Думаю, усе ўжо чыталі навіну пра прызнанне канала і лагатыпа NEXTA экстрэмісцкімі [1]. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, дзіўна толькі, што гэта адбылося так позна. Тлумачым, чаму гэта ўвогуле стала магчымым у Беларусі.
Як і ў выпадку з міліцэйскім самачынам, з антыэкстрэмісцкім заканадаўствам мы мелі заўсёдны нарастальны ціск Сістэмы на асобныя групы людзей: маргіналізаваныя, стыгматызаваныя, якія не маюць уплывовай грамадскай абароны. У 2006 годзе, пасля першай Плошчы, быў прыняты закон “аб супрацьдзеянні экстрэмізму” [2]. Апрача відавочнай рэпрэсіўнай скіраванасці, галоўнае ў ім – гранічна расплывістае вызначэнне экстрэмізму, прыкладам, у адным з пунктаў, экстрэмізм вызначаецца як “распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ЦІ ІНШАЙ сацыяльнай варожасці ці розні”, а пад паняцце “экстрэмісцкай дзейнасці” трапляла, прыкладам, “фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці ці ІНШАЯ садзейнасць у ейным здзяйсненні”. Увогуле, закон, як у нас вядзецца, пісаўся навырост, каб пад экстрэмізм пры жаданні можна было б падвесці ўсё, што патрэбна карнай сістэме.
Доўгі час прымяненне закона адпрацоўвалася на анархістах, футбольных заўзятарах, ультраправых і мусульманах. Яшчэ ў 2016 годзе былі абвешчаныя экстрэмісцкімі і заблакаваныя сайты і паблікі анархісцкіх групаў “Прамень”, “Анархічны чорны крыж – Беларусь” і іншых. Гэта выклікала досыць кволую грамадскую рэакцыю. У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў былі ўнесеныя таксама анархічныя кнігі, у тым ліку сусветна вядомых пісьменнікаў, напрыклад, “Анархія працуе” Пітэра Гелдэрлаоса і нават DIY-зін “Свабода або смерць”, які я выпускаў у 18 гадоў [3].
Увогуле, праславуты Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў [4] стаў узорнай дэманстрацыяй чыноўніцкага маразма ў Беларусі. У ім можна сустрэць такія пазіцыі, як, напрыклад, “Брошь серого цвета” або “аудиофайл 196296.mp3”, “диск с надписью Go Vegan!” (Гэта ўсё цытаты, я не выдумляю), расійскі забаўляльны паблік “Контур гусі” з 1,7 млн падпісантаў і гэтак далей.
Прадчуванне таго, што хутка абвінавачванне ў экстрэмізме стане ідэальнай зброяй для расправы з усімі іншадумцамі, прымусіла мяне зняць яшчэ ў чэрвені 2018 года аналітычнае відэа пра феномен “барацьбы з экстрэмізмам” [5]. У ім я сказаў, што ўсё ідзе да таго, што ўчора экстрэмістамі абвяшчалі анархістаў і нетрадыцыйные рэлігійныя супольнасці, сёння – футбольных заўзятараў і найбольш радыкальную апазіцыю, пазаўтра экстрэмізмам абвесцяць увогуле любую вострую крытыку ўлады. Роўна гэтае і адбылося праз 2 гады з невялічкім.
Гледзячы, што тэма нармальна пракатвае і грамадству няма справы, МУС, вядома, пайшло далей, ва ўгары пачаўшы забараняць субкультурныя абрэвіятуры ACAB і СЛОН, у рэальнасці даходзіла да таго, што хлопцаў з такімі нашыўкамі затрымлівалі проста на вуліцы. Людзей пачалі штрафаваць і саджаць на содні за рэпосты з “экстрэмісцкіх” паблікаў, нават калі рэпост быў зроблены яшчэ да абвяшчэння пабліка экстрэмісцкім. У спробах абудзіць якую-небудзь грамадскую хвалю з гэтай нагоды ў лютым 2019 года я пачаў кампанію ЯЭКСТРЕМИСТ [6], у межах якой збіраў подпісы за адмену закона пра супрадзеянне экстрэмізму, друкаваў і ляпіў налепкі, рабіў значакі (дарэчы, дагэтуль раздаю :), пісаў мноства пастоў і даваў каментары тым нямногім СМІ, якія гэтым зацікавіліся, дэманстратыўна фатаграфаваўся з “экстрэмісцкімі” абрэвіятурамі ў цэнтры горада. А галоўнае – праводзіў флэшмоб “#яэкстремист”, заклікаючы людзей смела размяшчаць у сябе ў сацсетках любы матэрыял са Спіса і суправаджаць крато, бо ўсе гэтыя законы скіраваныя на запужванне і аб’ектыўна у Сістэмы няма рэсурсаў вылічыць і пакараць усіх. Масавым жа распаўсюдам мы фактычна адмяняем гэты закон самі, знізу, бо калі пакарання за парушэнне няма, то і няма закона. Калі ж мы запусцім сітуацыю, то прыйдзем да расійскага варыянта, дзе 2 гады калоніі за мемасік ужо нікога не здзіўляюць.
