Калі б пратэсты скончыліся праз два тыдні пасля выбараў, нельга было б і блізка разлічваць на тое, што хоць хтосьці выйдзе з СІЗА да суда.
Кропля камень точыць. І нашыя пратэсты, самаарганізацыя, партызанскія вылазкі, штодзённы ціск на ўладу ў мностве пунктаў і ў шмат якіх формах даюць свой плён.
Але важна не супакойвацца. Пакуль адныя ласкава даюць хатні арышт і падпіску пра нявыезд, іншым ужо даюць турэмныя тэрміны. Трое хлопцаў (Яўген Петрачэнка, Павел Пяскоў, Уладзіслаў Еўсцігнееў) ужо атрымалі ад 3 да 3,5 гадоў пазбаўлення волі за тое, што давалі адпор карнікам, а пенсіянер з Мінска Сяргей Кузняцоў атрымаў паўтары гады хіміі за тое, што абараняў свой дом ад АМАПаўцаў [1]. Наноў старая, як свет, пастка: дадзім патуранне “вярхам”, каб тыя ўціхамірылі сваіх пешак. Так, улады менавіта так і ўспрымаюць сітуацыю: ёсць лялькаводы (Шкляраў, Салей, Знак, Уласава), а ёсць пехацінцы пад іх кіраўніцтвам. Дастаткова знайсці агульную мову з лялькаводамі і тады пехату можна караць з усёй строгасцю.
То бок так, яны экстрапалююць прыладу сваёй Сістэмы на наш пратэстны рух. Не варта іх угаворваць і пераконваць – варта проста змагацца за кожнага нашага вязня так, нібы гэта лідар пратэста.
[1] – https://t.me/viasna96/2772