Літаральна пазаўчора на сваім стрыме сказаў, што інтуітыўна ёсць адчуванне: хутка мы пачуем пра Чудзенцова такое, пасля чаго падтрымліваць яго стане яшчэ больш праблематычна. Не прайшло і двух дзён, як прагноз спраўдзіўся.
Не вельмі хочацца ізноў лезці ў гэты бруд, але калі ўзяўся асвятляць тэму, трэба рабіць гэта да канца.
Наша Ніва (а хто ж яшчэ?) выкаціла інтэрвью з нібыта ахвярай сэксуальнага гвалту з боку Чудзенцова 15 год таму. Сутнасць коратка: Чудзенцоў сустракаўся з маладым хлопцам, Максімам, адкрытым геем, прызнаваўся яму што любіць хлопчыкаў-падлеткаў. Хлопец не памятае, 15 ці 16 год яму было. На адной з сустрэчаў Чудзенцоў згвалціў Максіма. Той не пайшоў у міліцыю, але некалькі год таму падаваў інфармацыю ў незалежныя СМІ — тыя не апублікавалі (НН кажа, што да іх не звярталіся). І вось зараз, пабачыўшы, як «гераізуюць Чудзенцова», вырашыў выказацца. Гатовы паўтарыць паказанні ў судзе.
Агіднае пачуццё пакідае гэты артыкул. І не толькі таму што там падрабязна апісваецца акт сэксуальнага гвалту, што самое па сабе мярзотна, а таму, што сам гэты артыкул — гэта акт сэксуальнага гвалту над стандартамі журналістыкі.
У такіх гісторыях заўсёды даецца слова другому боку. ЗАЎСЁДЫ. У дадзеным выпадку другі бок сядзіць у турме і апраўдацца не можа ніяк. Мачыць безабаронных — новы стандарт беларускай незалежнай журналістыкі?
На працягу усяго артыкулу не называецца прозвішча Чудзенцова. Пра яго пішуць як пра «Ч.». Ч. зрабіў тое, Ч. зрабіў гэтае. Уяўляеце? Гэта рэальна выглядае як насмешка, таму што аб кім ідзе гаворка, зразумела з першых радкоў. І гэтая спроба прыкрыць данос фігавым лістком выглядае яшчэ больш агідна.
Я не веру, што хлопец Максім звярнуўся ва ўсе СМІ, а ў НН — не звярнуўся. Па-першае, адкуль такая выбіральнасць? Па-другое, журналісцкая тусоўка невялікая, і такая гарачая інфа не магла не дайсці да Нашай Нівы, якая на чутках спецыялізавалася ўжо тады. Такім чынам, я амаль упэўнены, што інфу яны мелі і раней, але зрабіць інтэрвью вырашылі толькі зараз.
Якія высновы я для сябе раблю з гэтай новай інфармацыі? Будзем адштурхоўвацца ад таго, што гэта праўда.
1. Стаўленне да асобы Чудзенцова гэта ніяк не змяняе. Яно адпачатку было рэзка негатыўным.
2. Тое што адбылося, яшчэ раз пераконвае, што мэтай усёй спецаперацыі был падрыў рэпутацыі Nexta. Кожны новы зліў пра Чудзенцова робіць кампанію падтрымкі Чудзянцова усё больш і больш складанай. Для Nexta склалася патавая сітуацыя, з якой ён не можа выйсці без стратаў. Што б ён зараз не зрабіў, спыніў падтрымку, ці працягнуў яе, заплюшчыўшчы вочы, ён нашкодзіць сабе.
Магчыма, мы маем справу з новым тыпам спецаперацый КДБ: вымушаць лідараў думак падтрымліваць людзей з негатыўнай рэпутацыяй. Аднак факт у тым, што, як я ўжо казаў, спецслужбы вучацца і робяць поспехі.
3. Нас чакае працяг. Заўважце: СК і МУС дагэтуль захоўваюць маўчанне. Яны даюць інтэрнэт-баталіям разгарэцца як след, і чакаюць пакуль усе, хто трэба, уцягнуцца ў падтрымку. Пасля нас чакае, магчыма, альбо інфа аб новай крымінальнай справе, альбо нечаканая заява самога Чудзенцова на камеру. Думаю, што менавіта ў гэтым напрамку над ім зараз і працуюць. Прабачце за цынізм, але чалавекам, на якога ёсць такі кампрамат, у турме можна маніпуляваць як заўгодна. У ментоў ёсць усе інструменты пераўтварыць ягонае жыццё ў пекла.
4. Як змянілася мая пазіцыя па падтрымцы Чудзенцова? Ніяк. Яму падкінулі наркотыкі з палітычных прычын. Гэта відавочна. І калі мы зараз гэта праігнаруем, гэты прыём, абкатаны на адыёзных асобах кшталту Чудзенцова, пачнуць прымяняць на іншых. Самае малае — трэба прыцягваць увагу да працэсу і патрабаваць справядлівага суду. Наш агульны грамадскі інтарэс у тым, каб, якім бы кепскім не быў Чудзенцоў, не даць спецслужбам магчымасць пачаць саджаць дысідэнтаў падобным чынам.
Калі 15 год таму ён кагось згвалтаваў — хай яго судзяць за гэта. Але не за падкінутую з палітычных прычынаў наракату.
Ну і яшчэ ўся гэтая сітуацыя — добрая нагода задумацца аб інфармацыйнай гігіене. Падумаць што вы чытаеце і якім СМІ верыце.