаў. Болей удзельнікаў – болей рызыкі.
2. Ісці на справу трэба толькі з праверанымі людзьмі. З тымі, каму вы давяраеце, у ідэале з тымі, каго ведаеце даўно.

І напаследак. Калі толькі вы не падвяргаецеся жорсткаму фізічнаму прэсінгу, які не можаце трываць, НІКОЛІ не выбачайцеся на камеру, ды і без камеры таксама. Не прыносьце карнікам такога задавальнення.

 

Тры гады за драпіну

Знакавая падзея: прайшоў першы суд па крымінальным артыкулам за пратэсты ў перыяд выбарчай кампаніі. Маладзечнаўцы Уладзіслаў Еўсцігнееў і Павел Пескоў атрымалі [1] па тры гады за патасоўку ў Маладзечна, дзе спужаны АМАПавец схапіўся за ствол, як толькі яго штурхнулі. Пашкоджанні, атрыманыя карнікам: ранка на калене і на локце і парваныя нагавіцы.

Не тое каб падобны прысуд быў непрадказальным. Святаславу Барановічу, які надаваў у твар ціхару на Маршы Нетунеядцаў у 2017 годзе, таксама далі 3 гады (дарэчы, праз тыдзень ён вызваляецца [2]). Тут мы бачым, што ўлада канчаткова сцвердзілася ў падаўленні грамадскага непавінавання згодна з максімальна жорсткім сцэнарам: “Кожны, хто падняў руку на міліцыянта, будзе знойдзены і пакараны” – завярае Караеў. Тым самым яны спрабуюць сцвердзіць статус карніка, як прадстаўніка найвышэйшай касты, дотык да якога без яго дазволу ёсць парушэннем і замахам на саму сакральную сутнасць улады. А сябе ў чарговы раз ставяць над законам, дэманстратыўна паказваючы: мы можам біць, здзеквацца, запіхваць дручок у горла і гвалціць. А ты, калі ўдумаеш чыніць гэтаму адпор, атрымаеш тры гады.

Агулам, гэтая нечысць робіць усё, каб кожны пратэстоўца падумаў і вырашыў: ну тады і мне аглядвацца на закон болей не мае сэнсу.

Жорсткасць пакарання прымушае ўзгадаць нядаўнюю “маскоўскую справу”, дзе людзей цягнулі ў СІЗА і ўзбуджалі крымінальныя справы за такія ж пусцяковыя “траўмы”, і рэзананснае абвінавачванне за кінуты ў росгвардэйца пластыкавы кубак (чалавека хацелі судзіць за масавыя беспарадкі). Дык вось нават у беззаконнай Расіі Сяргея Абанічава, які кінуў гэты злашчасны кубачак, вызвалілі з СІЗА, пракуратура перад ім выбачылася і цяпер ён патрабуе кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне пад вартай. Гэта гаворыць аб тым, што наш рэжым цяпер нашмат горшы за расейскі.

Увогуле ж, не думаю, што тактыка запужвання і дэманстратыўна вялікіх тэрмінаў за адпор карнікам прынясе свой плён. Чаму? Бо, па-першае, абсалютная большасць людзей, якія чынілі адпор мянтам, не былі і не будуць знойдзены, негледзячы на ўсё надзіманне шчокаў Караевым. А па-другое, што карная функцыя закона дзейнічае толькі супраць людзей у здаровым розуме, якія кіруюцца халодным разлікам. Калі ў цябе на вачох карнікі збіваюць жанчыну ці калі за тваёй спінай сотні разгняваных людзей, з якімі ты можаш чыніць справядлівасць тут і цяпер, – ты прымяняеш гвалт проста таму, што ў гэты момант ты не думаеш аб артыкулах КК. І ніхто аб іх не думае. У спакойным стане ніхто не будзе біць міліцыянта. А калі ўжо б’юць, то не ў тым стане, калі табе ёсць справа да магчымых наступстваў.

Гэта як са смяротным пакараннем. Ягоныя прыхільнікі лічаць, што перспектыва быць расстраляным стрымлівае людзей ад цяжкіх злачынстваў. Але статыстыка гэта не пацвярджае. Проста забойцы або ўпэўненыя, што іх не знойдуць, або забіваюць у тым стане, калі ім усё адно.