Вынікі мабілізацыі аказаліся скромнымі: у флэшмобе паўдзельнічала 39 чалавек, але, дарэчы, адміністратыўкі па 17.11 КаАП атрымалі толькі чацвёра. Вядома, калі б я ведаў, што суд Цэнтральнага раёна падгоніць мне два мільёны ўдзельнікаў для флэшмоба, то я б нават не рыпаўся ????
Сваім дзеяннем улада вельмі дапамагла палітычным радыкалам і прыхільнікам пераменаў. Абражаючы экстрэмістамі 2 мільёны чалавек (цяпер кожны, хто мае ў Тэлеграме падпіску на NEXTA, тэарэтычна можа быць прыцягнуты па 17.11 КаАП), яны чым далей, тым болей дэвальвуюць гэты тэрмін, паказваючы, што каб стаць экстрэмістам, не трэба быць крыважэрным урвіцелем-баевіком, а дастаткова чытаць тое, што не паказваюць па тэлевізары. То бок улада думала запусціць сваю колішнюю зброю ідэялагічнай гегемоніі: аперуючы дыскурсам “нармальнасці”, выціснуць за межы прымальнага, паставіць па-за законам усіх іншадумцаў, і тым самым растлумачыць расправу. Аднак крыху памыліліся з маштабам і эфект атрымаўся рыхтык супрацьлеглы. Слова “экстрэміст”, што раней мела негатыўнае адценне, цяпер высілкамі самой улады перафарматуецца і пераўтвараецца ў сінонім вальнадумца і смяльчака. Дарэчы, такое ж самае здарылася са шмат якімі мянушкамі бунтароў, прыкладам, словы “санкюлот” [7], “гёз” [8], “анархіст” пачаткова таксама сталі прыніжальнымі ярлыкамі, а потым пераўтварыліся ў саманазвы.
Менавіта пагэтаму я лічу не зусім паспяховым рашэннем тое, што NEXTA змяніў лагатып і назву. Патрэбна было, наадварот, ісці на поўную канфрантацыю, паказваючы тым самым, што гэта мы тут вырашаем, што дапушчальна, а што не, што рэальная ўлада за намі. Відавочна, што дзяржава не ў стане прыцягнуць да адказнасці нават 1% з 2 млн падпісантаў. І гэты факт, як нішто іншае, мог бы дэманстраваць нашую сілу і іх бяссільнасць. У выпадку, калі дзяржава навязвае цэнзуру, найлепшы спосаб барацьбы – гэта прамое дзеянне. Мы чытаем, глядзім і рэпосцім тое, што хочам, і дзяржава нам не ўказ. Імкнучыся граць, як раней, роль старога бацькі, які вырашае за неразумных дзетак, што ім можна, а што не, дзяржава спарахнела да старэчай заслоны ў вачох: беларусы даўно выраслі.
[1] – https://42.tut.by/704735
[2] – https://www.pravo.by/document/?guid=3871&p0=H10700203
[3] – https://mikola.noblogs.org/?p=513
[4] – http://mininform.gov.by/documents/respublikanskiy-spisok-ekstremistskikh-materialov/
[5] – https://youtu.be/Y59SPWr7mEI
[6] – https://mikola.noblogs.org/?p=3083
[7] – https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D0%B0%D0%BD%D0%BA%D1%8E%D0%BB%D0%BE%D1%82%D1%8B
[8] – https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%93%D1%91%D0%B7%D1%8B
1 comment so far ↓
coupons for erectile dysfunction
best erectile dysfunction pumps
erectile with long time