Блогерам падрыхтавацца

Я думаю, мала ў каго ўжо выклікае сумнеў, што асноўнай мішэнню рэпрэсій на выбары-2020 стануць не афіцыйныя «кандыдаты ў прэзідэнты», а перш за ўсё незалежныя СМІ і блогеры.

З апошнімі ў улады ўвогуле бяда. Рэгістрацыю ў іх не адымеш (таму што яе няма), пагрозаў яны не баяцца (таму што ўжо пужаныя), з працы іх не звольніш (таму што блогінг і ёсць іхняя праца), любыя спробы ачарніць іх праз дзяржСМІ прывядуць толькі да росту папулярнасці.

Вось і прыходзіцца вынаходзіць альтэрнатыўныя метады. Пастараўся прыкінуць, як карнікі будуць спрабаваць нейтралізаваць блогераў зараз і панзей:

а) Адміністрацыйныя арышты. Гэты інструмент ужо прымяняецца. Карыстаючы КААП па адпрацаванай схеме блогера можна ізаляваць, тэарэтычна, на тэрмін да 4 месяцаў (калі верхняй мяжой браць выпадак Шэрага Ката). Ёсць аднак і недахопы: гэта толькі прыплюсуе блогеру падпісчыкаў, а таксама ставіць пытанне аб прызнанні яго палітвязнем. То бок карысць толькі ў кароткатэрміновай перспектыве, у доўгатэрміновай пераважаюць мінусы.

б) Штрафы. У вялікіх колькасцях можа быць эфектыўна, бо гаманцы ў тых, хто гатовы дапамагаць не бяздонныя. Да таго ж гэта спусташае рэсурсы грамадзянскай супольнасці, якія маглі б быць патрачаныя на іншае.

в) Фэйкавыя крымінальныя справы. Ужо дзве такія здарыліся як пад капірку: «мініраванні» дзяржустановаў спачатку Андрэем Павуком, потым Сяргеем Ціханоўскім. Завядзенне такіх справаў не мае на ўвазе пасадзіць чалавека, а толькі патрапаць яму нервы і даць легальную нагоду для вобшукаў (у Андрэя Павука, напрыклад, надоўга забралі тэхніку, амаль 100% у ёй рыліся КДБшнікі ў пошуках важнай інфы, таму не забывайцеся шыфраваць свае прылады і захоўваць важную інфармацыю толькі ў кантэйнерах VeraCrypt).

г) Удар па фінансавай незалежнасці. Тут можа быць адразу некалькі варыянтаў. Па-першае, вылічыць і пачаць кашмарыць асобных данацераў. Зрабіць гэтыя справы паказальнымі, каб усе бачылі і баяліся ахвяраваць. Па-другое, пачаць прыцягваць блогераў па лініі падатковай, штрафуючы за нясплату падаткаў (калі заканадаўства гэта не дазваляе, змяніць яго – раз плюнуць). Яшчэ грубей і прасцей – проста заблочыць сэрвісы кшталту DonationAlerts на тэрыторыі Беларусі. Пэўнаму адсотку данацераў будзе лянота карыстаць інструменты абыходу блакіровак, тым самым прыбыткі ў блогераў троху знізяцца.

У крытычныя для сябе моманты карныя службы гатовыя працаваць на папярэдджанне. Тое ж самае можа рабіць і грамадзянская супольнасць – пры наяўнасці якаснай аналітыкі. Прыняць прэвентыўныя меры (засвоіць кампутарную бяспеку, завесці Bitcoin-гаманец, навучыцца правілах паводзінаў пры допытах) можна ўжо зараз. Тым больш што потым будзе позна.