Гістарычная памылка анархістаў

Праглядаючы кантэнт анархісцкіх паблікаў, пераважна амерыканскіх і заходнееўрапейскіх, з часам адзначыў адну важную дэталь. Кожны раз, калі аўтары артыкулаў і відэа гавораць аб прыгнечаных, яны кажуць аб меншасцях. Ідзе размова аб тым, каго эксплуатуе капіталізм – перш за ўсё прыгадваюць бяздомных. Аб тых, каго душыць дамінуючая культура – гаворка аб ЛГБТ. Калі вядзецца размова пра дзяржаўны кантроль – то ў кантэксце уціскання мігрантаў.

Іншымі словамі, пра прыгнёт і эксплуатацыю гаворыцца выключна ў кантэксце таго што, яны адбываюцца з невялічкімі маргіналнымі групамі.

І гэта, у прынцыпу, зразумела: гэтыя маргіналізаваныя слаі насельніцтва сапраўды па цэлым шэрагу прычын болей церпяць ад сацыяльнага ладу, забабонаў і дзяржаўнага гвалту. Па-чалавечы іх сапраўды шкада.

Аднак у мяне паўстае пытанне: хто ж тады будзе абараняць большасць?

На працягу большай часткі сваёй гісторыі анархізм як палітычны рух і філасофія настойваў на тым, што ён выражае інтарэсы пераважнай большасці насельніцтва. Працоўных і сялян. Палітычная праграма анархісцкіх рухаў мела на ўвазе перабудову грамадства на карысць інтарэсаў БОЛЬШАСЦІ. Анархісты, адпаведна, выступалі ад імя гэтай большасці, імкнуліся быць яе голасам.

І, трэба адзначыць, менавіта тыя анархісцкія рухі і арганізацыі, якія змаглі найбольш адэкватна выразіць інтарэс працоўнай большасці, мелі найвялікшы поспех (РПАУ(м), CNT, аргенцінская ФОРА і інш).

Аднак напачатку 1970-х у левай думцы адбыўся паварот. Услед за расчараваннем у «класічным» пралетарыяце, які не здужаў паўнавартаснае паўстанне (на што ёсць маса прычын: і рэпрэсіі, і пад’ем сацыяльнай дзяржавы, і рэфармісцкая пазіцыя прафсаюзаў), якое ад яго чакалі інтэлектуалы, прыйшлі спробы шукаць новы рэвалюцыйны клас. Шэраг левых інтэлектуалаў: Бадрыйар, Маркузе і інш., прыходзяць да высновы, што пралетарыят, маўляў, прадаўся капіталізму і зараз інтэграваны ў Сістэму. Перамены яму не патрэбныя, на паўстанне ён не здольны. Надзеі звяртаюцца на маргіналізаваныя меншасці, прыгнечаных людзей на абочыне грамадства. Геі, лесбіянкі, мігранты, бяздомныя – усе тыя, хто адрынуты сацыяльным ладам і лічыцца ізгоямі. Мяркуецца, што менавіта яны, абазлённыя на сістэму, тыя хто церпіць ад яе найбольш, захочуць вынічшыць яе і павядуць за сабой астатніх.

Залішне казаць, што і гэтая надзея не спраўдзілася. За выключэннем шэрагу лакальных бунтаў (часам даволі маштабных), антыаўтарытарыі так і не змаглі пабудаваць масавы агульнаеўрапейскі рэвалюцыйны рух, які б хаця б аддалена нагадваў тое, што існавала ў 1910-1930-я гады. Праца сярод меншасцяў, з рознай ступенню паспяховасці, была. А вось каб яны сталі лакаматывам радыкальных пераменаў – такога не было.

Выключэннем можна назваць хіба альтэрглабалісцкі рух, аднак ён быў сітуацыйным аб’яднаннем розных сілаў без адзінай пазітыўнай павесткі, і праіснаваў нядоўга (прыблізна з 1998 па 2004) – не кажучы ўжо пра тое, што пацярпеў паразу. І ў ім, шо важна, павестка абароны правоў меншасцяў амаль адсутнічала.

Аднак жа ранейшая парадыгма – ставіць стаўку на меншасць – у анархістаў па-ранейшаму засталася. І, хаця сістэмныя і партыйныя левыя часта гавораць пра правы працоўных, рэальнага рэвалюцыйнага працоўнага руху па-ранейшаму не існуе, а увага анархістаў амаль паўсюдна звернутая ў першую чаргу на ўсё тых жа ЛГБТ, бяздомных і мігрантаў. Часам таксама на мусульман, цыган, людзей з псіхічнымі захворваннямі і наркаспажыўцоў.

І хаця гэтыя людзі рэальна падвяргаюцца моцнаму прыгнёту, і абараняць іх – справа патрэбная і высокародная, я паўтару сваё пытанне:

Хто абароніць інтарэсы большасці?

Відавочна, што большасць (а гэта сёння, гэта як і 100 год таму, наёмныя працоўныя), не пойдзе за тымі, хто не артыкулюе яе інтарэсы. І нават калі анархісты змогуць аб’яднаць пад сваімі сцягамі УСЕ вышэй згаданыя меншасці (чаго, аднак, не назіраецца), яны нават усе разам узятыя не здолеюць зрабіць рэвалюцыю. Проста таму што яны меншасць і складаюць чыста фізічна, мізэрны адсотак насельніцтва.

