Пакуль я збіраўся гэта зрабіць, ён сам з’явіўся і ўсё расказаў.
Мая думка наконт Шабуцкага не змянілася: я яму веру. Я веру, што ён сапраўды той, за каго сябе выдае: рэвалюцыянер і прыстойны чалавек. Чаму – падрабязна патлумачыў у сваім даўнім пасце [1]. Мая думка не змянілася.
Абсалютная большасць людзей, якія вінавацяць Шабуцкага ў правакатарстве, паглядзела некалькі хвілінаў ягонага відэа і не сталі разбірацца. Прасцей жа сказаць, што любы невядомы табе раней радыкал – правакатар і КДБшнік. Прыкідвайся вялікім спецам па агентуры і ў вачах галоднай да простых адказаў аўдыторыі адразу сыйдзеш за разумнага. Аднаму нашаму блогеру-уфолагу і ўвогуле “па сакрэце” паведамілі, што Шабуцкі – гэта праект ААЦ! (смех у залі). Людзі, прашу, кідайце канспіралагічнае мысленне. Яно скажае рэчаіснасць і вынішчае магчымасць разважлівага аналізу.
Я паглядзеў усе ролікі Шабуцкага (а іх там, нагадаю, болей за 30 гадзін) і прачытаў увесь план “Багратыён” (за выключэннем гістарычнай часткі). І я зрабіў гэта не для таго, каб даведацца чагосьці новага, а каб канчаткова вызначыцца ў сваёй думцы наконт гэтага чалавека. І гэтая думка засталася ранейшай.
Чалавек, які гарлапаніць, што ўсе вакол мянты і правакатары, мала таго што, хутчэй за ўсё, не турбуе сябе складанымі мыслёвымі канструкцыямі, так яшчэ і сее ў нашай супольнасці падазрэнне і параною, тым самым робячы за мянтоў вялізны кавалак працы.
Памятайце, сябры, аб брытвы Акама. Не стварайце сутнасцей. Самае простае тлумачэнне, як правіла, будзе самым слушным. Не варта тлумачыць мудрагелістымі канспіралагічнымі тэорыямі тое, што можа быць патлумачана простымі прычынна-выніковымі сувязямі. А тое ў нас палова блогераў – гэта Кісялёвы наадварот. У таго за кожным палітычным працэсам у любым пункце света стаіць Амерыка. А ў ніх – Пуцін ці КДБ.
Цяпер Шабуцкі выкладае ролікі з уласным планам дзеянняў. Амаль з усім згодзен. Маюцца перагібы ў бок гвалту, але агулам падыход сістэмны і інтэлектуальны. Відаць, што папрацаваў над памылкамі.
[1] – https://t.me/MikolaDziadok/3708