Здаровае харчаванне ва ўмовах эканамічнага крызісу

Вельмі актуальны артыкул даслаў падпісант

 

Зараз мы навучымся рэцэптам здаровай і пажыўнай ежы на выпадак розных крызісаў. Да таго ж зможам за нядорага зрабіць рэзервы харчавання, для кармлення як сабе і сваіх знаёмых, так і іншых асобаў у патрэбе.

Сачавіца (зялёная), маш, нут. Шукаем на рынках, у прыватнасці камароўка. Кілаграм каштуе каля 5-7 рублёў, у звычайных крамах, хутчэй за ўсё, цэннік неадэкватны, таму на рынках ці адмысловых крамах на разважанне.

Запасаемся з разліку хаця б 10 кг на чалавека. Захоўвацца яно можа вельмі доўга.

Правільна прыгатаваныя, яны з’яўляюцца здаровай і пажыўнай ежай (гугл у дапамогу). У адрозненне ад кашаў і гародніны, наесціся досыта можна нават невялікай порцыяй. У складзе дастаткова бялкоў, павольных вугляводаў, абалоніны і мікраэлементаў. На адным гэтым рацыёне можна пратрымацца доўга і з карысцю для здароўя.

Як гэта гатаваць: спачатку прарошчваем, прасейваем на талерачцы ад камяшкаў абавязкова, прамываем, заліваем вадой, ставім у цёплае месца ад дня да трох. Калі болей за дзень – ваду трэба мяняць, можа забрадзіць. У такі тэрмін зярняткі разбухаюць і пачынаюць прадзёўбвацца. Тыя, хто хоча, можа прарошчваць далей да парасткаў, так нават карысней.

На порцыю ежы патрэбна прыблізна траціна кубка (60 мл) сухіх зерняў. Улічвайце, зярняткі моцна разбухаюць. Прарошчанае можна з’есці ў сырым выглядзе (калі здолееце), але рэкамендуецца абліць кіпнем, каб не падхапіць заразу. У сырым выглядзе яно карыснейшае, але, калі зварыць, кушаць нашмат прыемней. Доўга варыць не трэба, страчваюцца карысныя ўласцівасці. Далей закідваем соль, спецыі і аліўкавы алей, атрымліваецца смачна.

Прарошчваць можна роўна столькі, каб з’есці ці зрабіць запасы ў лядоўні.

Аліўкавы алей (не сланечнікавы!) наш другі важны інгрыдыент (бо амега-9). Бяром аліўкавы алей з мінімальнай апрацоўкай і без прымясяў (нятанна, але ён таго варты і хопіць яго надоўга). Дадаем лыжку пасля варкі (на аліўкавым алеі не гатуюць, дадаюць пасля). Пажадана мець некалькі літраў у запасе на чалавека. Захоўваем у цёмным прахалодным месцы.

Супербюджэтны варыянт – пшаніца і іншыя зярнавыя. За смешныя грошы можна набыць некалькі мяшкоў (50 кг мяшок), і гэтага хопіць на вельмі доўга (ці на многіх). Шукаем па аб’явах. Спосаб гатавання такі ж самы, але прарошчваць трэба даўжэй, хутчэй ад трох дзён. Пшаніца не такая прыемная ў спажыванні, але на крызіс згадзіцца. Яе лягчэй з’есці, калі пракруціць у мясарубцы. Пракручваць трэба пасля варкі, інакш заліпае. Пракручанае можна высушыць, каб зрабіць запасы хуткага гатавання, і потым зноў размачваць.

Гэтыя рэцэпты можна ўжываць тут і цяпер, гэта дазволіць моцна эканоміць на ежы, зменшыць спажыванне ці ўвогуле адмовіцца ад дарагіх прадуктаў (прыкладам, мяса). Заходзячы ў краму, лічыце самі – адна катлетка каштуе некалькі рублёў, на гэтыя грошы можна і здаравей харчавацца цэлы тыдзень.

Далей будзе яшчэ некалькі парадаў, як падняць сваю эфектыўнасць і здароўе падчас крызісу і пры гэтым з’эканоміць.

Крыніца