Паглядзеў відэалекцыю пра Гішпанскую рэвалюцыю і ў чарговы раз зразумеў да чаго важная рэч адукацыя і прасоўванне сваіх каштоўнасцяў. Не проста важная, а вырашальная, ключавая.
Усе сапраўдныя рэвалюцыі пачынаюцца задоўга да таго як запалаюць палацы, і будуць пабудаваныя барыкады. Гішпанскія анархісты перад тым як выступіць у 1936-м, семдзесят год (!!!) вялі прапагандысцкую і адукацыйную працу ў народзе. Па ўсёй Гішпаніі былі анархісцкія бібліятэкі, анархісцкія тэатры, анархісцкія школы, анархісцкае ўсё-на-свеце. Дастаткова сказаць, што гішпанскія сяляне вучыліся грамаце па “Хлебу і Волі” Крапоткіна.
Гэта яшчэ раз падкрэслівае: любая рэвалюцыйная група, якая лічыць, што вось зараз яна ўчыніць хаос, пераб’е ўсіх прыгнятальнікаў, і на хвалі гэтага хаосу ўсталюецца нешта больш справядлівае, чым ёсць зараз – альбо нечаеўцы, альбо дурні. Альбо і тое, і другое разам. Эгалітарны лад – вынік доўгай працы па змене каштоўнасцяў людзей. Фізічнае скіданне кіраўнікоў, скасаванне закону і экспрапрыяцыя маёмасці ў кіруючага класу – гэта толькі фінальная рысачка на карціне. Без якой, аднак, карціна не можа быць поўнай.
Наш анархізм – гэта дрэва, якое мы расцім з маленькага саджанца цягам многіх год. Каб яно не зачахла, яго трэба рэгулярна паліваць і ўгнаяць дзейнасцю, актывізмам, і абараняць ад шкоднікаў – рэакцыянераў і ворагаў. Прапусціш, перастанеш паліваць і ўгнаяць: яно спыніць рост, ці ўвогуле зачахне. Будзеш рабіць гэта старана, цярпліва і аддана, урэшце рэшт, раней ці пазней яно абавязкова дасць плады: самакіраванне, федэрацыю, калектывізацыю маёмасці, роўныя правы і магчымасці ўсім людзям. Але гэтыя плады перш за ўсё прарастаюць у свядомасці людзей. І толькі потым – у жыцці. У належны час гэтыя плады трэба будзе з сілай абтрэсці – учыніць сацыяльную рэвалюцыю.
Чакаць жа, што дрэва дасць плады толькі ад таго, што ты будзеш хістаць яго, выпучыўшы вочы – як мінімум, неразумна. Як неразумна і заліваць маладзенькае дрэва цыстэрнамі вады, чакаючы, што ад гэтага яно дасць плады праз гадзіну.
Вядома, могуць здарыцца любыя форс-мажоры. Нашыя плады можа пабіць град – рэпрэсіі. Самое дрэва можа быць папросту вырвана з каранём ўраганам: імперыялістычнай вайной ці фашысцкай дыктатурай. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. Што ж, прыйдуць новыя людзі і пасадзяць новае дрэва. Нашая справа – не лазіць па чужых садах, збіраючы паданкі, і не падганяць час, што неразумныя дзеці, а рупліва працаваць.
І хай нашае дрэва ў гэтай краіне – усяго толькі саджанец, пакуль жывыя, мы не дамо вырваць яго з каранём. Нікому.