Навіна, якой не прыдалі належнай увагі. Гатовы законапраект, які дазволіць гандляваць гарэлкай, півам і любым алкаголем праз інтэрнэт. [1]
Чаму менавіта зараз? Афіцыйны адказ — падтрымаць гандляроў і вытворцаў падчас пандэміі. Аднак у гэта слаба верыцца.
Лічу, рэальная прычына адна — засталося 3 месяцы да выбараў. Спажыванне алкаголю — вельмі важны фактар утаймавання і дэпалітызацыі насельніцтва. Урад гэта выдатна ведае і выкарыстоўвае гэткі фактар напоўніцу. Хто сумняецца – глядзім храналогію.
2010 год – да выбараў 10 месяцаў. Улада павялічвае квоту на вытворчасць спіртнога [2]. Прытым найбольш – ажно на 12% была павышаная квота на здагадайцеся што? Танныя пладова-ягадныя віны, тыя самыя «чарналіы». Напой электарату.
2015 год — да выбараў 1 месяц і 16 дзён. Улады адмяняюць абмежаванні на продаж алкаголю ў начны час. [2]
І вось калі ласка. 2020-ы, ізноў выбары на носе, палітызацыя грамадства расце і ўладам важна уключыць усе даступныя сродкі, каб яе абмежаваць.
А яшчэ – абсалютна на кожных выбарах на ўсіх выбарчых участках алкаголь прадаюуць значна танней за рынкавы кошт, ды яшчэ і з магчымасцю спажыць прама на месцы – без усялякіх прэтэнзій з боку міліцыі.
Не трэба быць сямі пядзяў у ілбе, каб разумець, для чаго гэта робіцца. Алкаголь — самы лёгкі, даступны і легальны сродак сыходу ад рэчаіснасці. На індывідуальным узроўні гэта лёгкі даступны спосаб вырашыць бягучыя праблемы. Проста забыцца. Наадварот, іншы спосаб— вырашаць праблемы праз уключэння ў грамадска-палітычнае жыццё – куды больш складаны і рызыкоўны. Таму уладам ёсць прамая карысць заахвочваць людзей вырашаць свае праблемы менавіта так – праз п’янства. І відавочна, што чалавек, які рэгулярна спажывае алкаголь, куды менш схільны да палітычнай сацыялізацыі і грамадскай актыўнасці – нягледзячы на ідыёцкі вобраз «пьянага пратэстоўцы», які старана стварае дзяржпрапагада.
Тут, канешне, лукашызм не вынайшаў ровар. Кантраляванне праз спайванне актыўна прымянялася царскім урадам у дачыненні да сялян, пралетарыяў і салдат. Я ўжо не кажу пра каланізатараў Паўночнай Амерыкі альбо Сібіры.
Тут вось што важна зразумець: сістэма панавання і прыгнёту насамрэч больш складаная і шматгранная, чым мы прывыклі думаць. Гэта далёка не толькі дубінкі+тэлевізар. Гэта рэальна магутнае і шырокае павуцінне, большасць нітак якога мы абсалютна не заўважаем. Кантроль прасціраецца ў ідэалагічную сферу, лексічную, дыскурсіўную, сферу побытавых звычак, ствараючы ўсеабдымную сістэму ідэалагічнай гегемоніі. Кантроль даўно перарос межы дзяржаўнага апарату. Гэта складаная сістэма якая, аднак, мае на мэце толькі адну рэч: захоўваць статус кво. Рабіць так, каб паны заставаліся панамі а мы заставаліся рабамі.
На гэтую тэму я запісаў ужо два падкасты [3] [4] — вельмі раю азнаёміцца. Чым больш гэтых нітак мы пабачым, тым больш зможам абарваць. А ўрэшце рэшт лепш пачаць з простага — перастаць ужываць алкаголь самому і падаваць тым самым прыклад адказных паводзінаў і індывідуальнага бунту супраць Сістэмы.
[2] https://belaruspartisan.by/economic/156395/
[3] https://nn.by/?c=ar&i=155282
[4] https://youtu.be/R5bwS9I3dlE?list=PLP_Pgz3npBZF3cKN8AxUUy8149CkNA9wD
[5] https://youtu.be/9k1XCF32aCg?list=PLP_Pgz3npBZF3cKN8AxUUy8149CkNA9wD
Глядзі таксама: https://novychas.by/hramadstva/nas-trymajuc-ne-na-lancuhah-a-u-butelcy