Урэшце, сёння ў рамках кампаніі “Яэкстрэміст” была адпраўленая напісаная мной петыцыя з патрабаваннем не прымаць папраўкі ў закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму! Вялікі дзякуй усім хто не паленіўся падпісацца!
Нагадаю, папраўкі гэтыя будуць разгледжаныя пасля 4 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў і маюць на ўвазе не толькі падвышэнне штрафаў па 17.11 але і крымінальную адказнасць за “рэабілітацыю нацызма” і ўвядзенне спісу “сімволікі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый”, за выкарыстанне якой будуць караць як за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
Ці варта казаць што ва ўмовах поўнай непразрыстасці правапрымянення гэтая мера пераўтварыцца ў яшчэ адну заканадаўчую дубінку для прэсінгу нязгоднай моладзі? Тое што ўся анархісцкая сімволіка пападзе пад вызначэнне “экстрэмісцкай і тэрарыстычнай” – можна не сумнявацца.
Петыцыя была напраўленая ў Раду Міністраў і Палату Прадстаўнікоў.
Дзеля праўды, так як збор подпісаў рухаўся не так хутка, як хацелася б, прыйшлося знізіць колькасць запланаваных подпісаў з 500 да 300. Але трыста – гэта таксама нямала. Гэта тая колькасць людзей якая, арганізаваўшыся, зможа дабіцца многага.
Варта таксама адзначыць, што аб з’яўленні петыцыі не напісаў ніхто са СМІ, акрамя НЧ. Так што, лічы, сабраў гэтыя 300 подпісаў сваімі сіламі: праз сяброў, знаёмых, падпісчыкаў, і рассылку паведамленняў у прыват.
Падкрэслю ізноў, што гэтая петыцыя – не “челобитная” ўладзе, а перапіс нязгодных, падлік тых, хто верыць “экстрэмістам” болей, чым дзяржаве. Каб у любой палеміцы мы маглі спаслацца на гэтых 300 чалавек, якія ўлады спрабуюць прадставіць “купкай адмарозкаў”.
Кампанія будзе працягваецца, у яе межах запланавана яшчэ шмат цікавага. У прыватнасці, не спыняецца флэшмоб. Сачыце за навінамі і за хэштэгам #яэкстрэміст , #яэкстремист.