Экстрэмісты – смелыя, і экстрэмісты перамогуць

За мінулы год і на пачатак 2019 г. канвеерныя суды асудзілі ужо 8 чалавек па артыкулах, так ці інакш звязаных з «экстрэмізмам». Была і першая крымінальная справа – за відэа Укантакце.. Судзяць за шапкі, пасты ў сацыяльных сетках, за каментары, за рэпосты. «Можна сесці і за лайкі!» – папярэджвае Следчы камітэт.
Некаторых судзяць па некалькі разоў за месяц (!) Людзей хапаюць ля дому і прысуджаюць буйныя штрафы, у надзеі, што медыя стомяцца пісаць аб ужо такім звычным бязмежжы, і чалавек застанецца з бядой сам-насам.
Толькі за першы месяц гэтага году асуджаных ужо трое! Пакуль даюць штрафы. Але толькі пакуль.

Вы думаеце, вас гэта не закране – вы не анархіст і не посціце гітлераў на старонцы? Тады паглядзіце на тэндэнцыі. Пад прэс трапляюць пратэстанты і сведкі Іеговы, прыхільнікі легалізацыі марыхуаны, прадстаўнікі ЛГБТК і свінгеры І хай не ў кожным разе гучыць слова «экстрэмізм», але яго ўсе часцей выкарыстоўваюць для абагульнення і крыміналізацыі ўсе большай колькасці людзей.

З сайтам і старонкамі ў сацсетках паступаюць гэтаксама. Чаму і як іх прызнаюць экстрэмісцкімі – ніхто не ведае. Усё робіцца на закрытых камісіях, дзе «эксперты» з начосамі і без, які інтэрнэт ведаюць па «Одноклассникам», вырашаюць, што нам можна рэпосціць, а за якія рэпосты мы будзем сядзець. Ніхто з простых смяротных да паседжання камісіі не дапускаецца. Выкрэсліць са спісу матэрыялы, аднойчы прызнаныя забароненымі, немагчыма.

Нас пазбаўляюць свабоды, бяспекі і годнасці.

У красавіку ўПалаце прадстаўнікоў будуць разглядаць чарговую папраўку ў «Закон аб барацьбе з экстрэмізмам». Вы запытаецеся, куды яшчэ ўзмацняць? Яны знайшлі куды. Павялічэнне штрафаў – раз. Крыміналка за «рэабілітацыю нацызму» (рыхтуйцеся, гісторыкі) – два. Увод адміністрацыйнай адказнасці за «дэманстрацыю сімволікі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый» – тры.

Тое, што адбываецца, гэта адабранне ў нас свабоды, бяспекі і годнасці.

Свабоды – таму што зараз перад тым, як нешта сказаць ці напісаць, нам трэба будзе баяцца і тройчы думаць. Гэта – мара Шуневіча.
Бяспекі – таму што рэжымныя псы пашыраюць сваё легальнае права атакаваць нас, затрымліваць, збіваць, саджаць і штрафаваць. Затрымаць, урывацца ў нашыя кватэры і ставіць нас на калені могуць любога.
Годнасці – таму што іх мэта, каб мы жылі ў штодзённым страху.

Грамадства ўжо ўпусціла момант, калі ў яго забралі права ўзбурацца і размаўляць на вуліцы. Зараз, пабачыўшы, што «схавалі», хочуць забраць тыя ж правы і ў інтэрнэце.
Калі гэта не спыніць, пасля штрафаў за рэпосты, хутка пойдуць суткі, а потым і крыміналкі, як у Расіі. Яны АБАВЯЗКОВА дойдуць да гэтага, калі мы прамаўчым.

Аднак мы не прамаўчым. Мы не хочам такой будучыні ані сабе, ані сваім дзецям.

Выхад адзін, як і ва ўсе вякі – супраціў. Калі грамадства маўчыць – чаму б не заганяць пад лаву? Калі супраціўляецца – тройчы падумаюць перад тым, як закруціць гайкі.

Не сядзі і не думай «я нічога не змяню, бо нас мала». Прыйшоў час кожнаму зрабіць хоць маленькі, сімвалічны крок, каб перадухіліць жыццё ў ганьбе, прыніжэнні і небяспецы.

Што можна зрабіць?

Сказаць уголас: я – экстрэміст. Жадаеце павесіць жахлівы ярлык на кожнага, хто мае уласнае меркаванне? Што ж, мы зробім так, што гэты ярлык спачатку згубіць той сэнс, якім яго надзяляюць карныя службы і іх прапагандысты. А заўтра і ўвогуле стане сінонімам годнага сумленнага чалавека.

Сёння, дзякуючы тым жа сацсеткам, наяўнасці смелых актывістаў, якія не баяцца рызыкаваць і пакутваць за свае перакананні, мы можам падняць тую хвалю, якая прымусіць іх захлынуцца. Паказаць, што экстрэмістаў не два, не пяць не дзесяць. Людзей, якія гатовыя змагацца за сваё права выказвацца – столькі, што ім з намі не справіцца!

Дзеля гэтага мы пачынаем кампанію, якая так і называецца: #яэкстрэміст з адным патрабаваннем: АДМЯНІЦЬ ЗАКОН АБ СУПРАЦЬДЗЕЯННІ ЭКСТРЭМІЗМУ.

Яна разлічаная на доўгі час, але проста зараз далучайцеся да флэшмоба. Усяго ў тры крокі:
1. Адкрываеце спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
2. Знаходзіце там любы матэрыял на свой густ.
3. Пішаце\раздрукоўваеце\фоткаеце\робіце сэлфі з ім і выкладваеце з хэштэгам #яэкстрэміст .

Не хочаце піліць матэрыялы пэўнага ідэалагічнага зместу (тым больш там сапраўды ёсць і шлак)? Не праблема. У спісе ёсць цудоўная пазіцыі накшталт: «аудиофайл “196296.mp3″» альбо відэафайл «Без названия», «Стикер, содержащий надпись “ПРОТЕСТ”» и таму падобнае. Крэатыўце – хай менты ламаюць сабе голавы. Ім за гэта плацяць.

Сфоткайцеся з любой сімволікай, якую дзяржава можа палічыць экстрэмісцкай, суправадзіце хэштэгам #яэкстрэміст і выкладзіце ў сацсетках. Сфоткайцеся проста са сваім уласным выказваннем у абарону свабоду слова. Не хочаце «паліцца» – зрабіце фота з фэйкавага акаўнту, ці проста зрабіце рэпост гэтага запісу. Зрабіце налепку, ці пакіньце надпіс #якэстрэміст там, дзе іх пабачаць. Праяўляйце фантазію і крэатыўнасць! Галоўнае – паказаць ім , што МЫ НЕ ПРЫЗНАЕМ ЗА ІМІ ПРАВА НАС КАНТРАЛЯВАЦЬ!

Доўгая гісторыя паразаў развучыла многіх верыць у свае сілы. Гэта тое, чаго хоча ўлада: сядзіце і не рыпайцеся. Але зараз у нас ёсць рэальны шанец перамагчы, бо поспех залежыць не ад волі лідараў, а ад волі і актыўнасці кожнага з нас. А нас болей, чым яны думаюць. Адмахнуцца – не атрымаецца. Мы – смелыя. Мы – моцныя. І з намі прыйдзецца лічыцца. Станавіся побач і не бойся. Мы пераможам!

#яэкстрэміст
#яэкстремист