Адна з самых частых думак цяпер: Крэмль або Кітай выратуе Лукашэнка, падкінуўшы яму грошаў

Абсалютная лухта.

У РФ Лукашэнка просіць крэдыты апошнія гадоў пяць. Усё безвынікова. З чаго б ім даваць яму грошы зараз? Змянілася платаздольнасць? Лукашэнка атрымаў болей даверу? Нічога падобнага. Ніхто ў РФ не будзе інвеставаць у рэжым, які вісіць на валаску, гэта па-простаму неразумна. Яны заўсёды выбіраюць бок пераможца, і цяпер проста чакаюць. Я ўжо не гавару аб тым, што РФ самой заўсёды даводзіцца тушыць пажары ў сябе ў краіне, а таксама латаць вялізную дзіру ў эканоміцы, выкліканую каранавірусам. Лішніх грошаў на ратаванне таксічных дыктатараў там няма.

З Кітаем яшчэ смяшней. Усе іх крэдыты – мэтавыя і звязаныя. Гэта значыць, што яны даюцца пад рэалізацыю канкрэтных эканамічных праэктаў, вядома, кітайскіх. Ніколі Кітай не даваў Лукашэнку крэдыты проста так, па дружбе, і не зробіць гэтага зараз.

І ўвогуле, ніхто ніколі не інвестуе ў нестабільныя рэжымы. Логіка тут простая: дзе гарантыя, што рэжым утрымаецца на троне і зможа гэтыя крэдыты вернуць? Дзяржаўныя аблігацыі Беларусі на міжнародных рынках ужо прасядаюць [1]. Вось вы пазычыце суседу-алкаголіку, які штоноч займаецца крадзяжамі? Наўрад ці, бо разумееце, што ваш крэдыт ён тут жа прап’е, а яшчэ хутчэй на сёння-заўтра сядзе ў турму і тады плакалі вашы грошыкі. Тое самае і тут. Грошы любяць цішыню і спакой, як толькі на гарызонце маяча палітычная нестабільнасць, а пагатоў рэвалюцыя, любыя інвестары (а ўрады, якія даюць крэдыты, выступаюць менавіта як інвестары) машуць ручкай і сыходзяць.

[1] – https://belaruspartisan.by/economic/509773/