Увогуле, абсмоктваць словы мужчынаў у пінжаках, якія ўяўляюць сябе гаспадарамі жыцця праз тое, што іх часта паказваюць па тэлевізары, вышукваць у іх выказваннях, жэстах і позах схаваныя сэнсы і патаемныя намёкі я не вельмі люблю. На маю думку, гэты занятак запэўнівае мужчынаў у пінжаках у той думцы, што яны правяць светам і гісторыяй, што на самой рэчы не так.
Але ўсё ж момант патрабуе некалькіх заўвагаў наконт дапамогі Лукашэнку ад Пуціна ў 1,5 мільярды.
Ужо ўсе нашыя аналітыкі напісалі, што дадзеная сума мізэрная па мерках сённяшніх патрэбаў Лукашэнкі. 1,5 млрд – гэта грошы, якія Нацбанк траціць у месяц толькі на падтрымку валютнага курса (!). І, як правільна было заўважана, гэтыя паўтары мільярды пойдуць толькі на рэфінансавання цяперашняй пазыкі. Так што ніякай “раздачы пуцінскіх грошаў амапаўцам” не будзе. Гэта грошы на пазбег дэфолта. Дэфолт Беларусі Пуціну некарысны – хто б тут не быў прэзідэнтам.
Другі момант, на які мала звернулі ўвагу – гэта тое, што “сілавы рэзерв”, закліканы дэманстраваць падтрымку Лукашэнку, будзе адведзены [1] ад беларускіх межаў. Я б сказаў, гэта сімвалічна важны жэст, і наўрад ці ён адпавядае жаданню Лукашэнкі.
І яшчэ цікавы званочак: беглага з Беларусі ў РФ следчага Андрэя Астаповіча ФСБшнікі, фактычна, не перадалі [2] беларускім сілавікам.
Аднаго са збеглых у РФ, яшчэ да выбараў, удзельніка “Страны для жизни” (ён здаўся ФСБшнікам на мяжы) таксама не сталі выдаваць у Беларусь.
Выпадкі былі досыць беспрэцэдэнтнымі: раней супрацоўніцтва было безумоўным.
Пагэтаму вяртаемся да ўсё той жа парадыгмы: разбірацца з існымі праблемамі толькі нам самім. Нашыя нядзельныя маршы і штодзённая самаарганізацыя маюць куды большае значэнне для Беларусі, чым усе размовы вусатага з невусатым.
[1] – https://www.rbc.ru/politics/14/09/2020/5f5fb0f29a794706403f1142
[2] – https://reform.by/163692-bezhavshij-iz-belarusi-sledovatel-avtoritet-vseh-silovyh-struktur-unichtozhen