Працягваем разам з Вясной варушыць дзяржворганы наконт іхняга ж антэкстрэмісцкага заканадаўства. Як вы ведаеце, абрэвіятура АСАВ прызнаная экстрэмісцкай і за любую яе публікацыю ці дэманстрацыю лепяць 17.11 КААП. Вырашылі мы абскардзіць рашэнне суда, якое прызнала абрэвіятуру экстрэмісцкай.
Ведаеце што мне адказалі? Яны проста адмовілі ў разглядзе скаргі, бо я… не з’яўляюся зацікаўленым бокам па справе! Так. І нічога што мяне за гэты АСАВ судзілі ўжо тройчы. Я не зацікаўленая. Пытанне: «а хто ж тады зацікаўлены?» павісла ў паветры.
Вядома, нічога дзіўнага ў такім цынічным адказе няма. Могуць сабе дазволіць, бо яны – улада, а мы – не. Менавіта таму, хаця мы і працягнем далей іх калупаць (каб не расслабляліся), самы верны метад супрацьстаяння гэта не папяровая валакіта а прамое дзеянне – як, напрыклад, удзел у флэшмобе #яэкстрэміст. Калі забыліся пра яго – нагадваю. Далучыцца да 30+ смелых, хто адкрыта выступіў супраць цэнзуры, яшчэ не позна.