Выбары і студэнты

Лукашэнка прызначыў парламенцкія выбары на 17 лістапада. Судзячы па ўсім, тады ж – увосень – адбудуцца пратэсты студэнтаў у сувязі з Законам аб адтэрміноўках. Прынамсі, ёсць спробы такія пратэсты арганізаваць.
Гэтае супадзенне бачыцца вельмі ўдачным для студэнтаў. Выбарчая кампанія ў Беларусі гэта той рэдкі выпадак, калі дзяржава патрабуе ад грамадзян пэўнай мабілізацыі: то бок устаць з канапы і пайсці зрабіць што-небудзь для рэжыму.

Тут трэба разумець, што Беларусь – гэта аўтарытарызм не мабілізацыйнага а падданніцкага тыпу. То бок калі ў некаторых дыктатурах (ад Венесуэлы да Трэцяга рэйху) ад грамадзян патрабуецца актыўны ўдзел у палітыцы, дзеянні дзеля правадыра і рэжыму (шэсці, мітынгі ў падтрымку правадыра, збіццё ягоных апанентаў, ажно да з’яўлення праўладных узброеных міліцый), у Беларусі паказчык лаяльнасці, гэта наадварот, максімальная пасіўнасць у палітыцы. Рэжым не рызыкуе ствараць пад сябе партыі ўлады і нейкія сацыяльна-актыўныя арганізацыі якія маглі б выступіць як самастойная сіла. Прычын гэтага шмат, адна з галоўных у тым, што беларускі рэжым не мае ідэалогіі, якая магла б падняць людзей на сацыяльнае дзеянне.

Дык вось, па ўсім бачна, што арганізацыя яўкі на выбарах, у тым ліку абсалютна беззубых і бессэнсоўных парламенцкіх выбарах, з’яўляецца для рэжыму прынцыповай рэччу. Ён затрачвае каласальныя рэсурсы як на забеспячэнне гэтай яўкі так і на яе фальсіфікацыю. Думаю, гэта абумоўлена тым што для беларускага рэжыму па-ранейшаму вельмі важна не згубіць легітымнасць як у вачах народа так і ў сваіх вачах. Дзяржаве важна мець доказы: хаця б фармальныя, хаця б фальсіфікаваныя – што яна кіруе ад імя народу.

Ударыўшы ў гэтую кропку: то бок масава адмовіўшыся ад прымусовага ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, нягледзячы на пагрозы, матэрыяльныя заахвочванні і шантаж, студэнты маглі б ударыць па вельмі балючай кропцы, прадэманстраваўшы рэжыму сваю нелаяльнасць. А калі вялікія слаі насельніцтва дэманструюць беларускай дзяржаве сваю нелаяльнасць, яна, асэнсоўваючы магчымыя наступствы, можа адступіць – гэта мы ўжо назіралі не раз. Такім чынам, байкот выбараў, мог бы стаць вельмі моцным інструментам кампаніі ProtestBY. Прынамсі, куды больш моцным, чым бясконцая падача петыцый.