На сённяшнюю акцыю на Кастрычніцкай я ісці адпачатку не планаваў

Адразу было бачна, што акцыя была заяўленая Паўлам Севярынцам, скажам так, паспешна, неабдумана і на яе не прыйдзе шмат народу. Таму што:

а) Колькасць удзельнікаў апошніх акцый няўхільна зніжалася, бо

б) Відавочнай нагоды для далейшага аларму і выхаду на вуліцы няма – дарожныя карты не былі падпісаныя і невядома, калі будуць.

в) Хутка святы, усе хочуць правесці час з сям’ёй а не з ментамі

І ўвогуле лічу што збіраць несанкцыянаваныя мітынгі ў адказ на словы Мядзведзева так сабе ідэя. Атрымоўваецца кожны раз, калі расійскі жулік нешта ляпне, беларусы мусяць бегчы на плошчу?

Аднак цягам пару дзён на суткі закрылі адразу 10 чалавек – арганізатараў мінулых акцый і блогераў. Гэта самыя масавыя рэпрэсіі з часоў дармаедскіх пратэстаў 2017 года. А яшчэ, пасля таго як закрылі Севярынца, што заявіў акцыю, аргкамітэт палітыкаў хуценька сабраўся і перабіў месца\час\фармат. Маўляў, не пойдзем на Кастрычніцкую на 12.00, будзем рабіць “жывы ланцуг” у 15.00 ля Галоўпаштампту. Прасцей кажучы, пахерылі акцыю, якую рабілі не яны. Прычына відавочная: спужаліся рэпрэсій і вырашылі зрабіць больш бяспечны фармат.

Частка апазіцыі, аднак, сказала: “Не!” і заклікала прыходзіць на Кастрычніцкую як дамаўляліся адпачатку.

Такім чынам я, хоць і маючы скепсіс адносна мэтазгоднасці гэтай акцыі, усё ж такі апрануўся пацяплей, маральна падрыхтаваўся сустракаць Новы Год на Акрэсціна, і пайшоў на Плошчу да 12-ці ранку. У гэты раз я выйшаў, па-першае, супраць рэпрэсій, па-другое, каб не было сітуацыі “поражу пастыря и рассеются овцы” (Мф. 26-31), калі ў адсутнасці харызматычнага лідара ўсе ў разгубленасці не ведаюць што рабіць.

На самім мітынгу нічога асаблівага. Як і чакаў, вельмі мала народу (каля 100 чалавек), затое былі крэатыўныя плакаты. І адносна многа моладзі. Напрыканцы я ўвогуле падумаў: як усё ж такі файна, што такія людзі ёсць сярод нас. Пасля цяжкага працоўнага тыдню, у выходны дзень, замест таго, каб адпачываць, дома гэтыя людзі выйшлі на плошчу і стаялі на ёй, церпячы жудасную халадрыгу і небяспеку рэпрэсій. Гэта сапраўдныя героі і я шчаслівы, што жыву з імі ў адзін час!