Зроблена!

 

Семінар “Родныя ў турмах”, які я так доўга вам піярыў, урэшце адбыўся сёння. Народу было няшмат: 7 чалавек, але прыкладна на столькі я і разлічваў. Было вельмі прыемна выступаць перад зацікаўленай і абазнанай аўдыторыяй, з якой вельмі хутка паразумеліся. Больш за палову прыйшоўшых складалі ўдзельніцы “Маці 328”, у якіх дзеці сядзяць у зонах ужо не першы год – таму ў нас была не лекцыя а сапраўдны абмен досведам.

Што стала новым для мяне:
– Пасля бунту ў Воўчых Норах каля 30 (!) чалавек вывезлі на крытую (Магілёў і Жодзіна). Некаторых з іх ужо круцяць па 411-м артыкуле. Я ў шоку: чаму аб гэтым маўчаць СМІ? Гэта беспрэцэдзентная карная акцыя, апошні раз такое было мо ў дзевяностых.

– Літаральна нядаўна прынялі закон, па якім адміністрацыя можа без дазволу асуджанага СПІСВАЦЬ З ЯГОНАГА РАХУНКУ грашовыя сродкі на “добраўпарадкаванне калоніі”. То бок яны проста тыраць грошы, якія родныя высылаюць сваім дзецям на пакупкі ў турэмнай краме. Гэта проста неслыхана. Думалі, што з гэтым можна рабіць.

Па анкетах зваротнай сувязі, якія я сабраў пасля, зразумеў, што наведвальнікі былі задаволеныя. Ды і я выклаўся на 100%. А толькі так і трэба рабіць працу, якую любіш.

Практыка падобных семінараў будзе працягнутая.