Дэбаты Парашэнка і Зяленскага: кароткі змест для тых хто не глядзеў

Парашэнка, як я і чакаў, разыгрываў вайсковую і патрыятычную картку. Папракаў Зяленскага, што той хаваўся ад ваенкамата, двойчы прыгадаў выбачэнне перад Кадыравым і тое што той у адным са сваіх шоў параўнаў Украіну з прастытуткай. Відавочна ціснуў на ratio: Зяленскі – кот у мяху, а краіна ў стане вайны, ня час для эксперыментаў.
Усяляк імкнуўся выставіць сябе гаспадаром становішча і задаць тон. Перакрываў час па рэгламенту (Зяленскі, наадварот, недабіраў), напрыканцы пачаў “самавольна” выхоўваць гімн падчас таго як Зяленскі буськаўся са сваёй жонкай і пасміхаўся ў натоўп.

Ад Зяленскага можна было б чакаць болей, але апынулася што калі ты добры комік, гэта не значыць што ты будзеш добрым трыбунам. Усё ж такі відавочна, што выступаць на стэндапах з жартамі і на стадыёнах – з палітычнымі прамовамі, гэта зусім розныя рэчы.
Сваіх пытанняў Парашэнке амаль не задаў, толькі рэтрансляваў пытанні з Інтэрнэту – эксплуатаваў імідж “народнага абранніка”. Абсалютна чакана папракаў Парашэнка за афшоры і ўзбагачэнне. Шмат казаў пра заканчэнне вайны, Было некалькі яскравых і трапных падколаў, але ад коміка, зноў жа, можна было б чакаць большага. Вельмі ціснуў на сацыялку. Яшчэ сказаў, што калі алігархі (у прыватнасці Каламойскі) пры ім палезуць ва ўладу, ён іх адтуль адсячэ. Ну гэта, канешне, лол.

Вельмі важна – разоў 7 Зяленскі зрываўся на расійскую мову. Гэта выразна кажа, што ўкраінская яму не родная. Думаю, гэта яму яўна не ў плюс пойдзе.

Яшчэ мне вельмі не спадабаліся гэтыя тэатральныя крокі са станаўленнем на калені. Што за азіятычына? Адтаго што на калені станеш, мёртвыя не ўваскрэснуць і Крым не вернецца.

Асабівага шарму і пэўнай іроніі гэтым выбарам надае тое, што абодва, хто сёння так зацята рубіліся – стаўленнікі вялікага капіталу. Толькі адзін – свайго, другі – чужога. Тут на розум прыходзіць аналогія з Трампам. Многія, абараняючы яго казалі “ён і так бізнесмен, грошай у яго хапае, таму ён – самастойная фігура”.

Шкада, што ўкраінцы знаходзяцца ў сітуацыі “абое рабое” і вымушаны абіраць “менш рабое”. Універсальным выхадам з сітуацыі, калі б такі выбар не прыйшлося рабіць, была б максімальная дэлегацыя ўлады на нізавыя ўзроўні – тая самая “федералізацыя”. Самакіраванне. Украіна занадта вялікая краіна, каб кіравацца з цэнтру. Праўда такая дэлегацыя ва ўмовах фактычнай вайны з расійскай імперыяй бачыцца вельмі праблематычнай.