Памяркоўныя беларусікі?

Навеяна сённяшняй акцыяй за незалежнасць.

Прынята іранізаваць з таго, як на несанкцыянаваных шэсцях беларусы пераходзяць праезджую частку па ходніках і стаяць на святлафорах.

Фэйсбучныя аналітыкі падаюць гэта ў сваім прывычным рэчышчы: маўляў, глядзіце, якія беларусы законапаслухмяныя, памяркоўныя, дысцыплінаваныя і схільныя да падпарадкавання правілам! З усяго гэтага робіцца выснова: ну якая ж тут рэвалюцыя, калі беларусы баяцца перайсці дарогу ў недазволеным месцы! І далей яшчэ кіламетр «прыўкрасных» разважанняў аб тым які ў нас сялянскі і непасіянарны менталітэт. [1]

Аднак пры бліжэйшым разглядзе гэтага міфа бачна зусім іншае.

– Законапаслухмяныя беларусы без праблем уступаюць у прамую фізічную канфрантацыю з уладай, калі бачаць, што адбываецца несправядлівасць. Гісторыі аб тым як дзесці ў правінцыі мінакі адбілі затрыманага ў міліцыі — ня рэдкасць. І я на свае вочы бачыў як на дармаедскіх акцыях 2017 года 50-гадовыя жанчыны цягалі за каўнер шунявак, якія затрымлівалі «страшных анархістаў у масках». Дзе ж законапаслухмянасць?

– Калі ўжо ўзгадваць 2017 год, то каля 90% беларусаў праігнорыла дзяржаўны закон і не сплаціла дармаедскі падатак. Дзе ж законапаслухмянасць?

– Сёння е менш за тысячу беларусаў выйшла на Плошчу, ведаючы, што тым самым яны прама парушаюць закон. Выйшлі, ведаючы пра санкцыі: штраф ці да 15 сутак арышту. Дзе законапаслухмянасць?

– Ніякая «памяркоўнасць» і «сялянскі менталітэт» не замінала сёння беларусам штурхацца з АМАПаўцамі на прыступках Палацу Рэспублікі.

Аднак жа дарогу падчас нелегальнага шэсця — па пераходах. Смецце на вуліцы ніхто пасля сябе не кідае. П’яных няма.

Аб чым гэта кажа? Беларусы дысцыплінаваныя і схільныя прытрымлівацца правілаў, калі яны відавочна на агульную карысць. Каму будзе лепей калі створыцца аварыйная сітуацыя? Нікому. Рэжыму ад гэтага не спякотна ні халодна. Спусціцца ў пешаходны пераход не цяжка — затое не будзеш замінаць людзям праехаць. А буяніць дзеля буянства, толькі таму што «нас тут зараз многа сабралося, ыыэээх!!!» – гэта сапраўды не нашае. Затое калі быкі пачынаюць хамець — тут законапаслухмянасць адыходзіць на другі план.

І гэта лепшая форма дысцыплінаванасці з усіх магчымых. Падпарадкаванне не уладзе, а разумным законам. Узаемная павага адэкватных людзей.

Гэта я ўсё да чаго. Перастаньце думаць пра сябе кепска. Нашая дысцыплінаванасць — гэта САМАдысцыплінаванасць і звычка да здаровых правілаў агульнага жыцця, а не рабская пакора.

(Так, любыя размовы пра менталітэт гэта заўсёды абагульненні. Зразумела што хапае і рабскі пакорных людзей, якія будуць слухацца любую ўладу. Аднак актыўная частка грамадства — якраз такая як я апісаў).

[1] Ды і ўвогуле пара б ўжо спыніць гэтыя размовы пра сялянскі менталітэт у беларусаў, гэта дурацкая мантра нічым не пацверджаная і без аніякага практычнага сэнсу.