Як я стаў бізнесменам

Насамрэч ніякім бізнесменам я не стаў. Проста калі рыхтаваў семінар “Родныя ў турмах”, адразу некалькі чалавек напісалі мне са здзіўленнем і абурэннем наконт таго што я зрабіў уваход платным. А яшчэ некалькі напісалі, што 20 рублёў – гэта дорага. Таму гэты момант трэба растлумачыць.

Чаму ўваход на семінар платны?

1. Магчыма нехта здзівіцца, але за арэнду памяшкання трэба плаціць грошы. Канцылярскія прыналежнасці, кава-гарбата – усё гэта таксама каштуе капейку. Ільвіная доля ад сабранай платы на ўваход пайшла на гэта.

2. За тыя 4 гады жыву ў статусе публічнага чалавека і актывіста, я арганізаваў не меней за 20 публічных мерапрыемстваў: лекцый, семінараў, прэзентацый Усе яны былі зробленыя бясплатна. Больш за тое, я сам у іх укладаўся: ездзіў за свой рахунак, укідваў грошы за арэнду і г.д.. Зараз я зразумеў, што хачу паспрабаваць атрымаць грошы за свае веды і высілкі.

На сённяшні дзень мая грамадская актыўнасць (вырабленне тэкстаў, відэа, сувязь з падпісчыкамі, раскрутка сацсетак, удзел у мерапрыемствах і эфірах, даванне інтэрвью) стала маім асноўным родам заняткаў. Гэта мая галоўная праца. Гэта тое, на што я выдаткоўваю найбольш часу і сілаў. Але ведаеце колькі мне гэта прыносіць грошаў? Нуль. Таму я вымушаны, акрамя сваёй асноўнай працы, адцягвацца яшчэ і на зарабленне грошай – каб фізічна існаваць і займацца АСНОЎНАЙ ПРАЦАЙ – палітычным актывізмам і асветай. І дзякуй Богу што гэтае зарабленне грошай адбываецца на прыемнай і сацыяльна карыснай працы (журналістам у Новым Часе).
Калі я калісь змагу выйсці на самазабеспячэнне ў сваім актывізме (да чаго я імкнуся), гэта дапаможа мне яшчэ больш на ім сканцэнтравацца і займацца ім больш эфектыўна. Купляць неабходную тэхніку, аплачваць вандроўкі і г.д.

Менавіта на гэтую мэту і нацэленыя платныя семінары, а не на тое каб купіць сабе гадзіннік Ролекс ці апошні Айфон.

Я не атрымоўваю гранты на сваю дзейнасць. Мне не дапамагаюць багатыя спонсары. Таму я спрабую забяспечыць сябе самастойна. І мне было даволі дзіўна што гэтае натуральнае жаданне вызвала ў асобных людзей (хаця, трэба прызнацца, нямногіх) такую негатыўную рэакцыю.

3. Любая праца мусіць быць аплачаная. Калі чалавек, каб дапамагчы вам, траціць час і сілы, ці не бачыцца вам справядлівым аддзячыць яму – так, як ён сам аб гэтым просіць?
Хтось сказаў што браць плату за лекцыі “неанархічна”. Окей, але чакаю такой жа суворай крытыкі на адрас адвакатаў, псіхолагаў, прафесараў, настаўнікаў – карацей усіх, хто бярэ плату за свае веды. Чаму калі робяць яны, гэта ўспрымаецца як норма, а калі я – як парушэнне святых ідэалаў?

Зараз аб тым, чаму менавіта 20 р.

1. У такі кошт я ацаніў затрачаныя мной сілы і час на падрыхтоўку і правядзенне занятку. Людзі, якія на яго прыйшлі, прагаласавалі рублём і паказалі што гэтая ацэнка – справядлівая.

2. Калі ласка, не спрабуйце мяне пераканаць што 20 рублёў для працуючага мінчаніна гэта дорага. Для жыхара рэгіёнаў – так. Для беспрацоўнага – магчыма. Аднак не для мінчаніна з працай. 20 рублёў – гэта 6-7 пачакаў цыгарэт. Альбо два білеты ў кіно. Я лічу сябе чалавекам з дастаткам ніжэй за сярэдні, аднак нават я магу дазволіць сабе раз на тыдзень патраціць 20 рублёў на адукацыйнае ці забаўляльнае мерапрыемства.

Больш за тое, калі ў кагось няма грошай, заўсёды можна звярнуцца да мяне і папрасіць прапусціць па зніжцы. Я заўсёды пайду насустрач (сам так праходжу на платныя мерапрыемствы, калі грошаў няма, а арганізуюць мае сябры).

На гэтым мерапрыемствы затраты на арганізацыю пакрыліся цалкам, і я яшчэ выйшаў у невялічкі плюс. І, вядома, проста па чалавечы мне прыемна, што людзі гатовыя плаціць грошы за тое каб паслухаць мяне – значыцца маё меркаванне для іх важнае. За гэта хачу яшчэ раз падзякаваць усім хто прыйшоў, і падтрымлівае ў маіх пачынаннях. Працуем далей!