Беспрэцэдэнтны фінт з патаемнай інаўгурацыяй азначае, перадусім, што асабістая бяспека для Лукашэнкі цяпер важнейшая за ўсё: легітымнасць, міжнароднае прызнанне, медыйную карцінку і імідж. Уласна, што перашкаджала абвясціць аб інаўгурацыі зарана, хаця б за дзень? Ці абвесціць дату, а месца сказаць, прыкладам, за гадзіну? Ачапіць прастору сілавікамі і прыляцець/уляцець на верталёце? Нічога. Ну, была б яшчэ адна акцыя пратэсту, магчыма, невялікія сутыкненні, але інаўгурацыя б адбылася, фармальнасці былі б захаваныя, і не было б такой ганьбы і прыніжэння.
Аднак, пэўна, тыя, хто фармуе карціну света Лукашэнкі, дакладваюць яму, што горад поўны тэрарыстамі, экстрэмістамі і агентамі замежных спецслужбаў, якія днямі і начамі плануюць узброенныя захопы ўлады. Адсюль і такі гіпертрафаваны страх за сваё жыццё. Дарэчы, гэта яшчэ адзін аргумэнт на карысць таго, што ўсе гэтыя размовы пра “буду адстрэльвацца да апошняга патрона” і “гатовы ісці да канца” – не болей за бравады альфа-самца, спроба напужаць суперніка павышэннем ставак, гістэрычны лямант і вылупленыя вочы. Аб такой мадэлі паводзінаў я ўжо пісаў раней [1].
У рэальнасці ўчорашнія паводзіны Лукашэнкі – гэта НЕ паводзіны моцнага лідара, якому пляваць на апанентаў і які гатовы рызыкаваць дзеля ўлады. Гэта паводзіны параноіка, які не ўпэўнены ні ў кім, у тым ліку ва ўласнай вертыкалі. Цяпер мы назіраем, як гадамі выбудоўвальны вобраз “моцнай рукі”, “бацькі”, які “ўсех пастроіць можэт” і “ўсех другіх пакручэ” раствараецца, нібы яго і не было. Броневыя камізэлькі на публічных выступах, бегатня з аўтаматам па пустых вуліцах, патаемная інаўгурацыя… Адчуваю, далей будзе яшчэ цікавей. Варта памятаць, што менавіта на гэтым аўтарытэце, на паказной смеласці і ўпэўненасці ў сабе трымаўся ўсе гэтыя гады імідж не толькі самога Лукашэнкі, але і рэжыма. Няма гэтага стрыжня – не можа быць і рэжыма.
Многія могуць задаць пытанне: але чаму ж тады Лукашэнку працягвае падтрымліваць вертыкаль і асабліва сілавікі, для якіх, здавалася б, гэты імідж крытычна важны? Дапушчу, што, хутчэй за ўсё, мяркуючы так, мы моцна пераацэньваем маральна-ідэйны складнік матывацыі сілавікоў. Прасцей кажучы, яны падтрымліваюць Лукашэнку з іншых прычынаў. Увесь мой досвед болей-меней нефармальнага стасавання з карнікамі пацвярджае, што ў абсалютнай большасці з іх стрыжнем матывацыі з’яўляецца матэрыяльная зацікаўленасць. Усё вельмі проста: яны атрымліваюць на гэтай працы столькі грошаў, колькі пры іх здольнасцях і кваліфікацыі яны не будуць атрымліваць анідзе. Ім болей некуды ісці. А цяпер яшчэ і страшна – бо пазбаўляешся аховы Сістэмы. Пакуль што плоцяць адносна нядрэнныя грошы, ёсць жытло й ільготы, дзеля гэтага можна і патрываць агіду да аб’екта тваёй аховы, пагатоў, што падаўляць асабістыя пачуцці і маральныя інстынкты навучылі яшчэ ў першыя гады службы. Так што цалкам паверу, што большасць слабавікоў зневажае Лукашэнку, але служаць яму і будуць працягваць служыць, пакуль гэта будзе для іх:
а) Адносна бяспечна фізічна
б) Дастаткова карысна матэрыяльна
Пры тых жа чынніках яны спакойна і без мітусні працягнуць служыць Ціханоўскай, негледзячы што яна “слабая жанчына”, “хатняя гаспадыня”, што яна “за Гейропу” і таму падобнае. Паверце, ідэйных сярод іх практычна няма. Гэта людзі-інструменты. А гэта яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што пасля перамогі дачыненні грамадства і сілавых структураў, а таксама падыход да забеспячэння бяспекі грамадзяніна мусіць быць у корні перагледжаны.
[1] – https://www.facebook.com/happymikola/posts/1260721310945558 (https://www.facebook.com/happymikola/posts/1260721310945558)