Так, цэлы шэраг прыкметаў сведчыць аб тым, што Расія пачала ў адкрытую зліваць Лукашэнку.

Я магу памыляцца, але давайце паглядзім храналогію падзей:

23 жніўня – перфоманс колішняга прэзідэнта з аўтаматам.

24 жніўня – Пяскоў кажа [1], што пратэстоўцы ў Менску паводзілі сябе карэктна, а паводзіны Лукашэнкі каментаваць адмаўляцца (нядзіўна). Пры гэтым ён кажа, што пазіцыю Каардынацыйнай Рады яны не ведаюць і перамовы не вядуць. Варта разумець, што вуснамі Пяскова дэ-факта выказваецца Пуцін.

25 жніўня – Пяскоў ужо каментуе [2] пазіцыю КР, гаворачы што “вітае жаданне не разрываць стасункі з Расіяй”. Сам факт ацэнкі дзеянняў КР у дадзеным кантэксце сведчыць аб тым, што гэты ворган ужо ўспрымаецца Расіяй як суб’ект палітыкі. Змена стаўлення да КР адбылася ўсяго за паўтары дні, пасля аўтаматнай выхадкі Лукашэнкі! Супадзенне? Не думаю.

У той жа дзень Сінод РПЦ выступае з заявай [3], у якой вызаказвае не толькі “ўсхваляванасць” гвалтам у краіне, але і заклікае правесці расследванне і пакараць вінаватых (!). А таксама прызначае на пасаду мітрапаліта Епіскапа Барысаўскага і Мар’інагоркскага Веніяміна. Пра апошняга дадзеныя розняцца: хтосьці гаворыць, што той рускамірац, хтосьці — што прабеларускі. Зрэшты важна, што ўпершыню за гэты час БПЦ кіруе ўраджэнец Беларусі.

Ну і вішанка на торце. Газпром Трангаз Беларусь перастаў плаціць падаткі ў беларускі бюджэт [4]. Фармальна — праз запазычанасць Беларусі па газе. Але ўлічваючы, што Газпром Трансгаз Беларусь займае першае месца ў спіску падаткаплатнікаў у менскі бюджэт, гэта падобна да рэалізацыі вядомага прынцыпа “падаючага падштурхні”.

Пакуль сітуацыя выглядае так, што пасля 23 жніўня і аўтаматнага цырку на праспекце Пераможцаў расійскія эліты канчаткова ўпэўніліся ў неадэкватнасці і непрадказальнасці, а значыць — у недамоваздольнасці Лукашэнкі. Не, яны адвярнуліся ад яго не праз жорсткія разгоны і не праз тое, што ён нелігітымны. А менавіта праз медыцынскія паказнікі.

Як нам да гэтага ставіцца? З аднаго боку, разварот найбліжэйшага хаўрусніка скарачае дні дыктатара — гэта добра. З іншага, усё што робіць тут Расія мэтанакіравана, проста ці ўскосна, на паглынанне Беларусі: эканамічнае, палітычнае, культурнае. Ёсць імавернасць, што Расіі выгадна, каб да сыходу Лукашэнкі Беларусь аказалася максімальна спустошанай і нежыццяздольна ў эканамічным плане, тады тут можна будзе набыць за нішто літаральна ўсё: заводы, інфраструктуру, а да таго ж і сімпатыі вялікай часткі насельніцтва. Увогуле, захоўваем аптымізм, але не страчваем і пільнасць.

[1] – https://news.tut.by/world/697864.html
[2] – https://www.rbc.ru/rbcfreenews/5f44e4039a79474f8dd12795
[3] – https://news.tut.by/society/698061.html
[4] – https://t.me/lukanomika/2162