Цяпер да практыкі. Як можна пазбегнуць новых вязняў у падобных сітуацыях:
1. Маскі і яшчэ раз маскі. А таксама галаўны ўбор. Ён істотна ўскладняе ідэнтыфікацыю асобы.
2. Калі вы зрабілі нешта падобнае, запарцеся бяспекай з першых хвілінаў. Сыдзіце з вуліцы, дзе ёсць камеры. Не гаварыце ні аб чым па тэлефоне. Па магчымасці хутчэй змяніце адзенне.
3. Калі вы знялі тое, што адбылося, на відэа, СПЯРША, чым камусьці высылаць, – замажце твары на відэа. Не можаце замазаць – не высылайце ўвогуле нікому, выдаліце з тэлефона і прайдзіцеся па пустым месцы прогай iShredder. Іьлвіная доля абвінавачаных па такіх справах атрымліваецца акурат з матэрыялаў, сабраных у адкрытых крыніцах.

Ну і самае галоўнае на сёння – не забывайцеся падтрымліваць вязняў і іх родных. Гэта героі новай Беларусі, іхнія імёны мусяць гучаць паўсюль, іх блізкія не павінны жыць у нестачы. На жаль, праваабаронцы маюць праблемы з прызнаннем такіх людзей палітвязнямі – бо фармальна Уладзіслаў Еўстыгнееў і Павел Пяскоў прымянілі гвалт. Але мы мусім выдатна засвоіць – гэта нават не палітвязні. Гэта ваеннапалонныя, што змагаліся супраць акупацыйнай адміністрацыі.

[1] – https://www.svaboda.org/a/30864483.html (https://www.svaboda.org/a/30864483.html)
[2] – https://t.me/belarus_abc/278 (https://t.me/belarus_abc/278)

Генеральны пракурор, па ідэі, мусіць стаяць на ахове закона, строга караць за парушэнні правоў і свабодаў грамадзян.

Месяц назад у Беларусі катавалі і згвалцілі некалькі сотняў чалавек. Каля дзесяці былі забітыя. Здавалася б, вось яна – праца для Генпракурора! Душы прыслухаўшы ён павінен весці расследванні, раздаваць указанні і секчы карным мячом закона голавы вінаватым: направа і налева.

Але ў Андрэя Шведа ёсць справы важнейшыя. Прыкладам, блогеры, якія пішуць штосьці сваімі клавіятурамі. Або грамадзяне, якія ходзяць па вуліцах без паперкі ад Мінгарвыканкама. Вось менавіта іх ён будзе чакаць і прыцягваць да адказнасці, як самых небяспечных злачынцаў. З усім імпэтам і руплівасцю, раздаючы мімаходам пагражальныя каментары СМІ. А ўсё таму, што не Генпракурор ён зусім. Гэта звычайны вартаўнік, які сцеражэ накрадзенае бабло мафіёзнай сямейкі. Вартавы сабака, калі хочаце. І то, што на гэтага сабаку напялілі форменае адзенне і навучылі выказвацца псеўдаюрыдычнай мовай, нікога не мусіць блытаць. Звычайны злачынца пад прыкрыццём дзяржаўных рэгалій. Калі заўтра на злодзея ў законе апрануць форму Міністра ўнутраных спраў, ён жа не стане для вас паважаным чалавекам і прадстаўніком легітымнай улады? Вось тое самае стаўленне павінна быць і да Андрэя Шведа.

Нагадаю, “знайсці і перасаджаць” усіх і кожнага мусары гразяцца як мінімум з ліпеня. Аб нікчэмнасці падобных заяваў я ўжо пісаў [1] i [2].

[1] – https://vk.com/mikola_dziadok?w=wall-136549508_3865
[2] – https://t.me/MikolaDziadok/3693

Моцная рука болей не моцная

Беспрэцэдэнтны фінт з патаемнай інаўгурацыяй азначае, перадусім, што асабістая бяспека для Лукашэнкі цяпер важнейшая за ўсё: легітымнасць, міжнароднае прызнанне, медыйную карцінку і імідж. Уласна, што перашкаджала абвясціць аб інаўгурацыі зарана, хаця б за дзень? Ці абвесціць дату, а месца сказаць, прыкладам, за гадзіну? Ачапіць прастору сілавікамі і прыляцець/уляцець на верталёце? Нічога. Ну, была б яшчэ адна акцыя пратэсту, магчыма, невялікія сутыкненні, але інаўгурацыя б адбылася, фармальнасці былі б захаваныя, і не было б такой ганьбы і прыніжэння.

Аднак, пэўна, тыя, хто фармуе карціну света Лукашэнкі, дакладваюць яму, што горад поўны тэрарыстамі, экстрэмістамі і агентамі замежных спецслужбаў, якія днямі і начамі плануюць узброенныя захопы ўлады. Адсюль і такі гіпертрафаваны страх за сваё жыццё. Дарэчы, гэта яшчэ адзін аргумэнт на карысць таго, што ўсе гэтыя размовы пра “буду адстрэльвацца да апошняга патрона” і “гатовы ісці да канца” – не болей за бравады альфа-самца, спроба напужаць суперніка павышэннем ставак, гістэрычны лямант і вылупленыя вочы. Аб такой мадэлі паводзінаў я ўжо пісаў раней [1].

