Экстрэмістаў усё более

На днях адбыўся сапраўдны наплыў рэпрэсій за выказванні. За рэзкі каментар пра загінулага ДАІшніка ў Фэйсбуку узбудзілі крымінальную справу на актывістку, блізкую да “Маці 328”, Марыну Мацулевіч. За пост са “свінасабакамі” і “маскалямі” мінчуку далі тры гады хіміі. На Славаміра Адамовіча ўзбудзілі адміністратыўку за апавяданне ў Новым Часе, надрукаванае 9 (!!!) год таму.

Тыдзень таму, каб збіць актыўнасць флэшмобу «Я экстрэміст», уначы затрымалі Глеба Рубанава.

Акрамя таго, мне стала вядома пра першы выпадак асуджэння на суткі па 17.10 (Распаўсюд нацысцкай сімволікі) – былому фанату Алегу Дашкевічу далі 15 сутак за тры выявы Укантакце.

Робіцца відавочна: карныя ворганы зразумелі, што людзі збольшага “схаваюць” небывалае абмежаванне свабоды слова. Таксама схавае і Еўропа. І, як я і прадказваў, ад штрафаў і адміністратывак за пасты\каменты пераходзяць да сутак і крыміналак.

Што стаіць за гэтымі высілкамі карнікаў?

– Безумоўна, гэта інерцыя рэпрэсіўнай машыны. Вулічная актыўнасць ліквідаваная, трэба ліквідаваць ужо інтэрнэтную. Машына не можа працаваць ухаластую. Тым больш роля інтэрнэту ў значнай ступені ўзрасла: за немагчымасцю дыскутаваць, абмяркоўваць і выпускаць пар на вуліцах, людзі робяць гэта анлайн.

– Акрамя таго, упэўнены, грае ролю і асабісты фактар. Шуневіч, канешне, нягоднік і хлус, але ён не дурань. І выдатна можа сам прачытаць, што пішуць пра яго і ягонае ведамства ў сацсетках. Ведае і пра “шунявак” і пра “дзіравага” і пра ўсё-ўсё-ўсё. Ён зліцца, ён ненавідзіць. Адсюль ягоныя высілкі. Заўважце, яны цалкам планамерныя. Спачатку прапхнуты закон аб ідэнтыфікацыі каментатараў на сайтах. Зараз караюць тых, хто выказваецца ў сацсетках (якія ўлада забараніць фактычна не можа). Разлік просты: накажам аднаго, каб астатнія тры разы думалі, што пісаць. І ўладзе тут нават не патрэбныя дэманстратыўныя суды: незалежныя СМІ самі распіяраць гэты выпадак і данясуць да грамадскасці меседж: “трымайце свае меркаванні пры сябе, інакш будзе бо-бо”.

А тут яшчэ і расійскія калегі выдатны прыклад падаюць – ёсць на каго раўняцца і пераймаць фактычна ўжо гатовыя механізмы.

Мара Шуневіча, такім чынам, каб былі забітыя і задушаныя ўсе да адзіныя галасы пра ягонае ведамства і пра ягоных супрацоўнікаў. Каб ягоных падначаленых баяліся, каб перад імі трымцелі і толькі пелі ім дыфірамбы, а не называлі іх цынічнымі маральнымі вырадкамі без сораму і сумлення, якімі яны з’яўляюцца насамрэч.

Аднак ёсць адно “но”. Інтэрнэт-прастора заўсёды служыла людзям магчымасцю выказаць набалелае, а галоўнае – выпусціць пар. Хаця б праз груканне па клавіятуры выплеснуць злосць і незадаволенасць жыццём, сістэмай, парадкамі, пабачаным у навінах трэшам. І такім чынам інтэрнэт – да пэўнай ступені – выконваў у Беларусі ролю каналізатара пратэстнай энергіі. Гэта вельмі нагадвае тое, як у больш свабодных краінах часта працуюць вулічныя мітынгі. Прыйшлі, паравелі, палаяліся на ментоў – часам нават пакідалі ў іх нешта; для элітаў не змянілася роўным чынам нічога – затое людзі пачуваюцца задаволенымі. Гнеў знайшоў выйсце. Калі ж усе мала-мальскі бяспечныя формы выражэння гневу афіцыйна забароненыя – ён будзе накаплівацца ў людзях магутнай разбуральнай энергіяй. І гэта зробіць выбух непазбежным. Дыктатары і іхнія марыянеткі, п’яныя ўладай і ўседазволенасцю чамусь увесь час пра гэта забываюцца.

#яэкстрэміст #яэкстремист