Бьютіфул, найс, фэнтэстік!

Усё ж такі высілкі Лукашэнкі па адмыванню іміджа Беларусі даюць свой плён. Паглядзеў відэа амерыканскага блогера Пітэра Сантанэлла, які наведаў Мінск у верасні. На працягу 18 хвілін толькі і чуваць, які ў нас выдатны горад, выдатныя жыхары, выдатная краіна, усё прыгожае, усе шчаслівыя і радуюцца, а за прыгожую архітэктуру і паркі мы мусім быць удзячныя Савецкаму саюзу. Эпітэты – выключна «бьютіфул, найс, інкредібл» і гэтак далей. Гідам Пітэра выступала нейкая дзяўчына Вольга, якая расказала што ў Беларусі парадак таму што «зэ копс а вері стронг».

А ў каментах – проста нейкі парад застабілаў і лукаботаў.

Не, я не лічу, вядома, што прыезджы блогер мусіць бегаць з чырвона-чорным сцягам і ўсё відэа расказваць пра гаротных беларусаў і злачынны рэжым. Тым больш што Мінск сапраўды не самы кепскі горад. Аднак калі ты прыехаў у адзіную краіну Еўропы, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне, краіну пад санкцыямі і краіну, якой кіруе 25 год адзін і той жа чалавек – элементарная аб’ектыўнасць і сумленне дыктуюць хаця б прыгадаць аб гэтым, не? Аднак амерыканец вырашыў паўтарыць штампы афіцыйнай прапаганды і расказаць аб Беларусі іншаземцам роўна тое ж, што беларусам аб Беларусі расказвае БТ.

Я зайшоў у каменты і ўставіў свае пяць капеек. Калі гэтага не рабіць, глядзіш, хутка турысты з Захаду будуць нам жа расказваць, у якой класнай краіне мы жывём, а хто незадаволены той дурань.