Стаць экстрэмістам стала яшчэ прасцей!

Суд прызнаў экстрэмісцкім фільм Nexta «Лукашенко. Уголовные материалы». Зараз што фармальна любая спасылка на гэты фільм будзе карацца штрафам да 50 б.в. альбо да 15 сутак арышту.

Што я бачу ў гэтым рашэнні?

1. Гэта аграмадная асабістая крыўда нашага Пахана. Паглядзеўшы фільм, ён ляпнуў кулаком па сталу, крыкнуў: «ЗАПРЭЦІЦЬ!» халуі адразу пабеглі выконваць. Прытым Дзед, безумоўна, не настолькі тупы, каб не разумець: дэ-факта забараніць гэты фільм ён не можа. Можа прымусіць некаторых людзей баяцца яго рэпосціць. Можа правесці некалькі судоў над грамадзянамі, якія яго расшарылі. Аднак прыбраць яго з інфапрасторы не ў сілах ні ён ні ўсё КДБ разам узятае. Аднак эмоцыі пераважалі розум (не першы раз).

2. Як я і прадказваў шмат разоў, дзяржаўнае вызначэнне экстрэмізму будзе ўвесь час пашырацца. Апошні трэнд, як я бачу – на забарону матэрыялаў на ютубе. Напрыклад, нядаўна аналагічным чынам забаранілі фільм Паўла Спірына «Грань».
Чаму ютуб? Вельмі проста. Беларусы пачынаюць глядзець яго больш, чым тэлебачанне, парушаецца дзяржаўная манаполія на інфармацыю. Дзесяткі тысяч людзей у каментарах згаджаюцца, што ўлада – звычайныя бандыты і ашуканцы. Гэта ўжо палітычная пагроза.

3. Гэта была вялізная стратэгічная памылка. Гатовы спрачацца: ініцыятыва па прызнанні фільма экстрэмісцкім сыходзіць не ад ГУБАЗіК, як звычайна, а ад Лукашэнка.
Раней аб тым, што дзяржава нахабна топчацца па свабодзе слова, ведала толькі купка палітычна ангажаваных грамадзян (для параўнання, у флэшмобе #яэкстрэміст прыняло ўдзел усяго 33 чалавекі), і абураліся гэтым пераважна актывісты. Зара ярлык «экстрэміста» быў налеплены на сотні, а магчыма і тысячы чалавек, які гэты фільм расшарылі.
Гэтым самым дзяржава сама робіць падкоп пад сваю дыскурсіўную ўладу. Карцінка аб тым што экстрэміст – гэта анарха-іслама-нацыст з гранатамётам у адной руцэ і «Майн кампф» у другой ужо не клеіцца. Наадварот, усім робіцца відавочна: т.н. «экстрэміст» гэта проста чалавек, які крытычна ставіцца да ўлады і не маўчыць. Пачакайце, яшчэ прыйдзем да моманту, калі «экстрэміст» у Беларусі стане сінонімам словаў «вальнадум», «дэмакрат» і «прыхільнік пераменаў».

Хто не ведаў ці забыўся, я спрабую раскачаць тэму экстрэмізму ужо амаль год. Пішу аналітычныя артыкулы і пачаў флэшмоб #яэкстрэміст (навошта ён трэба, чаго мы дабіваемся і як далучыцца, чытайце тут.

Думаю, многія, хто рэпостнуў фільм, зараз задаюцца пытаннем: «А што мне за гэта будзе?» Дарэчы, сам Nexta ўжо зрабіў ход канём і проста перайменаваў відэа на беларускую, фармальна гэта ўжо іншы матэрыял.
Лічу, што масавых пераследаў за гэты фільм не будзе. Будзе меней за дзясятак паказальных судоў. Гэтага будзе дастаткова каб збіць хвалю распаўсюду роліка. Ніякіх заяў МУС ці рэпартажаў па БТ не будзе. Незалежныя СМІ самі данясуць дзяржаўнае «атата!» да шырокіх мас насельніцтва (тут, парадаксальна, яны дапамагаюць дзяржаве выконваць функцыю запужвання). Улічваючы колькасць рэпостаў, прыцягнуць да адказнасці усіх будзе амаль нерэальна проста па рэсурсах. Таму будуць біць кропкава ў разліку на самацэнзуру беларусаў.

Нагадаю, што з 33 удзельнікаў запушчанага мной флэшмобу, толькі на 6 былі складзеныя пратаколы, і з гэтых 6 толькі 2 атрымалі штрафы (у астатніх справы альбо не дайшлі да суда альбо прысуды былі адмененыя). З гэтым фільмам прапорцыя будзе яшчэ меншая.

Самым трапным і эфектыўным у такіх выпадках будзе – адказваць яшчэ больш шырокім распаўсюдам. Тым больш што на ярлык «забаронены» аўдыторыя ідзе яшчэ ахвотней. Таму заклікаю ўсіх посціць яго у сябе на старонках і не баяцца – шанец атрымаць штраф імкнецца да нулю. А таксама кідаць сябрам і знаёмым, расшарываць у групавых чатах. І, вядома, пісаць болей каментараў пад самім відэа, каб яно не сыходзіла з топу. Памятайце, любыя законы дзейнічаюць, толькі пакуль мы іх выконваем. Без нашага падпарадкавання ўсе іхнія громагалосныя указы гэта проста замараныя чарніламі паперкі.