Міліцэйска-судовы садызм

“У лютым 2018 года суд прызнаў галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача невінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Яго павінны былі вызваліць у зале суда. Радасныя сваякі ўжо спусціліся ўніз, чакаючы сустрэчы. Але да іх выйшлі толькі адвакаты і паведамілі, што Андрэя Галавача затрымалі зноў і прад’явілі новыя эпізоды абвінавачвання.”

Гісторыя Галавача нагадала мне маю. Шостага верасня 2010-га, калі скончыліся трое сутак са дня майго затрымання, мяне мусілі вызваліць. Абвінавачанне не пацвердзілася. Ура! Іду на свабоду! Ля дзвярэй ІЧУ на Акрэсціна сабраліся родныя, сябры, журналісты. Адкрыліся дзверы маёй камеры, мяне завялі ў пакой на першым паверсе, аддалі асабістыя рэчы, шнуркі для абутку. “Усё, я магу ісці” – пытаюсь. Гляджу, хаваюць вочы: “Нет еще. Минуточку. Еще одну вещь”. І падсоўваюць новую пастанову аб затрыманні на трое сутак. Ужо па іншым эпізодзе “злачынства”. Мая надзея рушыцца маментальна. Вяртаюся у камеру.. Надзея родных растае павольна: яны чакалі мяне пад дзвярыма ІЧУ, на халодным верасневым ветры.

І так 7 разоў. Ужо на трэці я ўцяміў што была каманда – не адпускаць любым коштам. Пакуль не знойдуць, за што пасадзіць.

Гісторыя паўтарылася праз 4 гады. Прысуд па 411-м артыкуле мне вынеслі ў судовай залі магілёўскай турмы за 3 дні да вызвалення. То бок калі я адсядзеў ужо 4,5 гады.

У ШІЗА ў Магілёўскай крытай пару разоў бывала: сканчаюцца мае 10 сутак на падвале, адкрываюцца дзверы і мяне вядуць… не, не ў маю камеру (якая падаецца ўжо такой утульнай пасля каморкі ШІЗА) а ў кабінет начальніка, дзе мне, хвілінка ў хвілінку пасля заканчэння папярэдняга тэрміну, даюць яшчэ 10 сутак.

Я лічу, гэта не толькі садызм нашых дзяржслужбоўцаў але і пэўны рудымент сталіншчыны. Тады таксама любілі зэкаў пасля заканчэння 10-15 гадовага тэрміну арыштоўваць прама на выхадзе з лагеру, альбо пакуль яшчэ не дайшлі да чыгуначнай станцыі – і вяртаць назад.

Аналагічна і з Галавачом. Ці можна было яму прад’явіць абвінавачанне не ў дзень апраўдання а на месяц раней? Вядома, бо ўсе паперы былі падрыхтаваныя загадзя. Але яны чакалі. Бо трэба даставіць максімальныя пакуты самому падсуднаму і ягоным родным. Гэта ўзорнейшы садызм: калі ты душой і сэрцам ужо на свабодзе, калі у галаве ўжо 1000 разоў пракруціў, як абдымеш родных і уздыхнеш вольным паветрам (а воля вунь яна – за вакном), табе кажуць: ведаеш што… Пасядзі-ка ты яшчэ годзік. І замест свежага паветра ізноў: стакан, аўтазак, хата на Валадарцы.

Мы з імі, канешне, так рабіць не будзем. Мы ж не садысты. Проста пасадзім адзін раз і надоўга.