Ехаў на аўтобусе Нясвіж-Гарадзея на 06.05 ранку. Разам са мной яшчэ дзясятак людзей. Панурыя, сонныя, злыя, нешчаслівыя. Побач з імі я адчуваю сябе прывілеяваным (што са мной не часта здараецца). Я журналіст, і хоць няшмат зарабляю, але маю ўдосталь вольнага часу, каб паехаць па краіне аўтаспынам і не парыцца што заўтра мне не будзе што есці. Гэты пануры халодны аўтобус для мяне – дасадная выпадковасць, а для іх – штодзённая руціна. Гэтыя людзі, дзеля таго каб на наступныя 8-12 гадзін трапіць на нелюбімыя работы, кожны дзень устаюць у 5 ранку і ў холад, у цемру, пруцца на транспарт, каб яшчэ некалькі гадзін да гэтых месцаў працы даехаць і там карячыцца за 400-500 (у лепшым выпадку) рублёў у месяц.
Я адчуваю боль, гледзячы на іх.
І так па ўсёй краіне, толькі ад’едзь ад Мінску.
Нехта скажа «трэба было атрымоўваць адукацыю, мо яны болей ні на што не здольныя блаблабла» я скажу што стоадсоткава ў многіх с гэтых людзей есць вышэйшая альбо моцная тэхнічная адукацыя. І што ў выніку? На кіроўных пасадах і высокааплатных працоўных месцах – іхнія равеснікі, у якіх аказаліся «патрэбныя» сваякі. Пераважная ж большасць працоўнага насельніцтва ў правінцыі задушаныя побытам і штодзённай патрэбай у выжыванні. У іх няма часу нават на сябе, не кажучы ўжо пра грамадскую актыўнасць, палітычную актыўнасць і адукацыю. Плюс цісне асяроддзе і традыцыі: «усё патрэбна быць у людзей, няма машыны\кватэры – ты не састаяўся ў жыцці». Ня дзіва што цэлыя слаі насельніцтва співаюцца. Не дзіва што там пануе апалітычны, падданніцкі менталітэт і нежаданне нешта змяняць.
Як уцягнуць гэтых людзей у палітыку? Як растлумачыць ім, што яны – вялікая сіла? У мяне пакуль няма простага адказу. Можа гэтыя людзі ўжо згубленыя для перамен, а цікаўнасць прадстаўляюць толькі іхнія дзеці і ўнукі? Я не ведаю.