У сувязі з учорашней бандыцкай выхадкай карнікаў і шараговымі жорсткімі затрыманнямі людзі пачалі пісаць: “Закліч да стварэння дружынаў!” Заклікаць рабіць тое, у чым не ўдзельнічую сам, я наўрад ці маю маральнае права. Але праблему гвалту карнікаў патрэбна неяк вырашаць, і ў людзей відавочны попыт на гэтае вырашэнне.
У нашай сітуацыі ёсць некалькі вымярэнняў. Калі б праблема была толькі ў фізічнай сіле (пабіць быкоў на вуліцы), мы б хутка яе вырашылі. Гледзячы на ўчорашніх клоунаў з ГУБАЗіК, магу з абсалютнай упэўненасцю заявіць: 20 фанатаў з асновы МТЗ-РІПА раскаталі б іх за паўхвіліны (не дарма ж мянты з такой жорсткасцю расправіліся з футбольнымі хуласамі ў 2014-2015 гадох). І дручкі б гэтых гопнікаў не ўратавалі. Наколькі ведаю ад людзей, што ўдзельнічалі 9-11 ліках, практычна паўсюль, дзе ў карнікаў скончваліся светлашумавыя гранаты, яны адграбалі і збягалі нават ад неарганізаванага натоўпу.
Але праблема ў тым, што апрача быкоў з дручкамі, у карнікаў пакуль ёсць функцыйны следча-судовы апарат, мноства камераў па ўсіх гарадох, а таксама магчымасць з вялікай імавернасцю затрымліваць на вуліцы тых, каго яны хочуць. Гэта значыць, што ў выпадку арганізаванага сілавога супраціву, яны змогуць з часам вылічыць як мінімум частку людзей, якія ўчынілі гэты супраціў, і пасадзіць іх. Нагадаю, што сёння па артыкулах 293 і 364 КК РБ сядзяць пад следствам самае малае 120 чалавек. Калі карнікі змогуць выбіць з нашых шэрагаў яшчэ 100-200 самых смелых і рашучых, гэта, мякка кажучы, не найлепшым чынам скажацца на дынаміцы пратэстаў. Варта таксама разумець, што любая такая дружына, будзячы выведзенай на вуліцы ва ўсім сваім абмундзіраванні: шлемы, дручкі, накаленнікі, тут жа прыцягне ўвагу карнікаў і забяспечыць сабе затрыманне.
Мы маем справу з апаратам, які падрыхтаваны эскаляваць гвалт па-максімуму – ажно да забойстваў. “Прабіць” звычайны АМАП без экіпіроўкі магчыма. Цяжкіх са шчытамі – складаней, але таксама магчыма. Але што могуць масы пратэстоўцаў супрацьпаставіць гумавым кулям ці баявой зброі? Пакуль нічога. Хіба разлічваць, што не будзе аддадзены загад на іх прымяненне праз палітычныя рызыкі.
Калі ўзяць нядаўнія гістарычныя прыклады, калі грамадства адбірала ў дзяржавы функцыю забеспячэння бяспекі, то мы пабачым, што ва ўсіх выпадках гэта адбывалася, калі дзяржава слабела ці ўвогуле знікла. Падчас рэвалюцыі ў Сірыйскім Курдыстане курды скарысталіся баямі між FSA (Вольным сірыйскім войскам) і SAA (войскам АСАДА), вакуумам улады, каб узброіць сваіх хаўруснікаў, якія дагэтуль былі ў падполлі. Ва Украіне на пачатку 2014 году дзяржава пару месяцаў увоге знаходзілася ў паралічы: міліцыя не ездзіла на выклікі, таму стварыць дваравыя, квартальныя і гарадскія дружыны не сталася складаным. Апрача ўсяго, у кіяўлян 4 месяцы было бяспечнае месца – сам Майдан, дзе яны маглі спакойна арганізоўвацца і трэнавацца. У нас такіх прывілегіяў няма: дзяржаўны апарат, хоць і з перабоямі, але па-ранейшаму выконвае сваю карную функцыю.
Што магло б спрацаваць у такой сітуацыі? У нас ёсць два асноўныя козыры: лікавая перавага і прысутнасць. То ж бо то з аднаго боку, нас амаль заўжды болей, чым карнікаў, а з іншага – мы можам аператыўна сачыць за іх перамяшчэннем у рэальным часе, т.як нашыя вочы – увесь горад. А яны за намі – не. Развітая сістэма маніторынгу (сетка чатаў, спецыяльныя групы валанцёраў, інтэрактыўная мапа) і здольнасць спрытна збірацца ў адным месцы па сігнале, маглі б збянтэжыць карнікаў і моцна знізіць іхняю эфектыўнасць. Прыязджае бусік карнікаў на выклік: ім даклалі, што ў двары 20 чалавек. Пакуль яны прымаюць выклік і дабіраюцца да месца – там ужо 100 чалавек, і людзі працягваюць прыходзіць. Счэпка і зрыванне маскаў не дазволяць зусім пазбегнуць затрыманняў, але дазволяць зрабіць кожнае з іх максімальна доўгім і стрэсавым для карнікаў. І пры гэтым пазбегнуць простага гвалту, каб не падстаўляць сябе пад артыкул. Цяпер людзі такім чынам адбіваюць сваіх ужо амаль паўсюль. Учорашнія відэа з Віцебску і Гродна паказалі, што калі людзей шмат і яны арганізаваныя, шанцы на затрыманне зніжаюцца ў шматкроць. Узгадайце: у Мінску пацукі ўчора пачалі біць людзей у асноўным калі народ пачаў разыходзіцца.
Такім чынам, мы маем дылему: стварэнне дружынаў, якія будуць адказваць гвалтам на гвалт, справакуе эскалацыю, у якой мы можам і не перамагчы, і якая з большай верагоднасцю знізіць колькасць удзельнікаў пратэста (узгадаем, што найвялікшыя мітынгі збіраліся выключна ў мірным фармаце). Але і ігнараванне гвалту сілавікоў – таксама не варыянт; пратэст мусіць абараняць сябе.
Мне падаецца, што выхад можа быць знойдзеным праз практыку і пошук новых падыходаў. Выніковага рашэння я пакуль не маю. Але, можа быць, для пачатку варта хлопцам і дзяўчынам, каторыя жадаюць стварыць дружыны, запісацца ў спартовую залу? Да таго ж і аднадумцаў знойдзеце. Можа быць, на навамодных дваравых тусах варта, акрамя паядання пячэнак і танцаў (што, вядома, таксама трэба), пачынаць адпрацоўваць счэпкі і затрыманні? Не, гэта не падрыхтоўка да масавых беспарадкаў, а звычайная спартовая гульня ???? Можа быць, пара паказаць сябе тым сотням звольненых сілавікоў? Ці пачаць самім рыхтаваць людзей, якія падрыхтаваныя да заняткаў абароны нашых кварталаў (хаця б, для пачатку маніторынгам сілавікоў і каардынацыяй аператыўных сбораў) на прафесійнай аснове – у лік грамадства? Можа, варта пачынаць дэзактываваць відэакамеры, што выкарыстоўваюць карнікі для сачэння за людзьмі, а ў дадатак пазбаўляць іх доступа да дадзеных камер, якія таварыствы ўсталёўваюць у сваіх пад’ездах? Варыянтаў шмат, што з гэтага дасць эфект для нашай рэвалюцыі, пакажа толькі арганізаваная практыка.