Перад 25-м, як вы ўсе ведаеце, ў Гомелі прайшла акцыя прамога дзеяння – кактэйлямі молатава атакаваная падаткавая інспекцыя.. Праз некалькі дзён, адказнасць на сябе ўзялі анархісты.
Акцыя была рэзананснай, нехта ўбачыў у ей ментоўскую правакацыю, БТ, як звычайна, пачало вапець пра анархістаў-падпальшчыкаў. Таму лічу неабходным выказаць тут свае стаўленне да таго што адбылося.
Шчыра рэспектуючы паплечнікам, якія правялі гэтую акцыю, аддаючы належнае іх смеласці і рашучасці, не сумняючыся, што дабро, а значыцца і анархізм павінны быць з кулакамі, хачу сказаць, што на сенняшні дзень, у нашай краіне, у тых умовах, што мы маем, лічу правядзенне такіх акцый палітычна немэтазгодным.
І вось чаму.
Першае, і самае галоўнае: паколькі анархізм – гэта рух прыгнечанай часткі грамадства (працоўных), то адзіным сродкам ягонай перамогі з’яўляецца заваяванне сімпатый пераважнай большасці працоўных. Як следства, любыя дзеянні, якія прадпрымаюцца рухам, павінны разглядацца праз прызму таго, як на іх адрэагуе наша мэтавая аўдыторыя (ці, як мінімум, яе актыўная частка). Ці падтрымае? Ці паспачувае? Ці, хаця б, зразумее, што мы хацелі сказаць? Наколькі я ведаю “сферычнага беларуса ў вакууме”, ці нават палітычна актыўную частку насельніцтва, настроеных рэзка супраць рэжыму, большасць альбо выразна супраць падобных метадаў, альбо настроеныя да іх вельмі скептычна. Усе што я бачу, чытаю, слухаю – пацвярджае гэтае перакананне. Большасць людзей не прымае гвалт, нават калі для нас, анархістаў, ён здаецца цалкам апраўданым і справядлівым. Людзі, нават пратэстна, настроеныя, хочуць стварэння, а не знішчэння (нават калі гаворка ідзе пра такія непапулярныя ўстановы як падатковая інспекцыя). Дыскурс “крушы, ламай, палі” – не знаходзіць у іх сэрцах водгукаў. Добра гэта, ці дрэнна, але гэта факт. Нават у той мізэрнай часткі, у якой гэты экшн выкліча спачуванне, наўрад ці найдуцца сілы і смеласць паўтарыць яго ў сваім жыцці (а менавіта на гэта, як бачна, і разлічваюць аўтары паслання). Такіх выпадкаў пакуль не было бачна.
Канешне, можна сказаць, што ніхто з нас не ведае, “што таіцца ў глыбіні народнай”, і што людзі ў любы момант могуць перайсці ад стогнаў на кухні ці негвалтоўных акцый супраціву да радыкальных дзеянняў, і, маўляў, анархісты могуць разбудзіць гэты імпульс, стаць ягонымі застрэльшчыкамі. Але ў 2009-2010 гадах такая спроба ўжо была. І мы памятаем, што яна скончылася нічым. Людзі, якіх асудзілі за гэтыя акцыі, селі ў турму, але народ так і не стаў збіваць сваіх начальнікаў ці кідаць кактэйлі молатава ў ненавісныя ментоўкі. І я не думаю, што гэта адбудзецца зараз па жаданню анархістаў. Нягледзячы на даволі высокі ўзровень пратэстных настроеў у грамадстве, беларусы – не туркі, не грэкі і не італьянцы. У нас проста адсутнічае культура гвалтоўнага палітычнага пратэсту. Гэта таксама трэба прымаць да ўвагі, калі робіш палітычны аналіз сваіх будучых дзеянняў.
Па-другое, трэба разумець, што анархісцкі рух мае вельмі абмежаваныя рэсурсы і невялікую колькасць актывістаў. І такія дзеянні, маючы вельмі невялікі палітычны эфект, ставяць тых, хто іх рабіў пад вялізарную рызыку. Суадносіны “небяспека-карысць” у такіх вельмі дыспрапарцыянальныя. Калі за падсмажаны шклопакет актыўны, смелы і ідэйны актывіст, якіх і так няшмат, садзіцца на 10 год – ці прыбліжае гэта нас да нашай мэты? Сумняюся. А тое, што большасць людзей, якія робяць гэтыя акцыі раней ці пазней сядзе, гэта, нажаль, рэчаіснасць. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Увогуле турма – звычайны і заканамерны пункт прыпынку (і часта, апошняга) для прыхільнікаў інсурэкцыяналізму (паўстанцкага анархізму). Узгадайце ЗВЯ, Рэвалюцыйную Барацьбу (Грэцыя) а таксама мноства суполак інсурэкцыяналістаў па ўсім свеце, якія скончылі арыштамі і вялізарнымі тэрмінамі. Узадайце хлопцаў, якія спрабавалі паўтарыць гэта ў Беларусі (бабруйскіх анархістаў), зачыстку анарха-руху ў 2010-м.
Усё вышэй сказанае ні ў якім разе не кажа аб тым, што анархісты мусяць адмовіцца ад ужыцця сілы ў сваей дзейнасці. Аднак трэба зразумець: тое ужыццё сілы, якое здаецца легітымным для нас, не заўседы такое для людзей, якія нас атачаюць (якія і з’яўляюцца нашай мэтавай аўдыторыяй). Перад тым як нешта прадпрымаць, трэба добра падумаць аб тым, ці зможаш ты належным чынам данесці свой пасыл да людзей? Ці зразумеюць яны, што ты хацеў сказаць? Ды і хаця б пачуюць яны тваё пасланне, ці не? А можа, проста палічаць цябе нейкім адмарозкам. які сам не ведае, чаго хоча? Адносна канкрэтна гомельскай акцыі: ці паспрыяе гэтае дзеянне адмене дэкрэту №3? Ці аблегчыць становішча “дармаедаў”? Ці, хаця б, распаліць іх пратэстны імпэт? Няхай кожны сам адкажа на гэтыя пытанні, тым больш што пасля яе прайшло ужо 2 тыдні і на гэтыя пытанні можна даць адказ.
Аб тым, што трэба рабіць а што не, варта пісаць асобны тэкст, аднак заўважу толькі адзін момант: адпор шуняўкам (хай даволі пасіўны і мала-гвалтоўны), які далі анархісты 17 лютага і 15 сакавіка, выклікаў да нас нашмат большую хвалю спачування і падтрымкі, чым усе радыкальныя акцыі апошняга часу разам узятыя. У гэты адпор быў непасрэдна ўцягнуты просты народ. Усё, што адбывалася трапіла у аб’ектывы відэакамер і было пабачана сотнямі тысяч людзей. Мы выступілі публічна і адкрыта. І гэта дало свой плён – анархістамі сталі цікавіцца, аб іх сталі пісаць і заваліваць словамі падтрымкі.
Пасля акцыі ў Гомелі я нічога падобнага не заўважыў (папраўце калі памыляюсь).
Я ні секунды не сумняюся. што акцыю падрыхтавалі і зрабілі глыбока перакананыя, ідэйныя і сумленныя людзі, якія вераць у тое што яны робяць і пішуць. І менавіта таму мне не хацелася б, каб яны садзіліся ў турму, і марнавалі свае жыцці з-за недастаткова прадуманных дзеянняў, якія не прыносяць амаль ніякага эфекту.
Аднак… кожны сам нясе адказ за свае ўчынкі і за свой лёс. Свабода выбару шляхоў, у тым ліку шляхоў барацьбы – гэта і есць анархізм.