У рэальнасці ўчорашнія паводзіны Лукашэнкі – гэта НЕ паводзіны моцнага лідара, якому пляваць на апанентаў і які гатовы рызыкаваць дзеля ўлады. Гэта паводзіны параноіка, які не ўпэўнены ні ў кім, у тым ліку ва ўласнай вертыкалі. Цяпер мы назіраем, як гадамі выбудоўвальны вобраз “моцнай рукі”, “бацькі”, які “ўсех пастроіць можэт” і “ўсех другіх пакручэ” раствараецца, нібы яго і не было. Броневыя камізэлькі на публічных выступах, бегатня з аўтаматам па пустых вуліцах, патаемная інаўгурацыя… Адчуваю, далей будзе яшчэ цікавей. Варта памятаць, што менавіта на гэтым аўтарытэце, на паказной смеласці і ўпэўненасці ў сабе трымаўся ўсе гэтыя гады імідж не толькі самога Лукашэнкі, але і рэжыма. Няма гэтага стрыжня – не можа быць і рэжыма.

Многія могуць задаць пытанне: але чаму ж тады Лукашэнку працягвае падтрымліваць вертыкаль і асабліва сілавікі, для якіх, здавалася б, гэты імідж крытычна важны? Дапушчу, што, хутчэй за ўсё, мяркуючы так, мы моцна пераацэньваем маральна-ідэйны складнік матывацыі сілавікоў. Прасцей кажучы, яны падтрымліваюць Лукашэнку з іншых прычынаў. Увесь мой досвед болей-меней нефармальнага стасавання з карнікамі пацвярджае, што ў абсалютнай большасці з іх стрыжнем матывацыі з’яўляецца матэрыяльная зацікаўленасць. Усё вельмі проста: яны атрымліваюць на гэтай працы столькі грошаў, колькі пры іх здольнасцях і кваліфікацыі яны не будуць атрымліваць анідзе. Ім болей некуды ісці. А цяпер яшчэ і страшна – бо пазбаўляешся аховы Сістэмы. Пакуль што плоцяць адносна нядрэнныя грошы, ёсць жытло й ільготы, дзеля гэтага можна і патрываць агіду да аб’екта тваёй аховы, пагатоў, што падаўляць асабістыя пачуцці і маральныя інстынкты навучылі яшчэ ў першыя гады службы. Так што цалкам паверу, што большасць слабавікоў зневажае Лукашэнку, але служаць яму і будуць працягваць служыць, пакуль гэта будзе для іх:

а) Адносна бяспечна фізічна
б) Дастаткова карысна матэрыяльна

Пры тых жа чынніках яны спакойна і без мітусні працягнуць служыць Ціханоўскай, негледзячы што яна “слабая жанчына”, “хатняя гаспадыня”, што яна “за Гейропу” і таму падобнае. Паверце, ідэйных сярод іх практычна няма. Гэта людзі-інструменты. А гэта яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што пасля перамогі дачыненні грамадства і сілавых структураў, а таксама падыход да забеспячэння бяспекі грамадзяніна мусіць быць у корні перагледжаны.

[1] – https://www.facebook.com/happymikola/posts/1260721310945558 (https://www.facebook.com/happymikola/posts/1260721310945558)

Ноу-хау карнікаў: вадамёты з падфарбаванай вадой

Падфарбаваная вада ў вадамётах выкарыстоўваецца паліцэйскімі па ўсім свеце. Яна патрэбная для таго, каб удзельнікаў пратэстаў можна было пазней ідэнтыфікаваць і затрымаць.

У некаторых краінах ідуць яшчэ далей, прыкладам, у Палестыне ізраільскія акупацыйныя войскі для разгону дэманстрантаў выкарыстоўваюць воду з дадаткам дужа смярдзючага рэчыва. Ад чалавека, на якога трапіла зусім ледзь-ледзь такой вады, агідна смярдзіць у некалькі метрах.

Магчымыя шляхі вырашэння праблемы:

а) Старацца не трапляць пад вадамёты
б) Насіць з сабою дажджавік ці апранаць адразу на акцыю. Калі што, ад яго можна хутка пазбавіцца.
в) Насіць з сабой парасончык (прыклад Ганконга). Ён не толькі абароніць ад струмняў з вадамёта, але і добра закрые абзор камер відэанагляду.