Зноў многія пачалі пісаць мне, што ў іх апатыя. Змагаемся-змагаемся, а рэжым дагэтуль не скінулі

Ужо не аднойчы пісаў, колькі доўжыліся рэвалюцыі ў аналагічных (і больш жорсткіх) аўтарытарных краінах і пра карэляцыю гвалту з даўжынёй пратэсту. Нагадаю яшчэ раз: пераможная за 9 дзён румынская рэвалюцыя ўнесла 1500 жыццяў.
 
Рэвалюцыі не робяцца на адным толькі эмацыйным уздыме. Гэта цяжкая, утомная і руцінная праца. Нам зараз важна, што ўпершыню за 26 гадоў беларускае грамадства пераўтварылася ў паўнавартасны палітычны суб’ект.
 
Спецбарты ФСБ могуць колькі заўгодна ездзіць тудэма-сюдэма і думаць, што яны штосьці там вырашаюць. Не, вырашаем мы. Мы арганізаваліся і сталі самастойнай палітычнай сілай. Цяпер гэты поспех варта ўзмацняць, развіваючы свае структуры ўзаемадапамогі і самакіравання. Мы ўступілі ў канфрантацыю з вялізным дзяржаўным апаратам, які, хоць і меншы за нас лікава, але (пакуль) лепш арганізаваны і добра фінансуецца. Мы дзяўбем гэтую глыбу пакрысе, і яна колецца. Калі не верыце – зазірніце ў гэтую групу [1], дзе ШТОДЗЁН публікуюцца мянты і чыноўнікі, якія звольніліся і перайшлі на бок народа. Што будзе рабіць Лукашэнка, калі ідэолагаў і карнікаў стане зусім мала, каб эфектыўна дзейнічаць, а грошаў на закупку апрычнікаў у РФ ужо не застанецца? Нічога. Збяжыць ці будзе арыштаваны.
 
Многія (і я ў тым ліку) пісалі, што для паспяховай рэвалюцыі неабходныя актыўныя дзеянні 3,5% насельніцтва краіны (цяпер у Беларусі выходзіць нават болей). Гэта сапраўды так. Але гэтыя дзеянні не мусяць быць аднамомантавымі.
 
Калі ў вас апатыя – займіцеся на нейкі час чымсьці незвязаным з палітыкай. Не пачытайце навінаў дзень. З’ездзіце на дачу, пашпацыруйце ў парку. Стомленнасць – гэта нармальна. Мы жывыя людзі, а не робаты. Адчуваеце, што набраліся сілаў – вяртайцеся да барацьбы. За нас гэтую працу ніхто не зробіць.
 
Таму:
– Друкуем і распаўсюджваем улёткі
– Бастуем і падтрымоўваем страйкоўцаў
– Робім перапосты, падабаем, шэрым, распаўсюджваем свой кантэнт (а не мітынгі ябацькаў)
– Выходзім на вуліцы
– Скідваемся ў фонды салідарнасці
– Крэатывім і прыдумляем новыя формы супраціву
Усё будзе. Смеласць і цярпенне.
 
[1] – https://t.me/HeroesOfBelarus