Экстрэмізм на Еўрарадыё

Сёння ў студыі Еўрарадыё з юрыстам Паўлам Сапелкам разважалі пра Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Шмат што, чаго хацелася, не атрымалася агучыць. Таму дадам тэзісна тут:

1. Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў гэта яшчэ адзін прававы інструмент для падаўлення іншадумства ў Беларусі. Гэта ніякая не абарона правоў грамадзян ці грамадскіх інтарэсаў. Гэта ў чыстым выглядзе спроба забараніць пэўныя ідэалогіі і стварыць грунт для пакарання іхніх носьбітаў. Аб гэтым кажа хаця б той факт што рэальнага “экстрэмізму” – у сэнсе забойстваў, масавага палітычнага гвалту, пагрозы хааса і межэтнічнай\межкласавай разні ў Беларусі няма. Няма тэрарыстычных груповак, масавых арганізацый ультраправых, няма вядомых грамадскіх дзеячаў, якія б прапаганадвалі нянавісць (акрамя Лукашэнкі, Шуневіча, Давыдзька). Таму экстрэмісцкія матэрыялы – гэта абарончы бар’ер дзяржавы супраць пранікнення іншадумства ў грамадскую сферу, не болей і не меней.

2. Дынаміка развіцця і дапаўнення спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў паказвае узрыўны рост колькасці такіх матэрыялаў пасля 2014 года. Спіс вядзецца з 2008 года. Аднак з 2008 па 2013 уключна ў яго было дададзена 19 матэрыялаў. У 2014 – 10 матэрыялаў. У 2015 – ужо 44 матэрыялы. А ў 2017 – колькі б вы думалі? 193!

Акрамя таго аб цікаўнасці дзяржавы да “экстрэмісцкай” тэмы сведчыць тое што ў 2015-м было створанае 3-е упраўленне ГУБАЗіК (па барацьбе з экстрэмізмам), а ў 2016 – узмоцнены закон закон “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”.

Лічу, залішняе казаць аб тым што прычынай стаў Майдан і ягоныя ўрокі для беларускіх элітаў.

3. Судовая сістэма і ўвогуле закон у Беларусі не з’яўляюцца ніякімі сродкамі “рэгуляваць грамадскія адносіны” альбо “адстойваць грамадскія інтарэсы”. Суды і закон існуюць для таго каб насаджваць у Беларусі пануючую ідэалогію: кансерватызм, апалітычнасць, падданніцтва, пакору, і караць тых, хто спрабуе яе аспрэчваць. Аб гэтым факце кажа і заўвага Паўла Сапелкі: трапіць у “Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” можна лёгка. А вось як выключыць з яго матэрыял – гэтага пры прыняцці закона нават не прадумалі. Вельмі просты разлік: а навошта? Хто вашага меркаванне пытаецца? Уладныя адносіны працуюць толькі ў адзін напрамак. Дзяржава і грамадства гэта не бакі, якія супрацоўнічаюць, гэта начальнік і падначалены.

Пераадолець гэта можна толькі адмовай ад падпарадкавання: адкрытай і публічнай. Іншых шляхаў не бачу.

#яэкстрэміст #яэкстремист