Я заўсёды пішу пра тупасць і некампетэнтнасць элітаў і сілавікоў, пра няздольнасць пралічваць свае дзеянні на некалькі крокаў наперад. І вось яшчэ адно пацвярджэнне. Я доўга адмаўляўся ў гэта верыць, але, здаецца, улады сапраўды высылаюць на маршы правакатараў, якія прыкідваюцца шалёнымі хуліганамі і, як зразумела на відэа, нават кідаюцца на міліцыю з нябачнымі камнямі.
Чаму такія правакацыі тупыя і бессэнсоўныя?
Мэтаў правакацыі на гвалтоўныя дзеянні падчас мірнага пратэсту можа быць толькі дзве:
а) Даць нагоду на жорсткі сілавы разгон.
б) Выставіць пратэстоўцаў перад унутранай і знешняй аўдыторыяй у негатыўным свеце, прадставіць баевікамі.
Нескладана здагадацца, што, каб дасягнуць гэтых дзвюх мэтаў, патрэбныя два найважнейжыя чыннікі. Па-першае, усе пратэстоўцы павінны ставіцца негатыўна да сілавога адпору. Па-другое, усе рычагі ўздзеяння на грамадскую думку мусяць быць у тваіх руках. Інакш ты ж проста не данясеш да масаў патрэбны мэсэдж.
У нашых жа decision-maker-аў выйшаў пракол па ўсіх пунктах. Літаральна па кожным.
– Які сэнс шукаць “нагоду” на разгон, калі яшчэ ўчора разганяў мірную акцыю? Нават калі ты зараз паспяхова разгоніш акцыю, выставіўшы яе нямірнай, гэта нікога і ні ў чым не ўпэўніць, бо твае ж рукі і так па локаць у крыві.
– Агульная маса пратэстоўцаў ужо далёка не так адназначна адмаўляе сілавыя формы супраціву. Так, да нападу на карнікаў на маршах пакуль не дайшло, але людзі абараняюцца вельмі актыўна. Апрача таго, партызанскія акцыі, кшталту спалення дамоў і машынаў карнікаў, ацэнваюцца ў спектры ад нейтральнага да пазітыўнага. То бок высылаючы гэтых цітушак, улады “правакуюць” людзей на тое, што людзі і так даўно робяць, і да чаго ставяцца станоўча. Поўная бязглуздзіцца.
– Датычна СМІ. Відавочна, што табе мае сэнс рабіць любы падман і містыфікацыю толькі тады, калі ты можаш запэўніць большасць беларусаў у тым, што твае словы – праўда. У нашай улады такой мажлівасці няма ад слова зусім. Бо большасць беларусаў атрымлівае навіны з незалежных СМІ. Манаполія дзяржавы на СМІ страчана беззваротна. Але дзяржава зацята працягвае адмаўляцца гэта разумець і працягвае весці сябе так, нібы на двары 2000-ы год.
Таму спектакль з нябачнымі камнямі аказаўся выкрыты ў лічаныя дні, як і ўсе астатнія спробы падмануць грамадства, кшталту цырку з баевікамі Вагнера. Аўдыторыя, якая яму паверыць, гэта ўсе тыя ж 15-20%. Астатнія толькі пасмяюцца. Яшчэ адзін выстрал сабе ў нагу.
Такім чынам, улада дапускае ў публічным полі адну памылку за іншай, толькі пагаршаючы ўласны стан. Чаму так адбываецца? Бо калі сістэма кіравання пабудавана не згодна з прынцыпам мерытакратыі, а згодна з максімальнай лаяльнасці да кіраўніцтва, то ў ёй запускаецца працэс адмоўнай селекцыі. Разумным станавіцца ў ёй некарысна, а глупым – вельмі так карысна. Гадамі ў нашых дзяржаўных структурах усе, хто хоць ледзь-ледзь мог мысліць самастойна, вымываліся, хто меў уласную думку – выціскаліся, хто быў ледзь-ледзь разумнейшым, чым “прыбліжаныя да цела” – выжываліся, каб не дапусціць канкурэнцыі. Галоўным чыннікам прасоўвання па службе з’яўляецца не асабістая кампетэнцыя, адукаванасць і здольнасць добра рабіць сваю працу, а наяўнасць ўплывовых сваякоў і здольнасць заваёўваць падабанне кіраўніцтва.
Гэты працэс закрануў усіх: і дзяржаўныя СМІ, і сілавікоў, і адміністрацыі. Нельга гадамі праводзіць адмоўную селекцыю, а потым разлічваць, што ў цябе ў камандзе будуць візіянеры і інтэлектуалы. Большасць кіраўнікоў дзяржаўных службаў сёння ніколі ў жыцці не прабілася б на свае пасады ў будзь-якой здаровай сістэме, бо ў сістэмах пабудаваных на эфектыўнасці цябе бяруць ў прэс-сакратары за справавыя якасці, а не за тое, што твая залвіца была ў саўне з прэзідэнтам.
У выніку расплатай за такую шматгадовую дэградацыю стала сітуацыя, калі ўлада замест таго, каб ратаваць сваё становішча, ад кожнага свайго дзеяння атрымлівае роўна супрацьлеглы эфект, закопваючы сябе яшчэ глыбей. Пазычым ёй у гэтым поспеху.