Хочаце як у Кіргізіі?

Шчырае захапленне падзеямі ў Кыргызстане ўва многіх палітычна актыўных грамадзянаў змянілася ўздыхамі расчаравання: “Яны за дзень скінулі ўладу, а мы ўжо два месяцы ходзім, і нічога!” Ажывіліся і радыкалы з тэлеграма з традыцыйнымі тэзісамі аб “бессэнсоўнасці” мірнага пратэсту. Наноў пайшлі гарачыя заклікі: хопіць ужо хадзіць з балонікамі, час паліць і рэзаць! З’явіліся кплівыя відарысы [1], дзе выяўляюць кыргызскага пратэстоўца крутым Доге, а беларускага – плачлівым Чымсам.

Для тых, хто не сачыў за навінамі, коратка: у Кыргызстане прайшлі парламенцкія выбары, перамаглі на якіх партыі брата дзейнага прэзідэнта, а таксама вядомага карупцыянера, намесніка старшыні мытні. Пратэстоўцы выйшлі на вуліцу, пасля дня боек з сілавікамі занялі некалькі адміністратыўных будынкаў і прымусілі ЦВК адмяніць вынікі выбараў.

Я разумею, што ўсім хочацца вынікаў пахутчэй. І пажадана з эфектнымі пошугамі кактэйляў молатава і заняццём прэзідэнцкага кабінета з жывой трансляцыяй у Інстаграм. Але такі погляд на рэчы абсалютна антыапалітычны. Я не стамлюся паўтараць: нельга ляпіць адзін і той жа шаблон на абсалютна розныя феномены. Гарлачык не вырасце ў пустыні, а баабаб не прыжывецца ў дрыгве. Хоць адрозненні паміж Беларуссю і Кыргызстанам, што не дазваляюць патрабаваць ад беларусаў паводзіць сябе як кыргызы, падаюцца цалкам відавочнымі, вымушаны іх паўтарыць.

а) Сацыяльна-дэмаграфічныя фактары. Кыргызстан – крайне бедная краіна. ВУП у тры разы меншы за беларускі. Вялізная ценевая эканоміка (нагадаю, Чуйская даліна – гэта менавіта там), афіцыйнае беспрацоўе 3,3% (сапраўдная куды болей). Па краіне моцна ўдарыў COVID. Сярэдні ўзрост кыргыза: 27,6 гадоў, беларуса: 39,6 гадоў. Адчуваеце розніцу? У выніку маем вялізную колькасць маладых мужчынаў, якія не скаваныя сацыяльнымі абавязкамі, але вельмі злых і не вельмі занятых. У Беларусі нават блізка не так.

б) Структурна-палітычныя фактары. За 15 гадоў гэта ўжо трэцяя (!) рэвалюцыя ў Кыргызстане. Папярэднія былі ў 2005 і 2010. То бок амаль кожны прэзідэнт сыходзіць праз кроў. Гэта сведчыць, што падобны спосаб змены ўлады ўжо замацаваўся ў палітычнай культуры краіны. Пры гэтым, у краіне ёсць парламенцкая апазіцыя, будзь-якія фармальныя інстытуты дэмакратыі, дзейная грамадзянская супольнасць. Бюракратычны апарат аслаблены барацьбой кланаў.

А што ў Беларусі? Кансалідаваны аўтарытарызм 26-гадовай вытрымкі. Адзіны лідар, маналітны дзяржаўны апарат, самая жорсткая дыктатура рэгіёна.

в) Колькасць міліцыі на 100 тысячаў насельніцтва ў Кыргызстане: 282 супрацоўніка. Гэта па дадзеных на 2013 год, а ў 2019 там ужо запланавалі скарачэнне апарата МУС. У Беларусі: 1442! Пры такім раскладзе ганяць АМАП куды прасцей, праўда?

У 2015 годзе старшыня фінансава-гаспадарчага кіравання МУС Кыргызстана на адкрытым паседжанні Грамадзянскай рады скардзіўся [2], што ў МУС не хапае грошаў на выплату заробкаў супрацоўнікам. Вы ўвогуле можаце ўявіць сабе такую сітуацыю ў Беларусі?

Крыху аб ходзе пратэстаў. На другі іх дзень ЦВК прызнаў вынікі парламенцкіх выбараў нядзейнымі, а міліцыя перайшла на бок пратэстоўцаў (што ёй яшчэ заставалася пры такой дыспрапорцыі сілаў?) У Беларусі, як вы ведаеце, нічога падобнага не было.

Такім чынам, падабенства ў беларускай і кыргызскай сітуацыі па сутнасці толькі адно: імкненне людзей скінуць нелігітымную ўладу праз вуліцу. Усё. Астатняе, па сутнасці, адрозненні. Кантэкст розны, улады розныя, пратэстоўцы розныя. Як жа тады можна рабіць параўнанні і патрабаваць ад беларусаў дзейнічаць “па кыргызскім сцэнары”? Каб зрабіць “як у Кыргызстане”, трэба быць у Кыргызстане. Сляпое перакладанне чужых паттэрнаў на нашыя ўмовы не прывядзе да анічога, апрача расчараванняў.

Ну, і ў выніку, калі ў кагосьці ў Беларусі чэшуцца рукі заняцца простым дзеяннем – ніхто ж не забараняе. Многія займаюцца ім ужо зараз [3], і масавага асуджэння ад грамадзянскай супольнасці (ужо) не назіраецца. А спрабаваць штурхаць статысячныя натоўпы на захопы будынкаў: кплівымі карцінкамі, наездамі ці пламеннымі заклікамі ў сваіх каналах – бескарысна і нават шкодна. Сёння мы бачым, што большасць беларусаў абралі для сябе шлях негвалтоўнага пратэсту, апрыёры больш доўгі і нудны. Добра гэта ці дрэнна – гэта здзейснены факт. Ці можа гэты вектар змяніцца на гвалтоўны? Так, можа. Але для гэтага патрэбныя аб’ектыўныя чыннікі. Людзі застаюцца глухімі да заклікаў, калі тыя не будуць трапляць у іх настрой. А настрой фармуецца далёка не пастамі ў тэлеграме, а наборам канкрэтных сацыяльна-эканамічных умоваў, частку з якіх я пералічыў вышэй.

Не будзем пры гэтым забывацца, што апрача ўсіх іншых адрозненняў, нават нашая канчатковая мэта розніцца з мэтай кыргызскіх пратэстоўцаў. Нам не патрэбная проста змена прэзідэнта ці пакаранне карнікаў пры ўладзе. Нашая мэта – будова ўстойлівых дэмакратычных інстытутаў і сацыяльная справядлівасць. І гэта тая самая праца, якая мусіць весціся месяцамі і гадамі, яна ніяк не можа быць паскорана кактэйлямі молатава. І да гэтай мэты мы ўжо актыўна ідзем – праз свае штодзённыя высілкі.

p.s. хто яшчэ не слухаў мой падкаст з аналізам негвалтоўных метадаў у пратэстах — вельмі запрашаю: https://youtu.be/EYIc75K1wQI

[1] – https://ibb.co/0ZVhFnT
[2] – https://vesti.kg/obshchestvo/item/37959-v-kyirgyizstane-samaya-malenkaya-chislennost-pravoohranitelnyih-organov-v-sng.html
[3] – https://t.me/MikolaDziadok/4503