Так, пралетарыят інтэграваны ў Сістэму. Спажывецкае грамадства дала людзям ілюзію сэнсу жыцця, які палягае ў тым каб да наступлення смерці спажыць як мага болей тавараў і паслуг, сацыяльныя ліфты ў дэмакратычных дзяржавах дзейнічаюць куды лепей, чым 100 год таму. Некаторыя працоўныя спецыяльнасці даюць добры прыбытак.

Структура працоўнага класа моцна змянілася: стала меней завадскога пралетарыяту, болей прэкарных працоўных у сферы паслуг, самазанятых і фрылансераў, якія па марксісцкай тэрміналогіі ёсць «дробная буржуазія» але па факце займаюцца самаэксплуатацыяй на рынку працы і таму без усялякіх ваганняў мусяць быць прылічаныя да працоўных. Многія наёмныя працоўныя маюць досыць вялікі ўзровень жыцця.

Аднак усё гэта не адмяняе таго, што толькі людзі працы гэта тыя, хто па-сапраўднаму зацікалўены (ці тэарэтычна можа быць зацікаўлены) ў радыкальнай змене эканамічных і палітычных адносінаў. Таму што па-ранейшаму, як і 100 год таму, яны, ствараючы ільвіную долю прадуктаў і паслуг, атрымоўваюць крыхі ад таго, што атрымоўваюць уласнікі і іхняе начальства. Ствараючы ў гэтым свеце літаральна ўсё, яны застаюцца ў ім расходным матэрылам для акумулявання капіталу мізэрнай меншасцю.

Больш за тое, паўсюдна я бачу прыкметы таго, што рэвалюцыйныя рухі абездоленых самага рознага кшталту (ад завадскіх працоўных да самазанятых і беспрацоўных) паўстаюць з вялікай інтэнсіўнасцю і маюць усе падставы для радыкалізацыі.

Па-першае, маёмасная няроўнасць расце. Гэта адбываецца як у развітых краінах, так і глабальна. У 2018 годзе было падлічана, што маёмасць 50% бяднейшых жыхароў зямлі роўная маёмасці. 26 багацейшых міліярдэраў. Яшчэ ў 2009 годзе для такой раўнавагі спатрэбілася б 380 найбагацейшых. У ЗША 1% насельінцтва валодае 42% усёй маёмасці краіны. І гэтыя прапорцыі няспынна пагаршаюцца ў бок большай няроўнасці.

Па-другое, надзеі на знікненне наёмных працоўных як такіх і татальную аўтаматызацыю працы не спраўждваюцца. Наадварот, мы бачым імклівую пралетарызацыю самазанятых, вяртанне многіх вытворчасцяў з краінаў трэцяга свету назад у першы, узмацненне эксплуатацыі і ліквідацыю інстытутаў сацыяльнай дзяржавы амаль паўсюдна. Кліматычны, а зараз яшчэ і эпідэміялагічны крызіс, гэтаму імкліва спрыяюць.

Гэта выклікае амаль няспынныя паўстанні працоўных у аграмаднай колькасці краінаў. Самае апошняе: рух Жоўтых Камізэлек, буйныя пратэсты ў Чылі і Эквадоры. УСЕ яны пачаліся з-за эканамічнай няроўнасці.

Аднак якую ролю ў гэтых рухах іграюць анархісты? За рэдкімі выключэннямі – ніякую альбо мізэрную. Бо ўсе гэтыя гады былі сканцэнтраваныя на «акучванні» рознага кшталту меншасцяў. Аднак жа «свято место пусто не бывает» і сімпатыі працоўных з рознай ступенню паспяховасці захапляюць, у залежнасці ад краіны, правыя папулісты (факт што белы працоўны клас масава галасаваў за Трампа), альбо ісламісты (з каго вы думаеце складаецца сацыяльная база Братоў-мусульман і ІДІЛу на Бліжнем Усходзе?). Яны прапануюць для працоўнай большасці свае рашэнне, далёкае ад ідэалаў роўнасці і справядлівасці.

Што ж рабіць?

Я не хачу зараз наязджаць на Маркузе і Бардыяра, і атакаваць левых інтэлектуалаў. Яны жылі ў свой час і ў сваім кантэксце, і бачылі сітуацыю гэтак. Гэта нашая, а не іх, віна, што мы карыстаемся ідэйнымі напрацоўкамі 50-гадовай даўніны, замест таго, каб выбудаваць свой актуальны аналіз рэчаіснасці. Я ж хачу каб мы ўсе пачалі, урэшце, мысліць палітычнымі крытэрамі і зразумелі: калі мы ставім сваёй мэтай пабудову грамадства для працоўных, то мы мусім звяртацца да працоўных.

Як бы гэта цынічна не гучала, але турботу аб меншасцях трэба пакінуць спецыялізаваным групам: праваабаронцыам, ініцыятывам дабрачыннасці. Альбо, прынамсі, не рабіць яе сваёй галоўнай палітычнай лініяй. Не таму, што мы не любім гэтыя меншасці, а таму што нават калі ўсе яны стануць пад нашыя знамёны (чаго не было і не будзе, бо ані ЛГБТ ані бяздомныя апрыёры не маюць інтарэсу ў радыкальнай перабудове грамадства, акрамя таго гэта тыя яшчэ спецыфічныя людзі), іх ніколі не хопіць, каб апракінуць існуючы лад, не кажучы ўжо аб тым, каб пабудаваць нешта новае.

Няважна пад якой назвай, няважна у якой арганізацыйнай форме – анархізм мусіць вяртацца ў палітыку з выразнай праграмай пераўтварэнняў у інтарэсах працоўнай большасці. І чым раней мы гэта зробім, тым лепей.