Гістэрыка як дзяржаўная палітыка

Чым далей ад пачатку пратэстаў, тым болей размовы Лукашэнкі страчваюць звязнасць і лагічную паслядоўнасць. Хлусіў і маніпуляваў ён заўжды, але цяпер сэнс многіх ягоных выказванняў проста незразумелы, прамыя супярэчнасці – у двух сказах, хлусня дасягнула ступені стварэння альтэрнатыўнай рэчаіснасці. Гэта сведчанне разладу псіхікі, жыцця ў крайняй трывожнасці і страхе на працягу доўгага часу. У краіне ідуць пратэсты супраць ягонага нелігітымнага праўлення, а мы чуем пра лязг гусеніцаў у Польшчы, каардынацыйныя цэнтры ў ЗША і самалёты ў НАТО. Небяспечна ў дадзенай сітуацыі тое, што ён імкнецца накруціць ў той самы настрой і сваіх падначаленых, у першую чаргу сілавы блок.

У адказ на мірныя пратэсты міністр абароны Хрэнін пагражае грамадзянскай вайной [1], а сёння Міністэрства абароны і ўвогуле выпусціла заяву [2] аб тым, што, маўляў, праз акцыі з бчб-сцягамі войска бярэ “пад ахову” (ад каго ахова? Ад бяззбройных людзёў?) сакральныя мемарыялы Другой сусветнай вайны. Заява напісаная ў абсалютна гістэрычным тоне, капслокам, нібы пісала яго не сілавая структура дзяржавы ў цэнтры Еўропы, а дабеглы да інтэрнэта 14-гадовы школьнік. Абсалютна відавочна спроба стварыць і раздуць канфлікт на роўным месцы. Вось ужо 12 дзён пратэстоўцы вядуць сябе абсалютна мірна, ніхто не чапае гэтыя “свяшчэнныя” помнікі, нават калі да іх прыходзіць, ні ў кога няма і думкі штосьці там вандаліць. Але не, усё адно трэба пішчаць капслокам аб тым, што вы будзеце “мець справы з войскам” (што значыць “мець справы?” Аддадуць загад расстрэльваць на падыходзе да свяшчэннага кавалка камня?), яшчэ і наганяць срочнікаў з аўтаматамі ў атачэнне, загадзя напяліўшы на іх чорныя маскі, каб пратэстоўцы не разглядзелі дзіцячыя твары. Паўсюль праймае пагроза, правакацыя, раздуванне канфлікту там, дзе яго аб’ектыўна няма.

Ды й уражвае крывадушнасць Хрэніна: ці хопіць моцы ў пузатай марыянеткі прад’явіць тыя ж самыя прэтэнзіі, прыкладам, да кіраўніцтва Расіі, якое на ўсіх цырымоніях датычна ВАВ (у тым ліку на тэрыторыі Беларусі) карыстаецца ўласаўскімі трыкалорам? Цяўкаць на гістарычны сцяг беларусаў у яго смеласці хапае, але выкарыстанне такой жа самай “калабаранцкай” сімволікі найбліжэйшым саюзнікам ён ва ўпор не заўважае.

Міністр абароны маўчаў і хаваў, калі на вуліцах яго краіны сапраўдныя фашысты збівалі і забівалі людзей, але супраць бяззбройных беларусаў ён круты і смелы. Шкада, што мы не ведаем рэальных настрояў у войску і таго, як афіцэры і радавыя ставяцца да таго, што іх інтэнсіўна рыхтуюць да думкі страляць ва ўласных сваякоў, сяброў і суседзяў. Але па той інфармацыі, што маю я, падобны загад выконваць ніхто не будзе. Так, як бы сіпатая гістэрычка яе вясельныя генералы не надрываліся, будзьце спакойныя: мы пройдзем дэмакратычную трансфармацыю без грамадзянскай вайны.

[1] – https://ex-press.by/rubrics/obshhestvo/2020/08/21/minoborony-obyasnilo-slova-ministra-xrenina
[2] – https://t.me/belteanews/12204