Калі памятаеце, у сакавіку я запусціў петыцыю з патрабаваннем не прымаць папраўкі ў антэкстрэмісцкае заканадаўства, якія маюць на ўвазе
а) Павелічэнне штрафаў за “распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі” у два разы
б) Увядзенне спісу “экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый”, за дэманстраванне якіх таксама будуць караць
в) Увядзенне крымінальнага артыкулу за “Рэабілітацыю нацызму”
Па кожным з пунктаў у петыцыі было абгрунтавана, чаму мы супраць. За 1,5 месяцы мы здолелі сабраць 300 подпісаў. Падкрэсліваю – гэта не “челобитная”, а сродак мабілізацыі і перпапіс нязгодных. Таму адказу з Палаты прадстаўнікоў, дзе гэтыя папраўкі будуць разглядаць, я асабліва не чакаў. Але вось ён прыйшоў. Прабягуся па самых выразных месцах:
“Ваша меркаванне аб немэтазгоднасці прыняцця названага праекта і патрабаванне накіраваць яго на дапрацоўку даведзена да ведама членаў Камісіі і рабочай групы па дапрацоўцы гэтага праекта для разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні”.
Дагэтуль не магу вызначыцца, гэта праўда ці не? Проста цікава.
“Інфармуем, што ў дзейнасці рабочай групы на пастаяннай аснове прымаюць удзел прафесійныя гісторыкі”
Наэпўна такія ж гісторыкі як Дзермант і Шпакоўскі.
“Было таксама праведзена пашыранае пасяджэнне рабочай групы, на якое былі запрошаны прадстаўнікі дзяржаўных органаў, Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Партыі БНФ, Беларускага Хельсінкскага камітэта, кампаніі «Гавары праўду»”
Упс! А чаму мы пра гэта не ведаем? Няўжо ўсе змаўчалі? Прадстаўнікі БНФ, БХК, Гавары Праўду, адзавіцеся – вы там былі?
“Звяртаем вашу ўвагу, што згодна з існуючым праектам павелічэнне ў два разы штрафа плануецца толькі за паўторнае на працягу года ўчыненне правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 17.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.”
Паўторнае парушэнне лепіцца за тры секунды – за той жа самы пост двойчы. Як ужо было не раз. Аднак што нашым “парламентарыям” – гэта ж не ім штрафы плаціць за рэпосты. Яны жывуць зусім у іншых сферах.
“Па дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, за апошнія чатыры гады колькасць зарэгістраваных фактаў публічнай дэманстрацыі нацысцкай сімволікі вырасла ў 15 разоў і гэты рост працягваецца (2014 – 7, 2015 – 15, 2016 – 50, 2017 – 109, 2018 – 145).”
Паверу. І скажу больш за тое. Калі пасадзіць за гэтую справу яшчэ больш супрацоўнікаў, якія пачнуць шэрсціць кінахроніку, фільмы пра 2-ю сусветную, мемы з гітлерам, альбо, як у маім выпадку, вышукваць скрыншоты з “Маскі-шоу у партызанскім атрадзе” – то там ужо будзе не 145 парушэнняў а ўсе 145 тысяч.
“Пры гэтым прыхільнікі нацысцкай ідэалогіі не спыняюцца толькі на «зігаванні» і бравіраванні татуіраванымі свастыкамі. У 2016 годзе ў Беларусі за здзяйсненне хуліганстваў, крадзяжоў, рабаванняў, вымагальніцтваў, згвалтаванняў, выкраданняў людзей, супраціўленне супрацоўнікам органаў унутраных спраў і іншых злачынстваў да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 181 удзельнік неанацысцкіх нефармальных аб’яднанняў. У 2017 годзе да крымінальнай адказнасці прыцягвалася 126, а ў 2018 годзе – 95 лідараў і актыўных удзельнікаў такіх аб’яднанняў.”
Не апраўдваючы неанацыстаў, магу з упэўненасцю сказаць, што большасць такіх выпадкаў “крадзяжоў, вымагальніцтваў і згвалтаванняў” гэта вынік аператыўных распрацовак альбо нацягвання злачынства на пустым месцы. Гэтак у 2012-м экс-палітвязня Аляксандра Малчанава пасадзілі за “крадзеж”, а троху пазней Андрэя Бандарэнка за “хуліганства”. Проста калі за нармальных палітвязняў уступаюцца, за нацыстаў не ўступаецца ніхто (і правільна). Аднак важная сама сутнасць таго, што гэтыя лічбы выкарыстоўваюць для закручвання гаек.
Пры гэтым выклікаюць вялікія пытанні метадалогія, па якой з парушальнікаў выдзяляюць “лідараў і актыўных аб’яднанняў”. У Беларусі проста не можа быць столькі актыўных нацыстаў, бо тады б палітычны ландшафт краіны выглядаў зусім інакш. Аб гэтым я ўжо падрабязна пісаў тут.
“У сувязі з гэтым Камісія лічыць апраўданым прыняцце дадатковых заканадаўчых мер, накіраваных на абарону грамадскага парадку і маральнасці ад распаўсюджвання ідэалогіі нацызму. Работа над законапраектам будзе працягнута.”
Хто б сумняваўся. Натуральна, будзе працягнутая, бо вашыя дзеці не атрымаюць штраф за рэпост і не сядуць за “прапаганду нацызма”. Таму што ім ужо падрыхтаваныя месцы для навучання за мяжой альбо цёплыя пасады ў дзяржтруктурах.
Аднак кампанія #яэкстрэміст, разам з аднайменным флэшмобам, таксама будзе працягнутая, і адказ з нелегітымнага дзяржворгана ніяк на яе не паўплывае. Кропля за кроплей мы даб’емся свайго. Сачыце за навінамі. І дзейнічайце.