Ці пяройдзе АМАП на бок народу?

 
Ужо троху стаміўся каментаваць словы (былых) кандыдатаў у прэзідэнты, але вось міма гэтага проста не магу прайсці. Ціханоўскі на першым інтэрвью пасля сутак:
 
«Я думаю, калі будуць масавыя пратэсты, то яны (АМАП) пяройдуць на бок народу. Яны мне самі казалі, што 2 тысячы ці 20 тысяч мы разгонім, але калі будзе 100 тысяч — мы пяройдзем на бок людзей».
 
«Яны мне самі казалі»…
 
Па-першае, гэта не АМАПаўцы вырашаюць, разганяць ці не. Гэта вырашае камандзір атраду. Таму калі вам старшына кажа «мы зробім тое, мы зробім гэтае», можаце адразу смяяцца ў ягоны твар. Ён – пешка якая нічога не вырашае.
 
Па -другое. Слухаючы вось гэтыя казкі пра тое што «вось калі вас будзе болей…» я адразу ўзгадаў пратэсты 2006 года. Тады, дарэчы, колькасць затрыманых, па разным дадзеным, пераваліла за 1000 чалавек. Дык вось тады ажно некалькім маім сябрам АМАПаўцы ў аўтобусах падчас вось такіх вось «шчырых» размоваў таксама казалі: «не ну смари как вас мало. И 10 тысяч нет. Вот если бы вас было 100 тысяч — мы бы были с вами!»
 
А потым было 19 снежня 2010 года. Што было тады, думаю, нагадваць не трэба.
 
Папомніце мае словы: АМАП будзе разганяць і калі на плошчы будзе 100 тысяч і калі іх будзе 200. Іх НІКОЛІ не спыніць колькасць народу якая выйдзе. На гэта ёсць адна простая прычына: іх корміць не Ціханоўскі і не Статкевіч. Іх корміць Лукашэнка. З ягоных рук яны атрымоўваюць сваю 1 000 $ заробку, які яны, неадукаваныя ёлупні без інтэлекту і карысных для грамадства навыкаў, не атрымаюць больш нідзе.
 
З якога перапугу ім пераходзіць на бок народу? Дзе ў іх хоць крыху зацікаўленасці ў гэтым?
 
Прымусіць іх перайсці на бок народу можа толькі адно — арганізаваны сілавы адпор. Толькі ПАСЛЯ такога адпору, калі яны пабачаць, што разгон нясе для іхніх арганізмаў прамую фізічную рызыку, яны могуць адмовіцца разганяць і перайсці на бок пратэстоўцаў. Але ніяк не раней.
 
І калі мы ўзгадаем усе ранейшыя прыклады рэвалюцый, калі сілавікі, ці іх частка, пераходзілі на бок народу (Туніс, Украіна, Лівія), то пабачым, што гэта адбывалася толькі пасля таго як НЕ перайсці стала рэальна небяспечна. Хіба што індывідуальныя выпадкі адмоваў могуць быць (па чутках, былі ў 2017 годзе).
 
А разлічваць на іхнюю свядомасць, патрыятызм, пачуццё адзінства і іншае ня варта, гэта глупа і нядальнабачна. Гэта тупыя, злобныя і крайне меркантыльныя людзі, з якіх за гады службы вытравілі ўсё чалавечае. І калі хтосьці лічыць па іншаму то раней ці пазней яго спасцігне горкае расчараванне.