Так для сябе я аналізую густы насельніцтва: чым дыхаюць нашыя людзі, з якіх крыніц спажываюць інфу.
Большасць сядзіць у Інстаграме. Адзін раз пабачыў дзяўчыну што гартае Твітэр. Звычайна сустрэць у стужцы ў людзей Беламову, Тут.бай, Медузу, Белсат.
А ведаеце чаго я ніколі не бачыў? Каб хоць хтосьці чытаў тэлеграм-канал Следчага камітэту, глядзеў АНТ ці БТ на ютубе, чытаў сайт Саўбелкі.
Нашая дзяржава слабая ў прапагандзе. Яна моцна здала ў інфармацыйным суправаджэнні свайго панавання. І гэтае месца занялі незалежныя СМІ і блогеры. Дакладней, працягваюць займаць (бо нехта ж яшчэ глядзіць БТ). А ўлада працягвае адступаць.
Сёння я зразумеў у чым прычына. І яна не толькі ў тым, што нават для прапагандысцкай дзейнасці мусіць быць пэўны творчы прастор і свабода, чаго ў дзяржСМІ няма. Справа ў іншым. У дзяржавы тупа не хапае рэсурсаў на закрыццё гэтай патрэбы. Беларускі аўтарытарызм – бедны. У нас няма нафты, алмазаў, яшчэ нейкіх каштоўных рэсурсаў. Расейская падтрымка была ды сплыла. На ментоў і КДБшнікаў грошаў яшчэ хапае (хоць і там імкнуцца эканоміць), а вось на якаснае прамыванне мазгоў насельніцтву – ужо не.
Такім чынам, у элітаў стаіць выбар: кантраляваць людзей на павярхоўным узроўні («атрымаеш дубінкай калі выйдзеш на плошчу») ці на глыбінным («мы табе раскажам дзе праўда а дзе хлусня і прымусім у гэта паверыць»). Яны абралі павярхоўны ўзровень. Гэта кантроль над целамі, але не над розумам. Беларуская ўлада трымаецца на апалітычнасці і пасіўнасці большасці. А гэтая апалітычнасць і пасіўнасць, акрамя іншых фактараў, выкліканая, у першую чаргу, тым, што кожны ведае – за актыўную пазіцыю і пратэст цябе чакае пакаранне.
Эліты не могуць прымусіць кожнага любіць сябе – бо на такую якасную працу над мазгамі насельніцтва ў іх няма рэсурсаў. Таму ім застаецца біць тых, хто выказывае гэтую нелюбоў услых. І кіраваць тымі, хто знешне паслухмяны, але сам чытае Нехту і глядзіць Белсат.
І для нас – грамадзянскай супольнасці і экстрэмістаў – гэта даволі някепскі расклад.