Згодна з апошнімі папраўкамі ў “Закон аб адтэрміноўках”, у армію ўсё ж не пойдуць тыя, хто паступіў на магістратуру да 10 жніўня. Відавочна, што гэта – тактычная саступка перад пагрозай магчымых пратэстаў. Як толькі яны перахлынулі межы віртуальнай прасторы (па рэгіёнах пачалі расклейваць улёткі, у Гародні хлопцаў з імі нават прынялі менты) – адразу рэакцыя.
А ўсяго пару дзён таму я пісаў, што планаваны час пратэстаў супадае па часе з выбарамі ў Палатку, што можа патэнцыйна даць вельмі небяспечную сумесь і адкрыць перад незадаволенымі студэнтамі вакно магчымасцяў (уздзеянне на ўладу праз байкот выбараў). Відаць, у калідорах улады гэта таксама ўцямілі і вырашылі пайсці на саступкі (прытым кароткатэрміновыя: “гэты год ужо няхай пагуляюць, каб не лямантавалі, а там паглядзім”). Улады спужаліся і далі заднюю – гэта факт. Аднак пераацэніваць гэтую саступку ня варта. Студэнтаў усё роўна будуць заганяць у армію – проста гэта адбудзецца на год пазней. І ў гэтым годзе, па ўсім відаць, пратэстаў дакладна не будзе. Пачнуцца яны, відаць, толькі калі першых студэнтаў пачнуць забіраць у армію літаральна з-за парты: як і дармаедскія пратэсты адбыліся не тады, калі прынялі закон, а калі людзям пачалі прыходзіць лісты шчасця.
Заўважце, тут і там улада і прыгнечаныя фактычна дэманструюць адную і тую ж мадэль паводзінаў. Людзі не шавеляцца, пакуль іх не пачне закранаць асабіста (нават калі звіздец насоўваўся максімальна відавочна). Улады не думаюць аб наступствах сваіх дзеянняў, пакуль гэтыя дзеянні не ўдараць па галаве. Карацей, адны і другія жывуць па прынцыпу «заўтра будзе заўтра». Нацыянальнае гэта ў нас, ці што?